Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў Нью-Ёрку купіць беларускіх дранікаў і што думаюць пра Лукашэнку на Брайтан-Біч


У пераважна «рускім раёне» Нью-Ёрку багата і беларусаў, якія зрабілі бізнэс на беларускіх драніках і згушчанцы.

Брайтан-Біч – раён Нью-Ёрку каля самага Атлянтычнага акіяну, – атрымаў вядомасьць дзякуючы імігрантам з былога СССР, якія жывуць там дагэтуль кампактна.

Тут можна і не заўважыць, што жывеш у Амэрыцы: практычна ўсе размаўляюць па-расейску, у рэстаранах – бліны з ікрой ці селядцы пад шубай, а на вуліцы ў найлепшых савецкіх традыцыях гандлююць піражкамі з бульбай.

На рэклямных банэрах пераважна на расейскай мове прапаноўваюць дапамогу ў атрыманьні дакумэнтаў, на крамах з таварамі з краінаў былога СССР – савецкі серп і молат, а празорца Мадам Бэла «падніме» бізнэс і вылечыць дэпрэсію.

Дранікі, згушчанка, селядцы «Маціяс» і цукеркі «Спартак»

Усе гэтыя характэрна беларускія прадукты можна знайсьці і ў Нью-Ёрку. На Брайтан-Біч ёсьць свой беларускі гастраном з чаканай назваю „Беларусь» і, што ўжо менш чакана, афіцыйным гербам замест лягатыпу. Крама да таго ж працуе круглыя суткі. Уваходжу: дранікі – $3,99, беларускія цукеркі – $30. Думаю паразмаўляць з працаўніцамі ў краме – яны абедзьве ўкраінкі, паміж сабой размаўляюць па-ўкраінску, але прапаноўваюць зьвярнуцца да ўладальніка.

Гаспадар крамы прыходзіць проста з кухні – тлумачыць, што кухар сёньня захварэў, таму ён гатуе сам. З гэтай прычыны гаспадар катэгарычна адмовіўся фатаграфавацца. Сядаем у памяшканьні, дзе – як пазьней высьвятляецца – ягоная жонка вядзе бухгальтэрыю. На стале – «Камсамольская праўда ў Амэрыцы».

69-гадовы Сямён Кац адчыніў краму 15 гадоў таму, бо, як тлумачыць, «жыць жа неяк трэба». Сам ён зь Менску, у Амэрыку пераехаў праз год, як Беларусь стала незалежнаю. Пытаюся, чым Сямён прываблівае пакупнікоў.

«У нас жа international крама, на розную публіку арыентаваная. Дранікі, мачанка, каўбаса пальцам піханая – усё сам раблю. Тутэйшыя, амэрыканцы набываюць, пажылыя і ня толькі, прыяжджаюць зь іншых раёнаў, адэсітаў шмат, украінцаў. Прывозім згушчанку, сокі бярозавыя былі, рыба «Санта-Брэмар» зь Берасьця. Я ведаю дырэктара заводу – гаспадара гэтай фірмы. З Горадні ёсьць саленьні. Ёсьць кандытарскія вырабы – «Камунарка», «Спартак», «Слодыч». Малочка была – «Малочны мір», падаецца, яшчэ «Брэст-Літоўск». Тварог быў. Цяпер квас прывезьлі з-пад Магілёва».

Уладальнік крамы кажа, што яму няма патрэбы цяпер самому завозіць тавары зь Беларусі, бо гэты бізнэс тут ужо наладжаны. Паводле Сямёна, «беларускія прадукты някепскія», таму яны тут карыстаюцца попытам. У яго была нават другая крама, але мусіў яе прадаць, бо ў Амэрыцы вялікая канкурэнцыя і ўжо не было сілаў гэтым займацца.

У Беларусі Сямён быў намесьнікам дырэктара саўгаса, займаўся эканамічнымі справамі на машынабудаўнічым прадпрыемстве ў Менску. У Беларусь езьдзіць штогод.

«Уражаньні добрыя. Краіна разьвіваецца, гарады будуюцца, а людзі – вы самі ведаеце, як жывуць. Галодныя не валяюцца. Лукашэнка ня даў разбазарыць прамысловасьць Беларусі – у прыватную ўласнасьць не аддаў. Цяпер завод хоць і тры дні ў тыдзень, але дыхае неяк. Я лічу, што на ўзроўні былых сацыялістычных краінаў Беларусь ня самая кепская краіна – парадак, дысцыпліна, злачыннасьць меншая. Таму што ўлады такія – Лукашэнка трымае ўсіх у дысцыпліне».

Пытаюся, добра гэта ці дрэнна – Сямён нечакана пераходзіць да тэмы Ўкраіны.

«Рускі, беларускі народ любіць палку. Далі свабоду – і што ў выніку? Бядуе ўкраінскі народ».

Але ў «добраахвотнікаў-апалчэнцаў» у Данбасе Сямён ня верыць і лічыць, што на баку сэпаратыстаў – адборныя войскі і тэхніка. Тэму далей просіць не разьвіваць, бо ня хоча ўмешвацца ў палітыку.

«Беларусь без Лукашэнкі разваліцца»

Найвялікшы расейскі супэрмаркет на Брайтане – зусім побач з крамай Сямёна Каца. Тут таксама шмат тавараў з краінаў былога СССР, у тым ліку зь Беларусі – для гастранома нашага суайчыньніка гэта вялікая канкурэнцыя. Знаходжу бярозавік, тую ж згушчанку, ёсьць маркі «Спартак», «Слодыч». У краме працаўнік з Грузіі кажа, што тут вельмі любяць беларускія тавары, і прыводзіць да беларуса, які тут працуе.

Дзянісу Дуплію – 20. Апошні год жыве ў Нью-Ёрку. Прыехаў сюды да бацькоў. Кажа, што пакуль вывучае ангельскую на моўных курсах, таму ў краме працуе на палову стаўкі. Пазьней хоча стаць праграмістам і спадзяецца працаваць у Apple. Жыцьцё ў Амэрыцы Дзянісу падабаецца, але мэнталітэт мясцовы – ня вельмі. Кажа, што тут усе працуюць і ня маюць вольнага часу.

У краме кантактуе ў асноўным з украінцамі і расейцамі. Кажа, што абодва народы цяпер ненавідзяць адзін аднаго, але ён ставіцца да ўкраінскіх падзеяў нэўтральна. У Беларусі ж такі сцэнар немагчымы, лічыць Дзяніс.

«У нас на галоўнай пасадзе Лукашэнка, і ён не дапусьціць гэтага. Калі яго хтосьці мусіць замяніць, то не ў бліжэйшыя 5 гадоў, бо я ня бачу пакуль канкурэнцыі для яго. Лукашэнка трымае краіну. Калі яго замяніць цяпер, то яна разваліцца».

На Брайтане гатовыя выйсьці ў падтрымку Ўкраіны

Сустракаю на вуліцы жанчын, якія выйшлі пакурыць. Размаўляюць па-расейску. Адказаць на мае пытаньні пагаджаецца толькі адна. 49-гадовая Ліля таксама зь Менску. Распавядае, што ў ЗША пераехала 22 гады таму. У Амэрыцы займаецца мэдычным білінгам. Расейскае тэлебачаньне тут Ліля любіць глядзець, але навінам ня верыць і лічыць іх «прамываньнем мазгоў». Кажа, што тут усе абмяркоўваюць падзеі ва Ўкраіне. Яна сама, як і ўсе ейныя знаёмыя, ахвотна выйдуць на мітынг у падтрымку Ўкраіны. За беларускімі падзеямі Ліля амаль ня сочыць, але сваякі зь Беларусі распавядаюць, што жыцьцём задаволеныя.

«Сваякі маёй маці – ім па 70 гадоў. Яны лічаць, што Лукашэнка – the best. Кажуць, што няма crime’u, чысьціня, уначы можна гуляць, заробак не затрымліваюць. Але мы заўсёды былі настроены супраць і ня лічым, што адзін чалавек можа кіраваць пажыцьцёва».

Украінка Юлія, якая працуе ў гэтай жа кампаніі, дадае, што лічыць Лукашэнку саюзьнікам Пуціна, а ў Беларусі ня ўсё так добра, як паказваюць па тэлебачаньні.

Пытаюся, ці сустракалася яна тут з украінцамі, якія падтрымліваюць акупацыю Крыму і сэпаратыстаў у Данбасе. Юлія адказвае, што думкі сярод расейскамоўных на Брайтане падзяліліся.

Зрэшты, тых, хто падтрымлівае Пуціна, я тут пакуль не сустрэла.

«Георгіеўскіх стужак і радыкальнай літаратуры ў нас няма»

Заходжу ў кнігарню Saint-Petersburg – яе мне параілі як самую вялікую расейскую кніжную краму на Брайтан-Біч. На вітрыне – матрошкі і вышыванка. Выбар усярэдзіне выходзіць далёка па-за звыклы асартымэнт кнігарні: ад кубкаў з надпісам “СССР”, дыскаў Кабзона – да традыцыйных украінскіх ручнікоў. Шукаю якой літаратуры пра Наваросію, але мне кажуць, што такога ў іх няма. Георгіеўскія стужкі, дарэчы, таксама не прадаюць – як тлумачыць мне працаўнік кнігарні Віктар, які прыехаў сюды з Малдовы, тут адмовіліся ад усіх радыкальных рэчаў, якія могуць выклікаць канфлікт. Пасьля кароткага пошуку самай радыкальнай кнігай, на мой погляд, выявіўся маніфэст расейскай зоркі «Што? Дзе? Калі?» і «Сваёй гульні» Анатоля Васэрмана, у якім ён тлумачыць, што «ўзьяднаньне Ўкраіны і Расеі – гэта жыцьцёвая неабходнасьць».

На сьцяне бачу расейскі трыкалёр і афіцыйны сьцяг РБ. Пытаюся, чаму ўкраінскага нідзе няма. Віктар кажа, што раскупілі.

Чырвона-зялёны, даведваюся пазьней, прынамсі за апошнія чатыры месяцы не купіў ніхто.

«Лукашэнка – паўфашыст!»

72-гадовага Яўгена Аляксандравіча сустракаю ў парку. Ён ці то чытаў, ці то разгадваў крыжаванкі. Распавядае, што пераехаў сюды 20 гадоў таму з Харкава. Да пераезду быў музыкам – «граў на барабанах, сьпяваў, па Саюзе езьдзіў». У ЗША займаўся рамонтнымі працамі, цяпер пэнсіянэр.

Ахвотна разважае пра вайну ва Ўкраіне і анэксію Крыму.

«Крым заваяваны быў Расеяй, асвоены. А нейкі лысы – даруйце, прыдурак! – Хрушчоў узяў і падарыў Крым, быццам гэта цукерка ці яшчэ нешта дробнае. Што да вайны ва Ўкраіне, то я асабліва ня веру, бо тут на Пуціна льюць усё, што можна. Пуцін, зразумела, былы кадэбіст, але ён штосьці рабіў і робіць. USA лічаць найлепшымі ў сьвеце – і Пуцін думае, што я ім пакажу, што мы таксама ня лыкам шытыя».

Яўген Аляксандравіч папрасіў не рабіць фота яго твару

Яўген Аляксандравіч папрасіў не рабіць фота яго твару

Абаму ён недалюблівае, бо той «міма крыху дае» – гэтак Яўген Аляксандравіч акрэсьлівае палітыку амэрыканскага прэзыдэнта і распачатую ім мэдычную рэформу. Кажа, што цяпер у Амэрыцы ўзровень жыцьця стаў ніжэйшы: «раней на Брайтан прыяжджалі нават з Мангэтану на шопінг, а цяпер усё неяк ціха стала».

Кажу, што ў Расеі таксама мноства праблемаў. «А дзе іх няма?» – чую ў адказ.

– Можа, у Беларусі няма? – пытаюся хутчэй жартам.

Яўген Аляксандравіч сьмяецца і кажа:

– Папа, Лукашэнка... Паўфашыст! Ён жа ўсіх, хто быў супраць яго, пасадзіў, забіў, людзі зьніклі, апазыцыя. Паспрабуйце там супраць яго выступіць!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG