Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум 1995 году: кансалідацыя ці раскол?


Фота: Gazetaby.com
Фота: Gazetaby.com

Раскалоў ці кансалідаваў беларускае грамадзтва рэфэрэндум 1995 году пра мовы і сымбалі? Ці стаў рэфэрэндум прычынай пагаршэньня стану беларускай мовы? Ці будуць у будучыні скасаваныя вынікі рэфэрэндуму, які адбыўся 20 гадоў таму?

Па гэтых пытаньнях ў Праскім акцэнце вядуць спрэчку палітоляг, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня і палаты прадстаўнікоў ІІ і ІІІ скліканьняў Вольга Абрамава, пісьменьнік, былы старшыня Партыі БНФ, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Лявон Баршчэўскі і публіцыст ды паліттэхноляг Аляксандар Фядута.

Вольга Абрамава
Вольга Абрамава

Цалкам перадачу можна паслухаць тут:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:27:24 0:00

Прапануем вам тэкст гутаркі ў скароце.

Дракахруст: 20 гадоў таму ў Беларусі прайшоў рэфэрэндум. Па яго выніках расейская мова атрымала статус дзяржаўнай нароўні зь беларускай, дзяржаўныя сымбалі — бела-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі зьмененыя на мадэрнізаваныя дзяржаўныя сымбалі БССР.

Паводле заявы Рады БНР, прынятай у гадавіну рэфэрэндуму, яго вынікі раскалолі беларускае грамадзтва. А вось Леанід Сініцын, былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, паводле яго словаў — аўтар эскізу гербу і сьцягу, ў інтэрвію Свабодзе выказаў меркаваньне, што вынікі рэфэрэндуму, наадварот, — спрыялі кансалідацыі беларусаў. Падобныя супрацьлеглыя думкі выказваюць, зразумела, ня толькі Рада БНР і спадар Сініцын. Дык спрыялі расколу ці кансалідацыі вынікі таго рэфэрэндуму?

Цяпер мы безабаронныя перад агрэсіўным наступам «рускага сьвету»

Баршчэўскі: Тое, што не скансалідавалі — гэта бясспрэчна. Кансалідацыя бачылася ў стварэньні надзеі, што яна сфармуецца да канца, як мадэрная сучасная эўрапейская нацыя. Гэты «рэфэрэндум» затармазіў гэтую надзею. Цяпер мы безабаронныя перад агрэсіўным наступам «рускага сьвету». І гэта наступства таго рэфэрэндуму.

Рэфэрэндум проста фіксаваў вынікі грамадзка-палітычнага расколу

Абрамава: Я лічу, што раскол унесла само стварэньне беларускай дзяржавы пасьля распаду СССР. Паводле апытаньня «Грамадзкай думкі» ў жніўні 1992 году, 69% віталі стварэньне сваёй дзяржавы, а 53% — шкадавалі пра выхад з СССР. Часткова ўзьнікла мэнтальная амбівалентнасьць.

Палітыка прымусовай беларусізацыі пачатку 90-х гадоў палярызавала грамадзтва яшчэ больш. Я сама прыйшла ў палітыку выключна дзеля супрацьстаяньня гэтаму працэсу.

Рэфэрэндум проста фіксаваў вынікі грамадзка-палітычнага расколу. І другі вынік: на рэфэрэндуме замацаваў сваю перамогу сымбаль гэтага расколу — Аляксандар Лукашэнка.

Дракахруст: У кантэксьце ўкраінскага досьведу — той рэфэрэндум перадухіліў у Беларусі зьяўленьне свайго мяцежнага «Данбасу» ці, наадварот, ператварыў Беларусь у адзін суцэльны «Данбас»?

Рэфэрэндум прывёў да рэпрэсій супраць беларускамоўных

Баршчэўскі: Моўныя пытаньні павінны вырашацца не пры дапамозе зброі, а ў дыскусіі, у спаборніцтве ідэяў.

У нашым выпадку рэфэрэндум прывёў да рэпрэсій супраць беларускамоўных. Яны выкінутыя з усіх сфэраў жыцьця, стварылі зь іх ізгояў.

Меншасьць павінна мець такія ж правы, як большасьць. Гэта было грубым чынам парушана тады.

Данбасу не было б у Беларусі ні пры якой хадзе падзеяў

Абрамава: Данбасу не было б у Беларусі ні пры якой хадзе падзеяў. Ды і цяпер Беларусь, дзякаваць Богу, не Данбас. Пры працягу культурнай і ідэалягічнай традыцыі пачатку 90-х лятэнтная незадаволенасьць большасьці нарастала б і праявілася крыху пазьней. Але таксама ў форме электаральнай рэвалюцыі.

У Гародні сотні людзей хадзілі на прыём да тагачаснага віцэ-мэра Мілінкевіча і прасілі яго спыніць закрыцьцё расейскамоўных школаў. Ён адказваў ім адмоўна і працягваў закрываць расейскамоўныя школы і адкрываць на іх месцы беларускамоўныя.

Калі я працаваў у Адміністрацыі прэзыдэнта, да мяне са скаргамі па моўным пытаньні зьвярнуліся толькі 4 асобы

Фядута: Я пагаджаюся з Вольгай Міхайлаўнай, што раскол адбыўся значна раней, і тое, што адбылося на рэфэрэндуме, было вынікам гэтага расколу.

Але калі я працаваў у адміністрацыі прэзыдэнта, за 5 месяцаў 1994 году да мяне са скаргамі па моўным пытаньні зьвярнуліся толькі 4 асобы. Нават не бацькі, а дзяды, якія хацелі, каб іх унук ці ўнучка вучыліся на расейскай.

Пытаньне вырашалася проста, бо ў Менску звычайна стаялі побач дзьве школы — беларускамоўная і расейскамоўная.

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Пытаньне не было штучным, але было псыхалягічным. Калі б не адбываўся ціск, беларусізацыя прайшла б крыху больш павольна, але прайшла б. А ціск сапраўды адчуваўся, і зусім не ад беларускамоўных.

У той жа Горадні адпаведнае рашэньне прыняў гарсавет, дзе большасьць складалі расейскамоўныя дэмакраты. І Мілінкевіч, як чыноўнік, проста мусіў выконваць рашэньне прадстаўнічага органу.

Дракахруст: Ці можна сказаць, што беларусы прызвычаіліся да сымбаляў, уведзеных 20 гадоў таму, лічаць іх сваімі нацыянальнымі? У апытаньнях большасьць аддае перавагу менавіта ім, на спартовых спаборніцтвах заўзятары падымаюць чырвона-зялёныя сьцягі не пад прымусам. Дык можа эскіз спадара Сініцына сапраўды стаў дэ-факта нацыянальным сымбалем?

Фядута: Я лічу больш мэтазгодным, каб дзяржаўнымі былі сымбалі, зьвязаныя зь беларускай гісторыяй. Але існуе пакаленьне, якое жыве сёньня. Яно ходзіць на стадыёны. Што ім насіць? Сымбалі дзяржавы. А сымбалем сёньня зьяўляецца сьцяг, эскіз якога быў зроблены Леанідам Сініцыным.

У свой час спадарыня Абрамава прапаноўвала на дэмакратычных мітынгах насіць побач дзяржаўны сьцяг і гістарычны. У пэўны час гэта магло быць выхадам з сытуацыі.

Абрамава: У Расеі вярнулі музыку ранейшага гімну. Калі новая дзяржава прымае падноўленую старую сымболіку, гэта азначае публічную прысягу пераемнасьці ранейшаму курсу і адмову ад радыкальнага рэфармаваньня. Гэта дэманструе веданьне дамінанты грамадзкіх настрояў і фіксуе перамогу над апанэнтамі.

Аляксандар Іосіфавіч, вы робіце падлог. Вы кажаце пра 4 незадаволеных, але гэта было ўжо пасьля перамогі на выбарах Лукашэнкі, калі ён абяцаў прыраўняць расейскую мову да беларускай.

Ну а што да сымбаляў, то, як той казаў, за адсутнасьцю гербавай паперы пішуць на звычайнай. Выбар у нас невялікі.

Цяперашні афіцыйны сьцяг для заўзятараў — гэта вымушаны выбар

Баршчэўскі: Я, як прадстаўнік камісіі па адукацыі Вярхоўнага Савету напрыканцы 1993 году, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, быў у намесьніка міністра адукацыі і ён мне сказаў, што за год па Менску было 8 скаргаў бацькоў з просьбай перавесьці дзяцей у школу з расейскай мовай навучаньня.

Што да сымболікі, то калі адна забараняецца, то яе замяшчае іншая. У 1982 годзе нас з хлопцамі на стадыёне затрымалі за БССР-аўскі чырвона-зялёны сьцяг, калі мы прыйшлі заўзець за менскае «Дынама».

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

Я таксама прыгадваю перамогу над Галяндыяй напачатку чэрвеня 1995 году, ужо пасьля рэфэрэндуму. Тады ўвесь Менск быў у бел-чырвона-белых сьцягах.

Варта нагадаць, што бела-чырвона-белыя сьцягі проста забіраюць пры ўваходзе на стадыёны, Валерыя Шчукіна некалькі разоў проста распраналі, бо ён спрабаваў пранесьці сьцяг на целе. На тэрыторыі Беларусі немагчыма падняць на стадыёне бела-чырвона-белы сьцяг. Цяперашні афіцыйны сьцяг для заўзятараў — гэта вымушаны выбар.

Дракахруст: Нават параўнаньне перапісаў 1999 і 2009 гадоў дэманструе драматычнае зьніжэньне колькасьці як беларускамоўных, гэтак і тых, хто лічыць беларускую роднай. Гэта вынік рэфэрэндуму 1995 году ці нейкіх іншых працэсаў? У рэшце рэшт, палітыка дзяржавы ня перашкодзіла росту долі этнічных беларусаў, якая павялічвалася ад перапісу да перапісу.

Баршчэўскі: Гэта безумоўна адзін з вынікаў таго рэфэрэндуму. Але гэта і вынік палітычных працэсаў. У 1999 годзе многія людзі не гаварылі па-беларуску, але сьведчылі, што гэта для іх родная мова, што яны гавораць на ёй дома. Гэта быў палітычны выбар. Тады існаваў моцны Беларускі Народны Фронт і людзі зьвязвалі зь ім спадзевы на дэмакратызацыю.
А калі БНФ быў разгромлены, калі памёр Васіль Быкаў, які быў духоўным сымбалем Фронту, то людзі пачалі гаварыць інакш.

Мяне двойчы спрабавалі звольніць за тое, што я не чытаю лекцыі на беларускай мове

Абрамава: Я б адказала камэнтаром, які быў на партале TUT. BY пад матэрыялам пра гадавіну рэфэрэндуму: «Я сам на першым перапісе пазначыў роднай беларускую, думаў, мовы вызначаецца паводле нацыянальнасьці. А на другім перапісе было тлумачэньне, паводле якога роднай атрымлівалася расейская. І ўсе адказвалі так. Я ў гэтым сэнсе тыповы беларус».

Ці мы з суразмоўцамі сёньня не разумеем адно аднаго ці падзеі 20-гадовай даўніны працягваюцца. Адбываецца жорсткае і бессэнсоўнае супрацьстаяньне.

Не перамагла б я на выбарах 1995 году, не перамог бы Лукашэнка на выбарах 1994 году, калі б пытаньне расейскай мовы, як другой дзяржаўнай, не было б актуальным для беларускага грамадзтва.
Я ў другім туры перамагла другую асобу ў БНФ. Мяне двойчы спрабавалі звольніць за тое, што я не чытаю лекцыі на беларускай мове.

Фядута: Пагаршэньне стану беларускай мовы — гэта часткова вынік рэфэрэндуму, але і вынік той моўнай палітыкі, якую праводзіць асабіста кіраўнік дзяржавы. Калі б ён вытрымліваў пэўны балянс паміж сваімі выступамі на расейскай і на беларускай мовах, я мяркую, што такі ж балянс імкнуліся захоўваць і іншыя чыноўнікі ў Беларусі.

Дракахруст: Некаторыя палітыкі і грамадзкія дзеячы мяркуюць, што рэфэрэндум 1995 году быў нелегітымны, і таму ў будучыні, у дэмакратычнай Беларусі, яго вынікі мусяць быць проста скасаваныя, як юрыдычна нікчэмныя. На ваш погляд — так яно і адбудзецца? Ці гэтае пытаньне ўсё ж і было і будзе палітычным, а не юрыдычным, і паводле палітычных чыньнікаў яно будзе вырашацца і ў будучыні?

Калі сёньня праводзіць моўны рэфэрэндум, мы атрымаем той жа вынік, як і ў 1995 годзе

Фядута: На мой погляд, добра на гэты конт падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі сказаў Уладзімер Някляеў: «Я нікога ня буду прымушаць, я буду даваць асабісты прыклад».

Калі прыйдзе прэзыдэнт, які добра валодае і беларускай і расейскай мовамі, калі ён будзе падаваць прыклад, калі сфэра ўжываньня беларускай мовы пашырыцца, то можна будзе скасаваць гэтую норму без рэфэрэндуму, бо яна ня будзе ўспрымацца настолькі балюча. Калі сёньня праводзіць моўны рэфэрэндум, мы атрымаем той жа вынік, як і ў 1995 годзе.

Я ўпэўненая, што расейская мова ў любым выпадку застанецца другой дзяржаўнай

Абрамава: Гэта залежыць ад таго, хто і зь якой праграмай прыйдзе да ўлады. Калі прыйдзе рэфарматарская ўлада агульнадэмакратычнага кшталту, то, магчыма, сымбалі будуць зьмененыя. Сынтэтычны варыянт наўрад ці пройдзе. Цяперашнюю сымболіку заменяць на іншую, а бел-чырвона-белы сьцяг захаваецца як гістарычны. Ну а калі будзе пераемнік, то ўсё захаваецца, як ёсьць.

Я ўпэўненая, што расейская мова ў любым выпадку застанецца другой дзяржаўнай. Я мяркую, што людзі паставяцца да гэтага спакайней, чым 20 гадоў таму. Паглядзіце, як няшмат камэнтароў на тых сайтах, якія прыгадалі пра рэфэрэндум 1995 году.

Вырашэньне моўнага пытаньня так ці інакш павінна быць вынікам кампрамісу элітаў

Баршчэўскі: Я думаю, што гэта пытаньне Канстытуцыйнага суду. Ён павінен ацаніць законнасьць таго рэфэрэндуму. Я ўпэўнены, што нармальны, незалежны Канстытуцыйны суд прыме менавіта такое рашэньне, бо ёсьць шмат падставаў прызнаць той рэфэрэндум несапраўдным.

Вяртаньне беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай — пытаньне больш глыбокае. Вольга Міхайлаўна падмяніла тэзіс. Добра гучыць тэзіс пра дзьве дзяржаўныя мовы, а ў рэальнасьці за 20 гадоў дзяржаўнай аказалася адна мова. Вырашэньне моўнага пытаньня так ці інакш павінна быць вынікам кампрамісу элітаў.

Гэта палітычнае пытаньне, я ўпэўнены, што сёньняшняя ўлада шмат прэфэрэнцый атрымала за сваю моўную палітыку, за закрыцьцё беларускіх школаў і за немагчымасьць стварэньня беларускамоўнага ўнівэрсытэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG