Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад шахцёрскіх удоваў стаў пасткай


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

У нас у Данецку родныя. І цэлы год мы ўспрымаем драму вельмі асабіста. Але нашы пачуцьці прытупляюцца: у напрузе столькі часу жыць нязручна. Паляпшэньня няма. Толькі страляюць менш. А ў людзей год выкрасьлены з жыцьця. Год безнадзейнасьці. Год фантасмагорыі.

Зазіраю цяпер у першыя лісты, травеньскія, гадавой даўнасьці: крамы зачыняюцца, за імі – банкі. У банкаматах пуста. Каб атрымаць грошы, трэба ехаць у Макееўку ці яшчэ кудысьці. Школы працуюць, але бацькі стараюцца дзяцей туды не вадзіць, бо ніколі невядома — дзе пачнуць страляць. Баевікі ўсё прыбываюць. Езьдзілі на рынак каля чыгуначнага вакзалу, там крыху таньней. Але пачаў кружляць самалёт, і ўсе пачалі разьбягацца. Пазьней: школы часткова зачыненыя. Каля аэрапорту стралялі, у знаёмых паўдаху зьнесла, пачаўся пажар, толькі зрабілі рамонт дома. На працу больш ня ходзім. Можа з прыходам новага прэзыдэнта нешта зьменіцца. Вельмі хочацца спадзявацца…

Быў у мяне калісьці савецкі даваенны рубель з шахцёрам. Гэта ў гонар Данбасу і Стаханава. Шахцёраў часова зрабілі героямі. Ім плацілі лепш. Хаця справа гэта дэпрэсіўная. Родныя расказвалі некалі: едзеш у тралейбусе, побач жанчыны перамаўляюцца. Твой калі загінуў? Ды восем год ужо мінула. А твайго калі заваліла? Быццам на фронце. Горад шахцёрскіх удоваў.

У маім мастацкім уяўленьні горад тэрыконаў стаіць на чорных пластах, у якіх мільёнамі гадоў ператвараліся ў цьвёрдае паліва розныя траглядыты, памерлае жыцьцё выкапняў. Цёмная злосьць, незадаволенасьць працай, лёсам, узьнялася аднойчы на паверхню. Падобна вульканічнай магме. Каб спаліць, зьнішчыць жыцьцё, якое грунтавалася на чарнавой, заўсёды цяжкай і небясьпечнай працы. Бо калі чалавек мусіць штодня спускацца пад зямлю на кілямэтар, яго ня могуць не наведваць думкі некалі ўсё кінуць-рынуць. З глыбінь, з прадоньня ўзьнялася назапашаныя за дзесяцігодзьдзі савецкай улады і пазьнейшы час хваля страхаў, злосьці і дэпрэсіі. Праўда, у жыцьці саміх шахцёраў мала што магло зьмяніцца за апошні год. Толькі некаторыя шахты разбураныя, стала яшчэ больш небясьпечна працаваць, а неабходнасьць спускацца пад зямлю нікуды ня зьнікла.

Я чую сёньня па радыё, што Менск стаў інтэрнацыянальным горадам, калі з усяго Саюзу ехалі яго аднаўляць пасьля вайны. Мне вельмі дзіўна: чаму ў гэты ж час саміх беларусаў гналі ў той Данбас? У бацькоўскіх мясьцінах у кожнай вёсцы былі тыя, хто паехаў туды на заробкі і многія засталіся, уцягнуліся. Хто загінуў у шахце, хто выжыў.

Тым ня менш, горад мяняўся. На паверхні ён пачаў выглядаць сучасным і прыдатным для жыцьця. Бонусам была наяўнасьць у Данецкай вобласьці мора.

Але гораду наканавана было стаць сапраўды франтавым. Спачатку яшчэ выпадкова захоўваліся астраўкі, дзе амаль не стралялі, дзе жыцьцё заставалася спакайнейшым. Але вы едзеце тралейбусам і ззаду выбухае снарад ці міна. І ў жанчын нэрвовы зрыў. Спачатку страляюць яшчэ ня ў вас, над домам толькі пралятаюць снарады, і дастаткова трымаць прачыненымі вокны, каб ударнай хваляй ня выбіла шыбы, бо як іх тады ўстаўляць? Тым больш шклопакеты. Але снарады кладуцца ўсё больш купна. І аднойчы выбухаюць у падворку. І ў пакоі выбівае шыбы, і на падлозе мэталічныя сэрпантыны — для паражэньня жывой сілы. Добра, што былі на кухні. І калі пачынаецца наступным разам абстрэл, то, як робяць іншыя, трэба класьціся на падлогу або хавацца ў ваннай.

Мінае час, як на працу пачынаюць прыяжджаць людзі ў камуфляжы, яны прывозяць мінамёт, адчапляюць, робяць некалькі залпаў проста пад вокнамі. Прычапляюць яго да машыны і зьяжджаюць. І так некалькі дзён запар. Такая вось лятучая артпазыцыя сярод жылой забудовы. Пашанцавала: украінцы арыентаваліся, адкуль вядуць агонь баевікі і не адказвалі.

І кожны дзень клопат — як выжыць? То кухня застаўленая плястыкавымі бутлямі з вадой, то водаправод наладжаны і трэба знайсьці і стварыць запасы тушонкі, макароны, рысу.

Горад стаў пасткай. Часова зьехаць? Паспрабавалі. Але страшна за кватэру. Апроч яе, больш нічога не нажылі. Баевікі пачалі забіраць пустыя кватэры. На суседзяў мала надзеі, могуць «настучаць», што ніхто не жыве. Прадаць яе і зьехаць? Нерэальна. Такіх ахвотных тысячы. Ніхто ня купіць. А само жытло зусім абясцэнілася. Горад шахцёрскіх удоваў зрабіўся горадам-пасткай. Дзе галоўным стаў чалавек з калашнікавым. Чалавекі з калашнікавымі, якія замянілі сабою рабацяг у старым закліку «пралятары ўсіх краін яднайцеся!»

У апошнім нумары нашага гарадзенскага альманаху «Новы Замак» надрукаваны мой «Дзёньнік з вуліцы Тэлеграфнай». Там ёсьць «Званкі на вайну», гэта некалькі радкоў адтуль:

Званок у Данецкую

народную рэспубліку,

так званую,

канечне.

А што ў вас чуваць?

Ці ўсё фатальна,

няма надзеі?

А што ў нас? Чутно

цяпер з аўтаматычнай

зброі стрэлы,

штурмуюць

тэлецэнтар,

такія справы.

На вуліцу ніхто

імкнецца

не выходзіць.

Устаеш нібы з пахмельля,

з тлумнай галавой

і думаеш — ці гэта

сон дурны? Чаго чакаць

сягоньня, якіх здарэньняў,

якога гвалту?

А сёньня рэфэрэндум

быў у нас, у Данецку,

стралялі гэтым разам

зусім блізка — па суседзтву.

А людзі шлі

на самазванчыя ўчасткі.

Тады, як бачым, быў «аксамітны» пачатак: у руках яшчэ была пераважна стралковая зброя. Прынамсі, у гарадзкіх сьценах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG