Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі напісала «kyky»

абноўлена

Інфармацыйны партал kyky.org атрымаў ліст ад Міністэрства інфармацыі.

Уладальніку рэсурсу паведамляецца пра выяўленыя «факты парушэньня заканадаўства аб СМІ». Аднак пра якія канкрэтна парушэньні ідзе гаворка, у лісьце зь міністэрства не паведамляецца.

Як патлумачылі ў рэдакцыі, ліст прыйшоў на электронную пошту kyky.org яшчэ 15 траўня, але рэдакцыя знайшла яго толькі сёньня.

«У Мінінфарме нам растлумачылі, што дакумэнт не зьяўляецца пісьмовым папярэджаньнем. Папярэджаньне, магчыма, рушыць усьлед пасьля таго, як мы дамо міністэрству зьвесткі пра тое, хто валодае сайтам. „Прапанова“ пра гэта зьмяшчаецца ў канцы ліста», распавядае kyky.org.

Дырэктарка сайту Дар’я Мацявіна распавяла карэспандэнту Свабоды, што запатрабаваныя зьвесткі пра ўладальнікаў сайту і юрыдычны адрас рэдакцыя ўжо накіравала міністэрству.

«Мы чакаем ад іх інфармацыі пра тое, у чым жа мы вінаватыя. Мы не займаемся самацэнзурай, публікуем тыя тэксты, якія лічым патрэбным. Магчыма, ім нешта не спадабалася, нешта ідзе ўразрэз. Цяпер складана сказаць. У нас ёсьць некалькі вэрсій, але да чаго яны мелі прэтэнзіі, невядома. Адзінае, што быў прэцэдэнт, калі на нас пісалі скаргі ў Мінінфарм адносна поста пра 9 траўня, які мы перадрукавалі. Вячаслаў Дыянаў, адыёзная асоба, заклікаў дасылаць на нас скаргі ў Міністэрства інфармацыі і, як я разумею, некаторыя гэта зрабілі».

Такі ліст зь Міністэрства інфармацыі, які тычыцца зьместу сайта, рэдакцыя kyky.org атрымала ўпершыню за пяць гадоў існаваньня.

Аналягічныя лісты ад Міністэрства інфармацыі атрымалі яшчэ чатыры інтэрнэт-рэсурсы: радыё «Рацыя», грамадзкае аб’яднаньне «Свабодны рэгіён», Tuzin.fm і сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Лісты падпісаныя міністрам Ліліяй Ананіч. Яна прапануе згаданым СМІ да 20 траўня прадставіць у міністэрства зьвесткі, якія тычацца ўладальніка інфармацыйнага рэсурсу, а таксама юрыдычны адрас альбо адрас месцажыхарства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG