Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 траўня ў дзень нараджэньня Радыё Свабода вам адказвае Аляксандар Лукашук. Аўтары трох найлепшых пытаньняў атрымаюць падарункі Свабоды.

20 траўня 1954 году Радыё Свабода (Вызваленьне) упершыню выйшла ў эфір. Сёньня гэта мультымэдыйная кампанія, якая працуе на радыё- і інтэрнэт-плятформах, зьяўляецца лідэрам у сваім сэгмэнце сацыяльных сетак, мае тэлевізійную перадачу на Белсаце, выдае кнігі ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Беларуская служба — ляўрэат найвышэйшай узнагароды замежнага вяшчаньня ЗША «Прыз Дэвіда Бэрка за выдатную журналістыку» і мноства прафэсійных узнагародаў.

Адказы на пытаньні

Імя:: Іван Горад:: Мінск-Варшава

19.05.2015 13:11
Чуў, што вы хочаце перайсці на рускую мову. Настойліва заклікаю гэтага не рабіць ні ў якім разе. Асабліва цяпер, калі з'явілася прамая пагроза ад усходняга суседу

З Богам!
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:25
Дзякуй, сп. Іван, за пытаньне і параду. Я бачу, што такія пытаньні ў розных формах сустракаюцца і далей, але вось якраз у кабінэт зайшоў галоўны рэдактар Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа Нэнад Пэіч, і я папрасіў яго адказаць на гэтае пытаньне.

Вось што ён кажа:

«Мы будзем працягваць вяшчаньне па-беларуску, гэта вельмі важна для РС/РСЭ. Калі ёсьць зацікаўленьне мець яшчэ нешта па-руску — чаму не. Але, паўтаруся, беларускі кантэнт застаецца вельмі важным».

Дадам, што беларуская служба будзе працаваць па-беларуску, не ігнаруючы суразмоўцаў, камэнтатараў толькі таму, што яны выказваюць свае думку па-руску.
Імя:: Барыс
19.05.2015 14:03
Спадар Аляксандр, адкажыце, калі ласка, чаму некаторыя карэспандэнты Свабоды ў Празе і Менску маюць афіцыйныя кантракты, медычную страхоўку і гарантаваную пенсію, а іншыя - вымушаныя працаваць на птушыных правах?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:26
Паважаны Барыс і іншыя аўтары пытаньняў, якія тычацца ўнутраных умоваў працы РС/РСЭ (некаторыя насілі недарэчна пэрсаніфікаваны характар, і паводле правілаў форуму, не маглі быць апублікаваны): РС/РСЭ — прыватная карпарацыя, і паводле нашых правілаў, мы не камэнтуем падобныя пытаньні.
Імя:: 998
19.05.2015 14:05
U aposhnija hady Svaboda usio bolsh i bols pisha pra geyau, pra klimat i usiakuju iunshuyu fignu. A usio mensh-mensh na nacyjanalnuju prablematyku, u adroznenne ad toj zha nashaj novy. Heta palitika redakcyi? Ci planujyece vy geta nejak zmianic
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:28
Мяркуючы па тым, што згаданую вамі тэматыку вы лічыце «фігнёй», замала пішам. Я ня раз ужо адказваў на падобныя пытаньні, гляньце тут - http://www.svaboda.org/content/article/24582614.html
Прачытайце блог Сяргея Дубаўца «Я-гей» - http://www.svaboda.org/content/article/26541449.html
Імя:: Мікалай
19.05.2015 14:06
Спадар Аляксандр, чаму пры ўсіх магчымасцях вашага бюджэту Свабода застаецца такой анахранічнай? Наша Ніва ж, маючы значна меншыя грошы, непараўнальна нарасціла інтэрнэт-аўдыторыю за апошнія гады..
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:31
Дзякуй за пытаньне, я таксама высока ацэньваю таленавітую працу калег у Нашай Ніве і ня толькі і часам зайздрошчу. Гэта сапраўды так. Спадзяюся, і вы пагодзіцеся, паважаны Мікола, што рэальнасьць трохі больш складаная. Я ня думаю, што карэктна называць анахранізмам, напрыклад, нашу працу на перадавой лініі сусьветнай журналістыкі — у сацыяльных сетках. У беларускім сэгмэнце Фэйсбуку Свабода — нумар адзін ня толькі сярод СМІ, але сярод усіх брэндаў. Гэта тычыцца і нашай актыўнасьці і аўдыторыі на Твітэры, YouTube. Але справа ня толькі ў лічбах. Самыя папулярныя ў сьвеце — порнасайты. Калі ўзяць спартовую мэтафару, Свабода па вызначэньні — мнагаборац, бо мы спаборнічаем за ўвагу аўдыторыі і на радыёхвалях, і ў тэледыяпазоне, і на кніжных паліцах, і на сайце, і ў сетках. Таксама важна памятаць, што Свабода — не агрэгатар, а вытворца сваёй якаснай прадукцыі, навінаў, рэпартажаў, аналітыкі, відэа і г. д., якую ахвотна выкарыстоўваюць калегі — 600-700 перадрукаў за месяц. І на здароўе, хоць мы ведаем, што чытачы, як правіла, не зьвяртаюць ніякай увагі на аўтарства і крыніцу матэрыялаў.
Імя:: олга
19.05.2015 14:11
Ці праўда, што амерыканскі ўрад дзеля барацьбы з рускай прапагандай пераводзіць нацыянальныя рэдакцыі на русскую мову? Калі так, ці мае гэта сэнс?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:32
Нацыянальныя рэдакцыі працягваюць працаваць на нацыянальных мовах. Супрацьстаяць адной прапагандзе другой прапагандай бессэнсоўна. Трэба прафэсійна інфармаваць, аналізаваць, ангажаваць аўдыторыю, а не хлусіць і маніпуляваць. Аднак рэзкае павелічэньне расейскай прапагандысцкай машыны і яе апэрацыяў выклікае занепакоенасьць, і амэрыканскі Кангрэс разглядае меры ў адказ, у тым ліку гэта і павелічэньне рэсурсаў на журналісцкую працу, інфраструктуру, навучаньне. Некаторыя нашы рэдакцыі маюць рускамоўныя вэрсіі сваіх сайтаў, старонкі ў сацыяльных сетках, гэта можа павялічыцца.
Імя:: Петр Іванавіч Чуйко
19.05.2015 14:12
Усё, што робіць Лукашэнка, нават калі гэта на карысьць дзяржаве, для вас дрэнна. Што вы так абараняце, напрыклад, дармаедаў?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:35
Ведаеце, ёсьць некалькі магчымых адказаў на вашае пытаньне. Адзін: задача прэсы ў любой краіне заўсёды трымаць улады падсправаздачнымі грамадзтву, асьвятляць цёмныя куткі. Другі: цэнтральная місія Свабоды — тэмы дэмакратыі, правоў чалавека, свабода слова. Пакуль у Беларусі ёсьць хоць адзін палітвязень, гэта будзе ўплываць на выбар ракурсу, суразмоўцаў, адрасоў. Можна даць і трэці, і чацьвёрты рацыянальныя адказы, але, баюся, тут справа ня ў гэтым. Справа, па-мойму, у маральнай глухаце і інтэлектуальнай сьлепаце формулы «ня ўсё толькі дрэннае было пры Чынгісхане...» Бо гэтая формула насамрэч азначае дзьве рэчы, ці, дакладней, дзьве часткі адной: спробу апраўдаць тое, чаму ня можа быць ні дараваньня ні апраўданьня, і — гэта самае галоўнае — не дзеля нейкай гістарычнай аб’ектыўнасьці, а дзеля сваіх інтарэсаў сёньня і заўтра. Падумайце самі, што гэта за інтарэсы, калі для іх ажыцьцяўленьня патрабуецца «эфэктыўны мэнэджэр Сталін».
Імя:: электарат
19.05.2015 14:15
Што вы думаеце пра апазыцыю і прэзыдэнцкія выбары? Каго б вы падтрымалі?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:37
Вы ж ведаеце, напэўна, што мы як СМІ нікога падтрымліваць ня маем права. Апазыцыя ў паліцэйскай дзяржаве — заўсёды зьява перш за ўсё дысыдэнцкая, факт маральнага супраціву. Увогуле, пра беларускую дэмакратычную апазыцыю — а гэта неаднародная рэч — можна сказаць клясычнай фразай: робіць менш чым трэба, але больш чым можна. Грамадзтва проста знаходзіцца нашмат ніжэй і ня ў стане ацаніць, напрыклад, подзьвіг Міколы Статкевіча — так было і за савецкім часам, калі подзьвіг акадэміка Сахарава выклікаў рэакцыю «чаго яму яшчэ не хапае».
Пра сапраўдныя выбары ў Беларусі гаварыць не выпадае, але вось самі выбарчыя кампаніі могуць быць цікавыя, і праца для журналістаў там ёсьць. Перамены ў краіне ўсё адно адбудуцца, неабавязкова падчас выбараў, і выбарчыя кампаніі пашыраюць такую магчымасьць.
Імя:: Іна Горад:: Баранавічы
19.05.2015 14:19
Паважаны спадар Аляксандар, страюся не прапусьціць ніводнай прэзэнтацыі кніг «Бібліятэкі Свабоды», апошні раз была на сустрэчы з вамі, калі вы прадстаўлялі свой «Дзесяты паверх». У мяне два пытаньні. Першае – што ўсё ж такі азначае гэтая назва? Нідзе ў кнізе адказу я не знайшла. Другое – якія новыя кнігі выйдуць сёлета і калі?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:39
Неўзабаве пабачыць сьвет кніга Сяргея Абламейкі «Мой Картаген» — збор культуралягічных, філязофскіх, гістарычных эсэ пар беларускую ідэю і яе сёньняшні стан. Асобны разьдзел прысьвечаны гістарычнай спадчыне Менску і называецца «Сьмерць архітэктара» — але хоць гэта крымінальная гісторыя, аднак не дэтэктыў. Сачыце за абвесткамі, прэзэнтацыю плянуем на чэрвень.

Ужо надрукаваная на сайце асноўная частка кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты», працяг яго палітычнай хронікі незалежнасьці. Зараз ён дапрацоўвае кнігу, зьявіцца яна недзе восеньню.

Пра назву «Дзясяты паверх» — ну, там ва ўступе я, здаецца, спрабую патлумачыцца. Уступ называецца «Трэцяя сьвечка». Як я разумею, гэта тое, за што варта ставіць сьвечку. Адну — за тых каго любіў, другую за тых, каго любіш («за ўпакой і за здравіе»), а трэцюю — за тое, што паверх.
Імя:: Чужой
19.05.2015 14:22
Скажите, закроют белорусскую редакцію, когда шесть областей войдут губерниями в Россию, или просто присоединят к русской?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:42
Беларусь была часткай расейскай імпэрыі, часткай савецкай імпэрыі, пад рознымі акупацыямі, і ня зьнікла канчаткова. Тым больш ня зьнікне і на нашым, куды больш гуманным веку. Як бы ні склаўся далейшы лёс Радыё Свабода, гэта будзе залежаць не ад Расеі.
Імя:: Пытаньнечка
19.05.2015 14:52
Эфір Свабоды, на мой погляд, гучыць як прывітаньне з 80-х. Ці ня хочаце вы абнавіць эфір, зрабіць яго больш сучасным? Думаю, вы сочыце за тэндэнцыямі, ведаеце сэрвіс TuneIn...

Таксама ці не здаецца вам, што варта больш моладзевых перадачаў і больш маладых аўтараў?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:44
Свабоду можна слухаць і праз TuneIn, і праз іншыя сэрвісы. Аналітычна-інфармацыйны этэр з палітычнай, правабарончай тэматыкай заўсёды будзе адрозьнівацца ад музычна-забаўляльнага, ад фарматаў ток-шоў, у якіх магчымы жывы ўдзел аўдыторыі. Некаму, напэўна, падабаецца нон-стоп трэш і шансон, але нехта цэніць экспэртныя дыскусіі, агляды жыцьця ў турмах, глыбокія гутаркі з пісьменьнікамі...

Спэцыяльна моладзевыя перадачы мы рабілі, але палічылі, што радыёплятформа на кароткіх хвалях — не найлепшае месца для сустрэчаў з моладзю. А маладых аўтараў спрабуем, цэлая група 20-гадовых удзельнічае ў розных праектах.
Імя:: Aleś Trus
19.05.2015 14:57
Šanoŭny spadar Łukašuk! Mnie 18 hadoŭ. Ja navučajusia na žurfaku BDU. Maje baćki raniej słuchali Radyjo Svaboda i šmat raskazvali pra jaho. Na žal, ja nia maju mahčymaści słuchać radyjo pra karotkija chvali, nia maju pryjmača, a praz internet słuchać niazručna. Saču za vašaj dziejnaściu i čytaju svabodu praz vkontaktje. Ščyra ŭdziačny za toje, što vy robicie! Žyvie Biełaruś
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:45
Дзякуй, Алесь, за віншаваньні, і перадавайце прывітаньне бацькам. Сачыце за абвесткамі на Свабодзе, у нас ёсьць стыпэндыя Вацлава Гаўла для маладых журналістаў, магчымыя розныя віды супрацы — пішыце.
Імя:: Ананім
19.05.2015 16:13
Ці шмат скаргаў вы атрымліваеце на тарашкевіцу?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:46
Менш 0,1% усіх допісаў. Правапіс не зьяўляецца перашкодай для чытаньня, аўтаматычны перакладчык Google таксама лёгка зь ім спраўляецца пры перакладзе на расейскую і на ангельскую.
Імя:: Непаляк
19.05.2015 16:35

Хто такі Ян Максімюк? Чаму ён выступае ўвесь час супраць усяго беларускага і беларусаў?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:48
Гэта загадкавая асоба. Некаторыя лічаць, што чалавека, які пераклаў на беларускую «Уліса» Джойса, трэба б узнагародзіць якім-небудзь нацыянальным ордэнам. Слухачы перадачы «Званочкі» стварылі былі культ яго асобы, і перадачу давялося закрыць. Японцы нядаўна запрасілі яго ў Токіё, каб там ён расказаў пра сваю працу над кадыфікацыяй падляскай мовы. Але ёсьць у яго і два недахопы: першы - кажа што думае, а другі — ня п’е.
Імя:: Іван Антонавіч (Рэўт)
19.05.2015 17:35
Што вы лічыце сваімі галоўнымі посьпехамі ў якасьці дырэктара і галоўнымі праваламі?

І як доўга вы зьбіраецеся заставацца дырэктарам (без ніякага зларадства)?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 12:51
Спадар Рэўт, я нядаўна падрабязна адказваў на першае пытаньне — проста каб не паўтарацца, паглядзіце, калі ласка, тут — http://naviny.by/rubrics/society/2015/02/14/ic_articles_116_188235/

На пытаньне без зларадзтва (вы ж маеце на ўвазе ня вонкавыя абставіны, такія як воля начальства ці стан здароўя, так?) адкажу трохі пазьней, бачу, ёсьць яшчэ падобнае, тым больш што яно, здаецца, са зларадствам :)
Імя:: Сердюков
19.05.2015 17:48
Уважаемый г-н директор, на пресс-конференции в начале года Александр Лукашенко обещал дать интервью Свободе. Где же оно?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:40
Інтэрвію, калі такое будзе, будзе рабіць не Беларуская служба, а Цэнтральная служба навінаў — для аўдыторыі ў розных краінах. Роля пасярэдніка ў мірным працэсе ва Ўкраіне і быццам незалежнага суседа небясьпечнай Расеі, які пад дудку Крамля здольны танчыць свой танец, прыцягвае ўвагу замежжа. Праблема беларускага сувэрэнітэту — агульнаэўрапейская праблема. І чалавек, які стаіць на чале дзяржавы ў цэнтры Эўропы, цяпер цікавы для міжнародных журналістаў менавіта з гэтага пункту гледжаньня. Інтэрвію, як і высокія візыты ў Менск з эўрапейскіх сталіц — не індульгенцыя за палітвязьяняў і зьнікненьні, не ліцэнзія на фарс з выбарамі, не рэванш за неўязную візавую пагарду. Усё гэта застаецца. І Беларуская служба заўсёды будзе гэтыя тэмы асьвятляць.
Імя:: Сердюков
19.05.2015 17:49
Ещё один вопрос в связи с пресс-конференцией президента. На ней редактор Нашей Воли Иосиф Середич заявил, что в наше сложное время, когда идет война в Украине и существует большая угроза суверенитету Беларуси, все должны объединиться вокруг президента. Вам не кажется, что это патриотичное предложение и вам как редакции следовало бы к нему прислушаться?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:42
Не, не падаецца. І Народная Воля, дарэчы, па-мойму, ніяк не зьмяніла свайго курсу пасьля прэс-канфэрэнцыі. Аб’ядноўвацца грамадзтву лепш вакол каштоўнасьцяў, чым вакол асобаў. Прэзыдэнт як асоба зацікаўлены ў незалежнасьці як у сродку захаваньня пэрсанальнай улады. А той самы Іосіф Сярэдзіч, які некалі галасаваў за незалежнасьць, я ўпэўнены, зацікаўлены ў ёй як у сродку захаваньня Беларусі. У Беларусі склалася цікавая сытуацыя — прэзыдэнт сваім кіраваньнем стварыў найбольшую пагрозу незалежнасьці і адначасна зьяўляецца цяпер яе найбольшым рэальным абаронцам. Пэўная гістарычная паралель — выпадак польскага лідэра генэрала Ярузэльскага. Частка краіны лічыць яго марыянэткай Масквы за ўвядзеньне надзвычайнга становішча, сам ён пазыцыянаваў сябе як выратавальніка ад уводу савецкіх войскаў. Паводзіны Лукашэнкі часам нагадваюць вядомую палітычную параду — трымай сваіх сяброў блізка каля сябе, а ворагаў яшчэ бліжэй. Пакуль гэта ўдаецца. Толькі можа аказацца, што насамрэч гэта цябе трымалі, а ня ты. Але будзе позна.
Імя:: Вера
19.05.2015 17:50
Чаму вы не даеце слова лідэру нацыі Зянону Пазьняку? Чаму замоўчваеце акцыі КХП-БНФ?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:44
Я сам, праўду сказаць, лянуюся, але Вам, паважаная Вера, дам параду: адкрыйце пошукавік і паглядзіце, колькі разоў гэтае імя і гэтая абрэвіятура сустракаюцца на сайце. І параўнайце зь іншымі імёнамі і абрэвіятурамі. Чамусьці баюся, аднак, што Вас гэта ні ў чым не пераканае, бо гэта ўсяго толькі факты. А калі яны супярэчаць веры, як казаў адзін гістарычны дзеяч, тым горш для фактаў.
Імя:: Бяссонаў Мікола
19.05.2015 17:53
Вы і іншыя сайты друкавалі сацыялягічныя даследаванні пра Крым і Украіну – калі вы ім верыце, 60% беларусаў падтрымліваюць Расею! Здадуць і сваю незалежнасць, раз ставяцца да Украіны і так любяць Пуціна. І Свабода нічога ня зробіць.
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:46
Свабода пачала вяшчаньне па беларуску ў 1954-м, калі пра распад СССР і незалежнасьць думалі толькі «адшчапенцы». І нічога, мела сэнс.

Фэномэн цяперашняй падтрымкі Расеі — вынік доўгага і брутальнага гістарычнага працэсу, прыкладна двухсот апошніх гадоў, калі тут насаджаўся «рускі мір» у адміністрацыі, рэлігіі, школе, культуры і зьнішчаліся парасткі ўсяго беларускага. Справа тут ня толькі ў Пуціне і магутнай машыне расейскай прапаганды ( у іх таксама — гэта рэальныя фактары). Я вось перачытваю цяпер кнігу Маркіза Дэ Кюсьціна «Расея ў 1839», і амаль з жахам падкрэсьліваю яго высновы і прадказаньні, настолькі яны трапныя, нават у фантасмагарычных дэталях.
Імя:: Светлана
19.05.2015 17:56
Зянон Пазьняк нядаўна крытыкаваў Свабоду за рэкляму расейскіх байкераў у Берасьці, якую вы зрабілі сваімі рэпартажамі, а іх потым перадрукавалі і ў Беларусі і ў Расеі. І ён мае рацыю. Навошта піярыць ворагаў?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:47
Гэты чытач нават недаацаніў сапраўдны розгалас гэтага нашага рэпартажу. За першыя суткі яго паглядзелі два мільёны разоў на розных інтэрнэт-плятформах у трох краінах. А ўкраінскія тэлеканалы паказалі сваім гледачам — гэта дзясяткі мільёнаў людзей. І рэакцыя на шчыраваньні зоркі «русского мира» ў Берасьці дакладная такая, як павінна быць — людзі зрабілі высновы ня толькі на інтэлектуальным, рацыянальным узроўні, але і на эмацыйным, асабістым. Гэта і была журналісцкая задача — не замаўчаць, зрабіць выгляд, што нечага няма ці пра яго шкодна ведаць іншым, а дапамагчы грамадзка значнай зьяве выявіцца.

Ленінскае вучэньне пра партыйную арганізацыю і партыйную літаратуру, магчыма, арганічнае для некаторых партыяў, але гэта іх унутрыпартыйная справа.
Імя:: слухачка
19.05.2015 18:11
Апошнім часам Радыё Свабода ўсё больш скарачае радыёвяшчанне. Чаму? Таму што маладая аўдыторыя чытае інтэрнэт, а не слухае радыё? Але менавіта старыя выхоўваюць гэтых самых маладых, і пазбаўляць іх інфармацыі цынічна і недальнабачна.
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:49
Дзякуй за клопат, паважаная слухачка. Па-мойму, вы адначасна пераацэньваеце і недаацэньваеце «старых». Пераацэньваеце, бо уплыў аднаго пакаленьня на новае не такі ўжо істотны, моладзь выхоўваецца сама, пад уплывам розных фактараў. Калі б была лінейная пераемнасьць і нязьменнасьць, сьвет бы спыніўся. А недаацэньваеце, бо старыя, асабліва тыя, хто цікавіцца грамадзкай праблематыкай — таксама карыстальнікі Інтэрнэту, гэта ўжо масавая зьява. Кароткахвалёвае радыё сёньня па вызначэньні ня можа быць галоўнай крыніцай інфармацыі. Мы спрабуем шукаць балянс у разьмеркаваньні абмежаваных рэсурсаў.
Камэнтары. Старонка з 2
Імя:: Тутэйшы
19.05.2015 18:31
Какие выборы? Когда вы пишите про якобы выборы, вы льете воду на мельницу режима. Все дурят, и вы тоже. Вам гранты тоже как оппозиции под выборы дают?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:50
Наш бюджэт вызначае Кангрэс ЗША, і там графы «выбары ў Беларусі» няма. Наш бюджэт не зьмяніўся сёлета.

Наконт выбараў, якіх няма, спрачацца з вамі ня буду, але скажу вось што: будзе выбарчая кампанія. Ёсьць удзельнік мінулай кампаніі, якога трымаюць у турме – Мікола Статкевіч. Чаму трэба было амаль забіць Уладзімера Някляева ў дзень выбараў? Чаму арыштавалі Зьмітра Дашкевіча і Міколу Лобава напярэдадні і засадзілі на гады турэмных зьдзекаў? Чаму амаль усіх прыстойных удзельнікаў і палітычных лідэраў, якія бралі ўдзел у выбарчай кампаніі 2010-га, потым мучылі ў турмах і на допытах? Падумайце, чаму ўлада робіць такія крокі, калі ўсё так проста і прадвызначана.
Імя:: Роберт
19.05.2015 19:29
Як да вас трапіць на Свабоду ў Прагу ў якасьці журналіста? Кажуць, у вас там чарга па 10-20 чалавек на месца. Гэта праўда?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:51
Паважаны Робэрт, калі зьяўляюцца вакансіі, абвестка пра іх публікуецца на сайце http://www.rferl.org/jobs/

Апроч прафэсійнай кваліфікацыі, досьведу працы патрабуецца веданьне ангельскай – усё гэта можна прачытаць ва ўмовах. Паняцьця чаргі не існуе, кожны раз разглядаюцца ўсе кандыдаты. Калі вы хочаце пісаць ці здымаць для Свабоды, прышліце мне свае працы, прапановы: lukashuka@rferl.org
Імя:: 20150519
19.05.2015 19:35
Позволяете ли Вы себе кричать на подчиненного в присутствии других, оскорблять его ? И как бы Вы отреагарировали, если бы в ответ услышали бы такое же?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:54
Калі гэта пэрсанальнае пытаньне, дык адказ — не. Калі тэарэтычнае — гэта заўсёды канкрэтная справа. Інтанацыя, якая будзе нормай для халерыка, можа быць абразьлівай для флегматыка. Зь сябрамі, блізкімі калегамі можа быць больш шырокі дыяпазон, калі гэта на роўных. І то можна памыліцца, бо ці мала ў якім стане бывае чалавек у той або іншы момант. І маўчаньнем можна пакрыўдзіць. Але ўвогуле я думаю, што эмоцыі — важная і каштоўная частка працы, асабліва творчай, яны часам дапамагаюць дайсьці туды, куды рацыянальным спосабам не дабрацца. Дарэчы, абраза — гэта, як правіла, праява слабасьці. А ветлівасьць — культуры і сілы.
Імя:: Iлля Копыл Горад:: Менск
19.05.2015 19:43
Шаноуны Аляксандар, цi ёсць такiя тэмы, пытаннi пра беларускую рэчаiснасць, аб чым трэба было б распавесцi на хвалях цi на сайце Свабоды, але спрацоувае самацэнзура ?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:55
Паважаны спадар Ільля, рады вітаць вас на форуме. Самацэнзура для таго і існуе, каб вызначыць, што такое «трэба». Мы стараемся быць абачлівымі з асабістымі справамі, прыватным жыцьцём людзей. Стрымлівае і тое, што некаторыя журналісцкія расьсьледаваньні маглі б быць выкарыстаныя ўладамі для перасьледу апанэнтаў.
Імя:: Iлля Копыл Горад:: Менск
19.05.2015 20:01
Яшчэ адно пытанне: Шаноуны Аляксандар, працуючы на Радыё Свабода - Беларуская служба,знаходзячыся у Беларусi, цi адчуваеце Вы асабiста сябе свабодным чалавекам, свабодным журналiстам, цi каб адчуць сябе свабодным, трэба перыядычна бываць у Празе?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:56
Ня ведаю, бо ўвесь час то тут, то там... Але і там і тут адчуваю сябе пераважна свабодным – бо іначай навошта жыць. Як тлумачэньне, скажу, што я лічу Міколу Статкевіча самым свабодным грамадзянінам Беларусі.
Імя:: Вера Горад:: Мінск
19.05.2015 20:08
Шаноўны спадар Аляксандр! Колькі, на вашую думку, нам спатрэбіцца гадоў, каб дайсьці да цалкам незалежнае Бацькаўшчыны, за якую не было б сорамна перад усім цывілізаваным сьветам, і як Радыё Свабода можа пашырыць свой гаючы ўплыў на суайчыньнікаў, абалваненых афіцыйнаю прапагандаю?
Адказаць
Імя:: Госьць
20.05.2015 13:56
Шаноўная Вера, гэта справа адказнай дэмакратычнай улады і самаадчуваньня народу. Калі першае цалкам дасягальна ў блізкай пэрспэктыве, дык другое, я думаю, справа як мінімум пакаленьня-двух.
Імя:: В.Д.
19.05.2015 20:30
Уважаемый г-н Лукашук, вот вы критикуете президента, что долго засиделся во власти. А сами то уже больше за Лукашенко директором на Свободе. Объясните, почему вам можно, а ему нет?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:58
Ну, я ўсё ж такі пакуль менш, толькі з канца 1998-га. І то зь перапынкамі, часам больш за год, — то Аўганістан, то быў галоўным рэдактарам усяго радыё, то ў Гувэраўскім інстытуце бавіўся... Але дагнаць было б файна.
Імя:: Iлля Копыл Горад:: Менск
19.05.2015 20:31
Яшчэ адно пытанне. У 2011 годзе на хвалях Свабоды на працягу года гучала перадача "Верш на Свабоду" Дасылалi у перадачу свае вершы як вядомыя паэты, так i проста слухачы Свабоды, i беларускамоуныя i рускамоуныя. Кiраунiцтва Радыё Свабода, каб заахвоцiць сваix слухачоу дасылаць свае вершы, паабяцала, што вынikaм перадачы будзе выхад кнiгi вершау. Але кнiга не вышла. Што памяшала? У архiве Свабоды вершы пакуль што ёсць.
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 13:59
Паважаны сп. Ільля, сапраўды, у 2011,-м пасьля сьнежаньскай драмы, мы вырашылі прайсьці па сьлядах самай першай кнігі нашай бібліятэкі – «Верш на Свабоду». Чытачы прысылалі вершы, але да кнігі тады не дайшло, ня памятаю ўжо, зь літаратурных ці зь фінансавых прычынаў, ці зь дзьвюх адразу. Паглядзім яшчэ раз, дзякуй за напамін.
Імя:: Чытачка
19.05.2015 20:34
Спадар Аляксандар, ці пішыце вы што-небудзь новае, над чым працуеце, што ў планах?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 14:00
Дзякуй, што цікавіцеся. Няма яшчэ сарака дзён, як я разьвітаўся назаўжды з маці, дык пакуль перабіраю яе спадчыну – артыкулы, манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, чытанкі па беларускай мове, успаміны, лісты, фотаздымкі. Пакуль думаю.
Імя:: Дарашэвічы
19.05.2015 21:11
Сочым за вашай творчасцю больш за 15 гадоў. Кожная кніга - твор мастацтва. Глыбокая, рафінаваная літаратура. Што плануеце пісаць далей? Якія кнігі нас чакаюць? Ці ёсць тэма, якой бы вы хацелі прысвяціць наступны ваш твор?

З павагай,
Сям'я Дарашэвічаў
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 14:03
Дзякуй на добрым слова, паважаныя сябры. З прыемнасьцю падпішу вам апошнюю кнігу, «Дзясяты паверх», калі прышляце адрас. Думаю пра некалькі кніг, але пакуль канкрэтна не пачаў.
Імя:: ??
19.05.2015 21:12
Дзе можна паглядзець інфармацыю пра вакансіі на Свабодзе?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 14:03
Тут - http://www.rferl.org/jobs/
Імя:: Вітаж
19.05.2015 21:14
Ці не думалі вы аб'яднацца з тэлеканалам Белсат? Я ведаю, што вы робіце супольную праграму, але магчыма, варта спалучыць высілкі і рабіць больш якаснага прадукту? Навошта канкураваць паміж сабой?

А другая прапанова - сыходзіць і як можна хутчэй з сацыяльна й сеткі "вконтакте". Вы дарэмна разлічваеце, што там вашая аўдыторыя. Даўно вядома, што вконтакте знаходзіцца пад кантролем ФСБ. Развівайце фэйсбук. Ці твітэр.
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 14:04
Сп. Вітаж, мы робім аналітычную перадачу «Зона Свабоды», гэта абмеркаваньне важных тэмаў сіламі экспэртаў Свабоды. Аб'яднаць высілкі розных станцый, сайтаў, рэдакцый наўрад ці магчыма – розныя дзяржавы, розныя крыніцы фінансаваньня, розныя ўмовы. Дый ня трэба – больш не заўсёды азначае лепш ці эфэктыўней. Мы задаволены супрацоўніцтвам і лічым яго ўзаемакарысным.

Дзякуй за парады пра сеткі. Мы разумеем, у якіх умовах адбываюцца інфармацыйныя працэсы на постсавецкай прасторы. Свабода зьяўляецца лідэрам сярод беларускіх СМІ якраз у Фэйсбуку і Твітэры.
Імя:: Ананім
19.05.2015 21:16
Ці вы самі слухаеце радыё свабода?
Якая ваша ўлюбёная праграма?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 14:05
Так, пераважна праз Інтэрнэт. Люблю слухаць жывы этэр, Падарожжы Свабоды, Вольную Студыю, аналітычныя дыскусіі.
Імя:: Яўген Мурашка
20.05.2015 08:39
Пан, рэдактар.
Вядома, што радыё Свабода фінансуецца Кангрэсам ЗША..Маё пытаньне будзе такім:
- Ці існуе цэнзура з яго боку.?
-Калі не, дык чаму на старонках радыё няма месца нацыянальна арыeнтаванным прадстаўнікам беларускага замежжа (акрамя, канешне, запісных палітыкаў)?
- І яшчэ. Не адказваць на лісты, гэта што правілы добрага тону, кіраўніцтва Радыё?.
Спадзяюся атрымаць шчыры адказ.
З павагай.
Я.Мурашка, старшыня ЗБН
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 14:07
Паважны сп. Мурашка,

Прысутнасьць ці адсутнасьць «нацыянальна арыентаванных прадстаўнікоў» — справа не цэнзуры, а рэдакцыйнага выбару. Кангрэс фінансуе радыё для працы з аўдыторыяй у Беларусі, і таму пераважная колькасьць нашых герояў — адтуль. Замежжа таксама прысутнічае, але ня ўсе дзеячы аднолькава цікавыя. Выглядае, мы таксама па-рознаму ацэньваем, што такое «запісныя» палітыкі. Гэта хто, усе апроч вас? Ёсьць нейкі сьпіс? Складзены нейкім навуковым спосабам?

Прабачце за затрымку з адказам на ліст. Адкажу тут — мы стараемся, як правіла, пазьбягаць рэклямаваць палітычныя ініцыятывы, кампаніі партый, груповак як у Беларусі гэтак і за мяжой.
Імя:: Ананім
20.05.2015 10:07
Вам не кажется, что ваш поезд давно ушел, и мова, стяг и погоня – не более, чем двуглавый орел для руских монархистов. На 25 сакавик пришла тысяча людей, а на Линию Сталина в десятки раз больше. І сами пришли, никто не гнал. Или вы против демократии?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 14:08
Мы супраць дэмагогіі. Цікавае слова, праўда — дэмас жа і ёсьць народ па-грэцку. Падумайце і вы, чаму пры Сталіне і Гітлеры на парады хадзілі мільёнамі. Ці зьяўляецца масавасьць сынонімам улады народу, а кіданьне бюлетэняў у скрынкі — доказам свабоднага выбару.
Імя:: Людміла З. Горад:: Мінск
20.05.2015 13:33

Чытала ваша інтэрвію газеце Народнай Воле з нагоды 60-годзя Свабоды, вельмі спадабалася. Дык чым скончыўся ваш карнавал у Венецыі, паводка не перашкодзіла?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 14:10
Дзякуй за добрыя словы, Марыя Эйсмант рабіла гэтае інтэрвію з нагоды майго 60-годзьдзя. Я маладзейшы за Свабоду на дзевяць месяцаў, калі верыць пашпарту. Юбілей Свабоды мы сьвяткавалі летась — быў і гала-канцэрт, і некалькі сотняў гасьцей віншавалі нас на прыёме ў Амбасадзе ЗША, і мы выдалі тады дзьве кнігі — «Лісты на Свабоду» і «Лісты пра Свабоду» — унікальная калекцыя слухацкіх ацэнак. (Здаецца, у нас яшчэ захаваліся асобнікі, напішыце адрас — прышлем. ) Сапраўды, мы зь сябрамі сустракаліся ў Вэнэцыі падчас паводкі, і гумовыя чобаты глядзеліся цікава і ў палацах дожаў, і ў музэях, і ў рэстаранах. Ніхто не патапіўся, хоць некаторыя прамачылі ня толькі ногі. А адзін з гасьцей потым выступаў на прэзэнтацыі маёй кніжкі ў Менску ў вэнэцыянскім касьцюме, вось тут можна пабачыць - http://www.svaboda.org/media/photogallery/26869649.html
Імя:: Дэмограф
20.05.2015 13:47
Какой средний возраст журналистов Свабоды?
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 14:10
Вельмі працоўны.
Імя:: Вэб-рэдактар
20.05.2015 13:51
На гэтым прыём пытаньняў скончаны. Дзякуй за ўдзел у онлайн-канфэрэнцыі.
Адказаць
Імя:: Аляксандар Лукашук
20.05.2015 14:11
Дзякуй усім, хто прыслаў пытаньне, хто чытае,слухае, глядзіць Свабоду. Дзякуй за вашы віншаваньні, якія прыходзяць на адрас рэдакцыі -- мы будзем працягваць рабіць усё, каб у нашым жыцьці заўсёды была свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG