Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галадоўка ў Магілёве: «Мы хочам, каб нас пачулі»


Галадоўніцы. Першая зьлева — Натальля Машкоўская, побач зь ёй — Натальля Кастагладава ды Сьвятлана Бурак

Галадоўніцы. Першая зьлева — Натальля Машкоўская, побач зь ёй — Натальля Кастагладава ды Сьвятлана Бурак

У Магілёве другія суткі галадаюць пяцёра жыхароў. Яны пратэстуюць супраць перасяленьня з кватэр у інтэрнат і патрабуюць вярнуць ім старое жыльлё, альбо даць іншыя кватэры ў межах гораду. Пратэстоўцы паведамілі ўладзе пра галадоўку. Рэакцыі пакуль няма. Тым часам сёньня дзьвюм галадоўніцам стала кепска. Ім выклікалі хуткую дапамогу.

Галадоўнікі жывуць у інтэрнаце будаўнічага трэсту № 12. Насупраць — дом, зь якога іх адсялілі праз аварыйнасьць будынку. Ён у цэнтры гораду. Фасадам глядзіць на пешаходную вуліцу Ленінскую.

Трое зь пяці галадоўнікаў — Натальля Кастагладава, Сьвятлана Бурак ды Натальля Машкоўская — у інтэрнацкім пакоі апавядаюць сваю гісторыю з адсяленьнем. Спачатку гаспадыня Натальля Кастагладава паказвае ўмовы, у якіх жыве. Зьвяртае ўвагу на прагнілыя вокны, заклееныя некалькімі слаямі скотчу. На столі рудыя плямы ад вады. Кажа, што працякае дах.

Рудыя пляміны на столі

Рудыя пляміны на столі

Пасьля першых сутак галадоўкі жанчыны выглядаюць стомлена. Кажуць пра галаўны боль і слабасьць. Галадуючы, усе яны працягваюць працаваць. Свайму начальству на працы пра акцыю пратэсту пакуль не казалі.

«З 2009 году мы ўжо ня ведаем, што ёсьць нейкае іншае жыцьцё. Мы трапілі ў нейкую яміну і ня можам зь яе выбрацца», — кажуць жанчыны пра эпапэю свайго змаганьня.

«Калі што з намі здарыцца, будзем выклікаць хуткую дапамогу. Няхай яна фіксуе. Мы гатовыя, каб цяпер да нас прыйшлі і зрабілі аналізы, што мы насамрэч галадаем. Мы ж дарослыя людзі і разумеем, на што пайшлі».

«Мы страцілі ўсё, што бацькі нашы нажывалі, што мы нажывалі цягам сарака гадоў. Нас кармілі нейкімі казкамі, што дом паставяць на капітальны рамонт і будуць кватэры. Але прасьцей жа выкінуць — нашто нешта прапаноўваць. Нам наагул не было ніякіх прапановаў».

Фасад дому, у якім жылі галадоўнікі. Пафарбаваны. Вокны з цэлымі шыбкамі

Фасад дому, у якім жылі галадоўнікі. Пафарбаваны. Вокны з цэлымі шыбкамі

Каб адстаяць свае правы, заяўляюць жанчыны, ад 2009 году яны не адзін раз судзіліся, пісалі скаргі, хадзілі на прыём да абласнога начальства. Усё жыцьцё, кажуць суразмоўніцы, жылі ў кватэрах цяпер ужо адселенага дому, і нечакана высьветлілася, што гэты дом стаў інтэрнатам. Ніхто ніколі ім пра зьмену статуса жытла не паведамляў. Падчас перапіскі з чыноўнікамі і судовых цяжбаў стала вядома, што дакумэнты на дом згубіліся, а паперы жыльцоў «выклікаюць сумнеў».

«Нас выселілі на працягу дзьвюх гадзінаў. Прымусова, праз суд. У адзінаццаць гадзінаў у нас быў суд, а ў дзьве гадзіны ўжо машыны стаялі разам зь міліцыяй, з судовымі выканаўцамі», — згадваюць суразмоўніцы 2014 год, калі іх перасялілі ў інтэрнат.

Тыльны бок будынку. Шкло ў вокнах павыбіванае. Сьцены абшарпаныя

Тыльны бок будынку. Шкло ў вокнах павыбіванае. Сьцены абшарпаныя

«Дагэтуль у нас не падпісаныя дамовы на пражываньне ў інтэрнаце. Мы тут год жывём. Мы ня згодныя, і будаўнічы трэст чамусьці не падае на нас у суд, каб мы заключылі дамовы. Яны прапануюць нам на пяць год заключыць. Мы ў сваіх кватэрах пражывалі на падставе сваіх ордэраў, а яны хочуць — на пяць год. Сказалі, што цягам пяці гадоў вырашайце свае жыльлёвыя пытаньні».

Стары ордэр на кватэру. Яго выдалі бацьку адной з галадоўніц. У ім ні слова пра інтэрнат

Стары ордэр на кватэру. Яго выдалі бацьку адной з галадоўніц. У ім ні слова пра інтэрнат

«Калі мы былі маладыя, нас жа ня ставілі на чаргу, бо мы былі тады забясьпечаныя жыльлём. Тады гэты дом быў не інтэрнатам, а жылым домам. І ў даведках было пазначана — „дом з частковымі выгодамі“. Але на гэта ніхто ў судах не зьвяртаў увагі», — зазначаюць галадоўніцы.

«Што можна пра суд казаць, калі судзьдзя кінула мой ордэр, нават шпурнула, і заявіла, што я нікому і нідзе не дакажу! Мы нават скаргу на яе пазьней пісалі», — дадае Натальля Кастагладава.

У прапісцы таксама інтэрнат ня згадваецца

У прапісцы таксама інтэрнат ня згадваецца

Жанчыны запэўніваюць, што пасьля сустрэчы з старшынём аблвыканкаму (ім тады быў яшчэ Барыс Батура) прыйшоў ліст з гарантыямі, што жыльлём яны будуць забясьпечаныя:

«Будаўнічы трэст знаходзіць інвэстара, каб узьвесьці трыццацікватэрны жылы дом, і ў ім нам выдзеляць кватэры. І калі дом прызнаюць аварыйным, то нам выдзеляць таксама кватэры».

Галадоўніцы мяркуюць, што зь імі гэтак абыходзяцца, бо яны жылі ў доме, які мае дужа выгаднае месца ў горадзе:

«Ласы кавалак тут. Цэнтар гораду, — даводзіць Сьвятлана Бурак. — Перад першымі судамі наш дом наведвалі дужа незразумелыя людзі. Усё ў ім аглядалі. Што цікава, у 2009 годзе сталі ў суд падаваць менавіта на мяне найперш, бо ў мяне амаль усе вокны выходзілі на пешаходную Ленінскую вуліцу. Ісьці нам няма куды. Калі нас з інтэрнату выселяць, то мы апынёмся разам з тымі ж бамжамі».

«Нам пастаянна абяцалі, што во-во дом зьнясуць, ставяць на капітальны рамонт — вам дадуць кватэры. І гэтак цягнулася з году ў год. Неяк нават казалі, што на Новы год будзеце ў новых кватэрах, зьбірайце рэчы», — дадае яшчэ адна галадоўніца Натальля Кастагладава.

У адселеным доме жыло трынаццаць сямей — сем зь іх старажылы. Прадстаўнікі пяці сямей бяруць удзел у галадоўцы. Іхныя былыя кватэры атрымлівалі яшчэ бацькі. Прыватызаваць жыльлё, як кажуць суразмоўніцы, ім не дазвалялі. Як і паўсюль у старых кватэрах, у іх было прапісана больш за адну сям’ю.

Пра сваю галадоўку пратэстоўцы паведамілі ў гар- і аблвыканкам, а таксама ў адміністрацыю прэзыдэнта, Генэральную пракуратуру ды пракурору вобласьці.

«Канкрэтны тэрмін галадоўкі мы не вызначалі. Мы спадзяёмся, што дагрукаемся хоць да каго і нашу справу разгледзяць, не парушаючы нашых правоў. Цяпер яны адмахваюцца ад нас. Усе ўсьміхаюцца. Ім усім весела. Нам жа цяпер не да весялосьці. Ад 2009 году мы жывём са страхам, што можам апынуцца на вуліцы», — зазначаюць галадоўніцы.

Сёньня ўдзень у Натальлі Кастагладавай, якая мае язву, пачалася рвота. У Натальлі Машкоўскай, якая мае праблемы з сэрцам, падскочыў ціск. Ад шпіталізацыі Кастагладава адмовілася. Жанчыны заяўляюць, што працягваюць галадаць.

Што думаюць пра галадоўку жыльцоў інтэрнату ў будаўнічым трэсьце № 12, высьветліць не ўдалося. У прыёмнай папрасілі ператэлефанаваць праз гадзіну. Потым на званкі не адказвалі.

У гарвыканкаме тым часам устрымліваюцца ад камэнтароў. Адзін з супрацоўнікаў, які пажадаў застацца невядомым, паведаміў, што выканаўчая ўлада пакуль ня мае пэўнай пазыцыі адносна галадоўкі пяці жыхароў гораду. Адселены дом на вуліцы Ленінскай перададзены на балянс фонду “Магілёўаблмаёмасьць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG