Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждума адмовілася расьсьледаваць забойства Нямцова


Дзярждума адмовілася праводзіць парлямэнцкае расьсьледаваньне забойства Барыса Нямцова. Пра гэта паведаміў у Facebook дэпутат Дзьмітры Гудкоў, які выступіў з такой ініцыятывай.

Паводле апазыцыйнага дэпутата, адмова матываваная дзяжурнай фразай, што «прадметам парлямэнцкага расьсьледаваньня ня можа быць вызначэньне вінаватасьці канкрэтных асобаў у зьдзяйсьненьні злачынства».

У перакладзе на расейкую мову гэта азначае: «Вы даведаецеся толькі тую праўду, якую дазволяць вам распавесьці», напісаў Гудкоў.

На думку дэпутата, парлямэнцкае расьсьледаваньне ня ставіць сабе мэтай ўстанаўленьне чыёйсьці вінаватасьці, што можа зрабіць толькі суд.

Парлямэнцкае расьсьледаваньне — элемэнт кантролю за сьледзтвам, які дазваляе грамадзтву дамагчыся празрыстасьці і аб’ектыўнасьці. Яно патрэбнае для таго, каб вынікі расьсьледаваньня выклікалі давер у грамадзянаў. Адмова праводзіць парлямэнцкае расьсьледаваньне забойства палітыка такога маштабу, калі ў СМІ шырока абмяркоўваецца вэрсія аб дачыненьні да злачынства дзяржструктураў Расеі, толькі ўзмацняе падазрэньні, адзначае Гудкоў.

Барыс Нямцоў быў забіты ў цэнтры Масквы ў ноч на 28 лютага. Расейская апазыцыя лічыць, што матывам для забойства Барыса Нямцова стаў афіцыйны запыт палітыка з указаньнем факту ўдзелу ў баявых дзеяньнях у Данбасе чачэнскіх баевікоў і ролі Рамзана Кадырава ў гэтай вайне. Падчас расьсьледаваньня арыштаваныя пяцёра ўраджэнцаў Чачні. Іх лічаць выканаўцамі злачынства, замоўцы забойства не ўстаноўленыя.​

XS
SM
MD
LG