Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яфім Фіштэйн у сваім блогу на сайце расейскай службы Радыё Свабода разважае пра праблему іміграцыі ў Эўропе.

Эўропу накрыў дзявяты вал нелегальнай іміграцыі. Чалавечае жыцьцё лічыцца прымальнай цаной за права на цяжкое жыцьцё ў Старым Сьвеце. Глядзець на афрыканскіх уцекачоў, якія выпаўзаць на эўрапейскі бераг, немагчыма бязь сьлёз, але сьлёзы пазбаўляюць зрок вастрыні. Паводле правілаў уцякач павінен прасіць прытулку там, дзе ўпершыню перасек межы Шэнгенскай зоны, але маленькая Мальта ўжо адмаўляецца прымаць нават тых, хто пацярпеў крушэньне паблізу яе берагоў. Італія і Грэцыя яшчэ бяруць, але бурчаць так гучна, што ўсім ясна — з гэтым трэба нешта рабіць. Толькі на італьянскім востраве Лямпэдуза высаджваецца ў сярэднім па 170 тысяч афрыканцаў за год. Зь іх каля сотні тысяч чалавек нават ня просяць прытулку і наогул па прыбыцьці не рэгіструюцца, а проста пераходзяць на нелегальнае становішча і неяк рассмоктваюцца па Эўропе, у асноўным уздоўж яе паўночных межаў.

Эўрапейская камісія з ініцыятывы свайго старшыні Клёда Юнкера прапанавала была расьсяліць для пачатку 20 тысяч уцекачоў па розных краінах ЭЗ і нават выпрацавала асаблівую формулу, якая ўлічвае розныя фактары: шчыльнасьць насельніцтва, эканамічныя паказчыкі, узровень беспрацоўя, дэмаграфічныя тэндэнцыі і іншыя паказчыкі. Амаль 20% уцекачоў па разнарадцы прыйшлося на Нямеччыну, парадку 14% — на Францыю, крыху менш — на Італію. Чэхіі выпала прыняць усяго каля 500 чалавек, на Славаччыну і таго менш — 3 сотні зь нечым. Здавалася б, у чым праблема? Але і Чэхія і Славаччына рашуча выступілі супраць прымусовага разьмеркаваньня. Гэтую пазыцыю падзяляе ўвесь усход ЭЗ, плюс Вялікабрытанія. Францыя таксама далучылася да крытыкаў брусэльскай прапановы.

Фішка ў тым, што пошук унівэрсальнага ключа да пераразьмеркаваньня афрыканскіх уцекачоў паміж чальцамі ЭЗ моцна падобны да спробаў вылічэньня квадратуры кола. Усе велічыні раўнаньня пераменныя, акрамя хіба што тэрыторыі краінаў. А вялікае перасяленьне народаў з Афрыкі ў Эўропу — зьява сталая, якая толькі набірае сілу. У праблемы ня можа быць матэматычнага рашэньня, толькі філязофскае. Доўгатэрміновай стратэгіі, заснаванай на філязофіі іміграцыі, якая б падзялялася ўсімі, ў Эўропы няма, і яе не прадбачыцца.

Гаворка, вядома, не пра тое, што з прыроджанага эгаізму некаторыя баяцца пусьціць у дом чужынцаў. У той самай Чэхіі ёсьць досьвед прыёму на сваёй тэрыторыі сотняў тысячаў уцекачоў, хоць з пасьлярэвалюцыйнай Саўдэпіі, хоць з нацысцкай Нямеччыны. Ужо ў другім пакаленьні нашчадкі гэтых людзей не адрозьніваліся ад старажылаў і актыўна ўключаліся ў грамадзкае і іншае жыцьцё. Справа нават ня ў тым, што, у адрозьненьне ад ранейшых пагарэльцаў, сёньня прыходзяць людзі без дакумэнтаў, без адукацыі, бязь веданьня моваў, бяз навыкаў і, галоўнае, без гатовасьці прыняць мясцовыя норавы. Падступнасьць нявіннай задумы ў тым, што аднойчы зацьверджаны разьмеркавальны ключ наступны раз будзе ўжыты ўжо чыста машынальна, па інэрцыі — і будзе ўжывацца да тых часоў, пакуль ня знойдзецца іншае рашэньне, А яно, хутчэй за ўсё, ня знойдзецца ніколі, бо яго ніхто і не шукае.

Такім чынам, чырвоная лямпачка гарыць, сыгнал трывогі гучыць, але спрэчкі вядуцца млява і не па сутнасьці. На баку павальнага завозу новых эўрапейцаў — эканамічныя і дэмаграфічныя чыньнікі. Мужчыны ў эўрапейскіх шыротах страчваюць пладавітасьць, а жанчыны адмаўляюцца нараджаць. Да сярэдзіны стагодзьдзя народанасельніцтва кантынэнту нібыта значна скароціцца, і гэта параўнальна хіба што з эпідэміяй бубоннай чумы падчас Трыццацігадовай вайны. А працаваць хто будзе? Але дазвольце, дзе сказана, што людзей павінна быць больш ці хаця б ня менш, чым цяпер? Хто даказаў, што эканамічны прырост — адзіная форма існаваньня грамадзтва? Дый ці будуць да сёмага поту працаваць тыя, хто вырас ва ўмовах вечнай разрухі, якая, паводле трапнага выразу Булгакава, узьнікае ў галовах, а не спараджаецца абставінамі? Ці ня лепш паспрабаваць нараджаць самім — справа гэта ня толькі дадзеная Богам, але і не пазбаўленая прыемнасьці?

Досьвед апошніх 50 гадоў паказвае, што ў краінах, якія прымаюць магутныя перасяленчыя патокі з афрыканскай поўначы, падвышаецца беспрацоўе, а разам зь ёй і сацыяльнае напружаньне. Сапраўдныя цяжкавырашальныя праблемы ўзьнікаюць нават ня зь першым, а з другім і трэцім пакаленьнем перасяленцаў — іншымі словамі, у Эўропы ўсё яшчэ наперадзе. Але ці дакладна, што аксіёма аб праве на лепшае жыцьцё не патрабуе доказаў, і што любы народ, які зь нейкай прычыны пацярпеў няўдачу ў дзяржаўным будаўніцтве ў сябе дома, аўтаматычна атрымлівае права на шчасьце ў іншым месцы? Ці не прыносіць прынцып унівэрсальнай і безасабовай ураўняльнай салідарнасьці ў выніку больш шкоды, чым карысьці? Чым больш салідарная Эўропа, тым даўжэйшая ля яе дзьвярэй чарга шукальнікаў лепшага жыцьця, тым большыя тэрыторыі «няспраўджаных дзяржаваў», якія лягчэй пакінуць, чым добраўпарадкаваць.

Сьлёзы і крыкі з нагоды таго, што ля эўрапейскіх берагоў гінуць невінаватыя людзі, рацыянальнага рашэньня не набліжаюць. Тую самую Лямпэдузу аддзяляе ад афрыканскіх берагоў 150 марскіх міляў. Там, за блізкім гарызонтам, пачынаюцца сапраўдныя жахі, якія забіраюць значна больш чалавечых жыцьцяў, чым крушэньне лодкі кантрабандыстаў. Братазабойчая разьня ў глыбіні «чорнага кантынэнту» эўрапейскай сьвядомасьцю наагул не рэгіструецца, у лепшым выпадку ў выглядзе газэтных загалоўкаў. Гэта робіць узорную эўрапейскую сумленнасьць паняцьцем адносным, якая працуе паводле прынцыпу «з вачэй далоў — з сэрца прэч». Калі так шкада птушачкі, чаму б не адкрыць проста ў сэрцы Афрыкі асаблівыя цэнтры па вярбоўцы і дастаўцы перасяленцаў на кантынэнт, дзе і разьмяркоўваць іх па краінах з выкарыстаньнем выпрацаванага цяпер ключа? Гэта, зразумела, з вобласьці ненавуковай фантастыкі — значна прасьцей правакаваць небарак тым, што тыя зь іх, хто па дарозе ў вадзе не патоне, у агні не згарыць і дабярэцца да запаветных шэнгенскіх межаў, ня будуць разьвернутыя ў зваротным кірунку.

Асаблівасьць міграцыйнай палітыкі ў тым, што ёй даводзіцца мець справу з такой складанай і цяжкавызначальнай зьявай, як культура, традыцыі і ідэнтычнасьць народаў. Перасяленства — скрыжаваньне дзьвюх розных палітычных сэмантык: той, дзе вяршэнствуюць гаспадарчыя і сацыяльныя функцыі, і той, што грунтуецца на культуры, нацыянальнай самабытнасьці і традыцыях. Разумная міграцыйная палітыка павінна браць пад увагу ня толькі эканамічныя або дэмаграфічныя інтарэсы, але і тое, што называецца «культурнай сытуацыяй».

Няздольнасьць цяперашняга кіраўніцтва Эўразьвязу даць больш-менш дакладнае вызначэньне культурнай сытуацыі Старога Сьвету і спробы замяніць яго такімі сурагатамі, як разьмеркавальны ключ, сьведчаць пра фатальную бездапаможнасьць. У выніку тое, што адбываецца, ужо ўспрымаецца эўрапейцамі як «калянізацыя наадварот». Прыкладаў вялікае мноства. Нямеччыну празвалі «краінай дзьвюх тысяч мячэцяў». Многія гарадзкія кварталы, накшталт бэрлінскага Кройцбэргу, выглядаюць як запаведнікі Асманскай імпэрыі. Парыскі квартал Гут-д’Ор («Залатая кропля») мясцовыя жыхары даўно перайменавалі ў Малую Афрыку, яго засяляюць пераважна выхадцы з Альжыру, Сэнэгалу і Конга. У 13-м раёне Парыжу разьбілі табар кітайцы, ля Ўсходняга вакзалу — пакістанцы, туркі і бангладэшцы. Аб партовым горадзе Марсэлі лепш прамаўчаць: калі француская зборная гуляе супраць каманды Альжыру, пры гуках «Марсэльезы» ўвесь стадыён заглушае нацыянальны гімн магутным сьвістам.

Сучасныя аўтары ў сваіх прагнозах усё радзей пішуць з аглядкай на законы паліткарэктнасьці. Адзін з самых глыбокіх амэрыканскіх палітолягаў Марк Стэйн у кнізе «Самотная Амэрыка: канец сьвету, які мы ведалі» прыходзіць да несуцяшальнай высновы: Эўропа скончылася, яна ўжо ня больш чым успамін пра мінулае. Так званая дзяржава ўсеагульнага дабрабыту, якая склалася ў пасьляваенны пэрыяд, прывяла да паступовай інфантылізацыі эўрапейцаў — яны перасталі ўспрымаць жыцьцёвы посьпех як вынік уласнай актыўнасьці. Перасталі біць хвастом. Прынялі на веру ідэйку аб тым, што права кожнага на асабістае шчасьце надзейней за ўсё забясьпечвае апякунская дзяржава. Мужчыны перасталі разумець слова «мужнасьць», жанчыны забыліся, чым адрозьніваюцца ад мужчынаў. Эўрапейскія эліты замест выпрацоўкі яснай пазыцыі па пытаньні масавай іміграцыі аддавалі перавагу плыцьцю за вадою — сардэчна запрашаем! У выніку «галоўным пастаўшчыком новых эўрапейцаў стаў іслам ... На руінах Эўропы імкліва ўзьнікае новая цывілізацыя — Эўрабія». Значная частка заходняга сьвету, мяркуе Марк Стэйн, «не перажыве XXI стагодзьдзе, і многія дзяржавы, у тым ліку большасьць эўрапейскіх, зьнікнуць яшчэ пры нашым жыцьці». Застаецца спадзявацца, што мысьляр ня мае рацыі, але надзеі, як вядома, сілкуюць юнакоў.

Яшчэ ў 1972 годзе вэтэран францускай літаратуры Жан Распай напісаў раман «Лягер сьвятош». Нешта накшталт чорнай хронікі нашых дзён: уварваньне роспачных масаў жыхароў «трэцяга сьвету» ў Эўропу. Няцяжка адгадаць, што Стары Сьвет, паралізаваны сваёй псэўдасэнтымэнтальнай, ханжаскай і дэматывуючай ідэалёгіяй самаразбурэньня, вінаваты ва ўсіх мажлівых і немажлівых крыўдах гэтага сьвету, няздольны нічога супрацьпаставіць нашэсьцю. Вось жа і папа рымскі заклікае сваіх авечак ісьці пад нож пакорліва і без душэўнай мітусьні, дарма ня тузаючыся, бо залішнія рухі цела толькі ўзмацняюць пакуты таго, хто памірае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG