Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Дэльта Банк» прызнацьмуць банкрутам, адміністрацыю падазраюць у махлярстве


У Беларусі пачалася працэдура прызнаньня банкрутам і ліквідацыі камэрцыйнага банку «Дэльта Банк». Паралельна вядзецца сьледзтва аб махлярстве з грашыма банку і наўмысным давядзеньні яго да банкруцтва.

18 траўня Вярхоўны суд пачаў працэдуру прыняцьця да разгляду заявы кіраўніцтва часовай адміністрацыі камэрцыйнага банку «Дэльта Банк» аб банкруцтве. Закон дазваляе расьцягнуць яе на месяц, але судзьдзя Сьцяпан Турмовіч вырашыў укласьціся ў некалькі гадзінаў: слуханьні пачаліся аб 11-й, а ўжо ў 16 чакаецца агалошваньне рашэньня, у якім ніхто не сумняецца. «Кожны дзень зацягваньня пытаньня аб прызнаньні банку банкрутам пагаршае яго фінансавае становішча», — патлумачыў просьбу аб хуткім разглядзе заявы кіраўнік часовай адміністрацыі банку Аляксандар Пядзько. Паводле зьвестак, якія ён агаласіў у судзе, «Дэльта Банк» мае ў мінусе 313 мільярдаў рублёў, і большасьць гэтай запазычанасьці перад крэдыторамі, як лічаць адмыслоўцы, ужо не ліквідаваць. Частку даўгоў можна будзе пакрыць за кошт продажу актываў, «якія цяпер ацэньваюцца».

Больш як 20 юрыдычным асобам, паводле Аляксандра Пядзько, банк застаецца вінен вялікія сумы грошай, узяць якія няма дзе. А вось зь фізычнымі асобамі сытуацыя збольшага вырашаная. Тут банку дапамагло Агенцтва па гарантаваным вяртаньні банкаўскіх укладаў — адмысловая арганізацыя, якая паводле закону бярэ на сябе вяртаньне грошай шараговым укладчыкам у выпадку, калі камэрцыйная ўстанова ня можа выконваць перад імі свае абавязкі. Большасьць укладчыкаў свае грошы ўжо атрымалі. Паводле Аляксандра Пядзько, былым укладчыкам было сплачана 52,4 мільёна даляраў, 8,6 мільёна эўра і больш як 740 мільярдаў беларускіх рублёў.

Цікавая падрабязнасьць ад Аляксандра Пядзько: з часу, калі Нацыянальны банк увёў часовую адміністрацыю ў «Дэльта Банку», асноўныя акцыянэры апошняга ў адміністрацыю не зьвярталіся. Не паступала рэальных прапаноў па паляпшэньні фінансавага становішча і ад асноўнага акцыянэра Мікалая Лагуна, які цяпер ва Ўкраіне. Раней Мікалай Лагун запэўніваў на пасяджэньні праўленьня Нацыянальнага банку, што для выпраўленьня становішча банку хопіць актываў у банках-нерэзыдэнтах і патрэбны толькі час, каб іх вярнуць. Але гэтыя абяцаньні засталіся на паперы.

Як так выйшла, што «Дэльта Банк», які быў пад наглядам Нацыянальнага банку, дайшоў да банкруцтва?

Паводле прадстаўніка Нацыянальнага банку Ўладзімера Мудрагелева, да сьнежня 2014 году сытуацыя ў банку была збольшага нармальная, хоць «некаторыя парушэньні» назіраліся. Але ў канцы году пачалі нарастаць праблемы зь ліквіднасьцю, і Нацыянальны банк вырашыў падтрымаць «Дэльта Банк» крэдытамі на 320 мільярдаў рублёў. Уключыўся ў дапамогу і «Беларусбанк», які дапамог 300 мільярдамі рублёў крэдытаў. Але становішча гэта ня выправіла, як не спрацавалі і абмежаваньні ў банкаўскай дзейнасьці, накладзеныя Нацыянальным банкам. Як паведаміў у судзе Ўладзімер Мудрагелеў, нягледзячы на забарону, банк пачаў прымаць ад насельніцтва ўклады ў валюце, спакушаючы шараговых укладчыкаў незвычайнай працэнтнай стаўкай. У выніку 35 мільёнаў даляраў з рахунку банку былі пераведзеныя ў афшор і бясьсьледна зьніклі. Цяпер іх лёсам заняўся Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, заведзеная крымінальная справа аб махлярстве і наўмысным давядзеньні банку да банкруцтва. Пасьля ўвядзеньня Нацыянальным банкам часовай адміністрацыі ў «Дэльта Банку» зьнікненьні валюты спыніліся, але агульнае становішча выправіць не ўдалося. Фактычна банк лопнуў.

Што далей?

Як паведаміў у судзе Аляксандар Пядзько, цяпер часовая адміністрацыя будзе праводзіць сход акцыянэраў і абіраць ліквідацыйны камітэт, які мае распрацаваць плян ліквідацыі ўстановы і прапанаваць яго крэдыторам. «Дагэтуль мы нават не маглі пачаць звальненьне супрацоўнікаў паводле банкруцтва. Вось зараз суд увядзе адпаведную працэдуру, і мы зможам істотна скарачаць нашы апэрацыйныя выдаткі. У прыватнасьці, скарачаць пэрсанал з выплатай усіх дапамог», — паведаміў Аляксандар Пядзько.

Да завяршэньня расьсьледаваньня крымінальнай справы ў ДФР спадар Пядзько ня стаў камэнтаваць падазрэньні наконт датычнасьці ранейшага кіраўніцтва «Дэльта Банку» да махлярства.

Беларускі «Дэльта Банк» — даччыная камэрцыйная ўстанова ўкраінскага банку з той жа назвай, які таксама разарыўся. Ці ёсьць сувязь паміж падзеямі?

«У Беларусі, як і ва Ўкраіне, здарыўся абвал нацыянальнай валюты, капітал трэба папаўняць хаця б на 30–40%. А так званыя „бацькі“ банку ва Ўкраіне разарыліся, ня могуць рабіць гэтыя папаўненьні. На карэспандэнцкім рахунку банку няма сродкаў. Людзі сталі забіраць сродкі са сваіх рахункаў, закрываць іх. Таму і абвясьцілі банкруцтва», — тлумачыў у сакавіку сытуацыю з «Дэльта Банкам» былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. Сёньня карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся па камэнтар да фінансавага аналітыка з дасьледчага цэнту ІПН Зьмітра Крука.

«Паводле маіх зьвестак, сытуацыя, якая ўзьнікла ў „Дэльта Банку“, зьвязаная з сытуацыяй у галаўным банку ва Ўкраіне. Праз адзін банк спрабавалі выправіць становішча ў другім. Як мне бачыцца, гэтыя дзеяньні можна кваліфікаваць як махлярства», — мяркуе спадар Крук.

Травень можа стаць месяцам выпрабаваньняў яшчэ для некалькіх камэрцыйных банкаў краіны. Гэтак, 7 траўня стала вядома, што Нацыянальны банк Беларусі адклікаў ліцэнзію на банкаўскую дзейнасьць у «БІТ Банку» і прыпыніў ліцэнзію на некаторыя віды банкаўскіх апэрацыяў у «Эўрабанка». Празь дзень прыйшла навіна пра пазбаўленьне ліцэнзіі на банкаўскую дзейнасьць «ІнтэрПэйБанка». Зусім нядаўна, 14 траўня, быў пазбаўлены ліцэнзіі на некаторыя віды банкаўскай дзейнасьці «Н. Е. Б. Банк».

XS
SM
MD
LG