Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі прызнала палонных і адцуралася ад іх


У панядзелак у Тальяці адбылася акцыя пратэсту супраць удзелу Расеі ў ваенных дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны. Каля дзесяці чалавек сабраліся каля кантрольна-прапускнога пункту былой тальяцінскай вайсковай вучэльні, а цяпер вайсковай базы 3-й брыгады Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня (ГРУ). Удзельнікі акцыі выкрыквалі антываенныя лёзунгі і спрабавалі разгарнуць плякаты.

Акцыя працягвалася каля 20 хвілін. Пратэстоўцы патрабавалі вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Ўкраіны. Нарады паліцыі, якія прыбылі неўзабаве пасьля пачатку выступу, разагналі ўдзельнікаў, аднак, паводле паведамленьняў, ніхто затрыманы ня быў.

Раней украінскія СМІ распаўсюдзілі відэазапіс, на якім, як сьцьвярджаюць у Кіеве, паказаны допыт аднаго з палонных, што знаходзіцца на шпітальным ложку. Палонны, які назваў сябе Аляксандрам Аляксандравым, сьцьвярджае, што служыць па кантракце ў 3-й брыгадзе спэцназу ГРУ ў Тальяці і называе імя свайго камандзіра.

Расейскае міністэрства абароны пацьвердзіла, што затрыманыя ва Ўкраіне вайскоўцы служылі ў расейскіх узброеных сілах, аднак сьцьвярджае, што на момант, калі яны патрапілі ў палон, яны ўжо былі звольненыя з шэрагаў УС.

«Гэтыя хлопцы раней сапраўды праходзілі службу ў адным са злучэньняў узброеных сіл РФ і маюць ваенную падрыхтоўку», — сказаў агенцтву ТАСС афіцыйны прадстаўнік ведамства.

Затрыманьне вайскоўцаў у міністэрстве назвалі «сумесным шоў генэральнага штабу Ўкраіны і СБУ». Прадстаўнік Мінабароны дадаў, што разьлічвае на разважлівасьць украінскага кіраўніцтва і хутчэйшае вызваленьне былых вайскоўцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG