Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка вызваліў Аляксандра Радзькова ад пасады памочніка прэзыдэнта па стане здароўя


Аляксандар Радзько

Аляксандар Радзько

Аляксандар Радзькоў нарадзіўся ў 1951 г. у вёсцы Вотня Быхаўскага раёну. Доктар пэдагагічных навук. У 2001–2003 гадах быў рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 2003–2010 гадах — міністрам адукацыі. З 2010-га — першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, а з 2014 году — памочнікам прэзыдэнта. Узначальвае рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь».

Найбольш заўважнай дзейнасьць Радзькова была, калі ён займаў пасаду міністра адукацыі. Гэта пры ім зачынілі Коласаўскі ліцэй, праводзілі шматлікія рэформы школы — перавод спачатку на 12-годку, а потым на 11-годку, пры ім выкладаньне гісторыі і геаграфіі Беларусі перавялі на расейскую мову.

Алесь Лагвінец пра Радзькова: «Гэта адзін з самых махровых прадстаўнікоў „русского мира“ ў Беларусі»

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Палітоляг Алесь Лагвінец мяркуе, што прычынай адстаўкі Аляксандра Радзькова сапраўды можа быць стан здароўя:

«Адносна ягонай ролі можна сказаць, што гэта адзін з самых махровых прадстаўнікоў „русского мира“ ў Беларусі. І, нягледзячы на сваё паходжаньне зь Беларусі, прасоўваў панславісцкую, савецкую такую ідэнтычнасьць, вельмі ляяльную да Лукашэнкі, зразумела. Гэта службіст, чаго ад яго можна было чакаць? Ён стараўся ўгадваць, чаго ад яго хоча Лукашэнка. Ну, а вялікага жаданьня палепшыць і сапраўды рэфармаваць адукацыйную сыстэму ў Беларусі ў яго, мне здаецца не было».

Уладзімер Колас пра Радзькова: «Такіх людзей проста выкарыстоўваюць, а потым ад іх пазбаўляюцца»

Уладзімер Колас

Уладзімер Колас

Дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас выказаў меркаваньне, што дзейнасьць Аляксандра Радзькова, асабліва на пасадзе міністра адукацыі, прайшла бясслаўна:

«У побытавым пляне, у пляне асабістых стасункаў гэта вельмі прыемны і прыстойны чалавек, як мне казалі. Ну, а што тычыцца ягонай дзейнасьці, то яна прайшла, мякка кажучы, бясслаўна, як дзейнасьць любога чалавека, які цалкам адмаўляецца ад уласнай думкі, ад уласных меркаваньняў, ад уласнай пазыцыі і робіць тое, што яму загадаюць. Ён ня быў самастойнай фігурай. То бок такіх людзей проста выкарыстоўваюць, а потым ад іх пазбаўляюцца. Вось такі лёс напаткаў і спадара Радзькова, які, паўтараю, і па сваіх інтэлектуальных, напэўна, і па маральных якасьцях быў варты нечага большага. Шкада, што і ягоны лёс, і лёс практычна ўсіх функцыянэраў, усёй намэнклятуры, у прынцыпе, аднолькавы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG