Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: Прыйшоў час ачысьціць Украіну ад сымбаляў камунізму


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выступае падчас ушанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў камуністычнага рэжыму ў Нацыянальным гісторыка-мэмарыяльным запаведніку «Быкаўнянскія магілы». 17 траўня 2015 году

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выступае падчас ушанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў камуністычнага рэжыму ў Нацыянальным гісторыка-мэмарыяльным запаведніку «Быкаўнянскія магілы». 17 траўня 2015 году

Прэзыдэнт Пятро Парашэнка лічыць, што прыйшоў час канчаткова ачысьціць Украіну ад сымбаляў рэжыму, які зьнішчыў мільёны нявінных людзей.

Выступаючы на цырымоніі памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Нацыянальным гісторыка-мэмарыяльным запаведніку «Быкаўнянскія магілы», Парашэнка заявіў, што «на днях зрабіў тое, што павінен быў» — падпісаў законы аб дэкамунізацыі, аб прызнаньні герояў нацыянальна-вызваленчай барацьбы і яшчэ некалькі законаў, якія «асучасьніваюць палітыку нацыянальнай памяці і вызваляюць яе ад імпэрскіх напластаваньняў».

«Тым жа, хто выступаў і да гэтага часу выступае супраць дэкамунізацыі, раю прыехаць сюды, у Быкоўню, на месца крывавых злачынстваў камуністычнага рэжыму», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

Ён адзначыў, што падчас палітычна і нацыянальна матываваных масавых рэпрэсіяў украінцаў у 1930-я гады «забівалі ня „ворагаў народа“, не „шпіёнаў“, „дывэрсантаў“, а сялян і рабочых, настаўнікаў, сьвятароў, навукоўцаў і галоўнае — пісьменьнікаў, спрабуючы забіць душу нашага народа».

Паводле прэзыдэнта Парашэнкі, толькі ў Быкоўні, як пацьвердзілі навукоўцы, пахавана больш за сто тысяч ахвяраў тых рэпрэсіяў.

«Тут пазбаўлялі жыцьця цэлы народ, які за некалькі год да таго не пасьпелі зьнішчыць Галадаморам, — сказаў Парашэнка і дадаў: Нездарма ворагі Ўкраіны і сёньня маршыруюць пад партрэтамі Сталіна і Берыі».

«ГПУ-НКВД, дарэчы, роднасная структура адносна СС-Гестапа. Яны пераймалі злачынны досьвед адзін у аднаго, удасканальваючы тэхніку масавага зьнішчэньня сваіх ахвяраў. Чума яна і ёсьць чума, незалежна ад таго, карычневая яна або чырвоная!» — адзначыў Пятро Парашэнка.

У лесе ля пасёлка Быкоўня на ўскраіне Кіева ў канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў таемна хавалі целы пакараных падчас палітычных пазасудовых рэпрэсіяў. Паводле зьвестак дасьледнікаў, там пахаваныя больш за сто тысяч чалавек. Яшчэ ў 2009 годзе ў СБУ паведамілі, што выявілі імёны больш за 14 000 зь іх.

XS
SM
MD
LG