Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці загінулага на Валадарцы Ігара Пцічкіна: «Сьледзтва зрабіла майго сына наркаманам і алькаголікам»


Маці загінулага ў сьледчым ізалятары на Валадарцы ў жніўні 2013 года Ігара Пцічкіна, атрымала з Генэральнай пракуратуры чарговую адпіску.

Жанна Пцічкіна, маці загінулага ў сьледчым ізалятары на Валадарцы ў жніўні 2013 года Ігара Пцічкіна, атрымала з Генэральнай пракуратуры афіцыйны адказ на скаргу на дзеяньні сьледчых, які вялі справу яе сына.

Сутнасьць адказу — што скарга Пцічкінай паступіла ва Ўпраўленьне генэральнай пракуратуры па нагляду за выкананьнем заканадаўства Сьледчым камітэтам Рэспублікі Беларусь. І што зараз крымінальная справа запатрабаваная Генпракураторай для паўторнага вывучэньня з улікам прыведзеных спадарыняй Пцічкінай довадаў. Адказ падпісаны начальнікам Упраўленьня І.Г. Сеўруком, распавяла Жанна Пцічкіна.

У сваёй скарзе на імя генэральнага пракурора Аляксандра Канюка Жанна Пцічкіна пісала, што ў справе шмат супярэчнасьцяў:

«Па сутнасьці, фельдчар СІЗА Аляксей Крылоў, які прывязаў у суботу аб 11-й раніцы майго сына і ні разу цягам сутак, да раніцы нядзелі, не падышоў да Ігара, не аказаў яму мэдычную дапамогу, не паклікаў дзяжурнага лекара — апраўданы. Сьледзтва адмаўляе, што мой сын быў жорстка зьбіты, хаця на яго целе — шматлікія гематомы, драпіны, раны, сьляды ад вяровак. Усё гэта было зафіксавана пасьля сьмерці Ігара, ёсьць дакумэнты, заключэньні экспэртызы і фотаздымкі. Я лічу, што яго катавалі ў СІЗА. А ў выніку сьледзтва зрабіла майго сына наркаманам і алькаголікам — быццам бы ў яго была «ломка».

Справа Ігара Пцічкіна складаецца з 20 тамоў. Жанна Пцічкіна вывучала яе цягам месяцу:

«Я хадзіла кожны дзень ў Сьледчы камітэт як на працу, па 7-8 гадзін чытала і выпісвала асобныя фрагмэнты — зрабіць копію мне не дазволілі. Да таго ж, забаранілі разгалошваць падрабязнасьці. Калі мой сын, паводле вэрсіі сьледзтва — наркаман і алькаголік, дык чаго яны тады баяцца? Я буду дамагацца новага расьсьледаваньня справы. Буду зьвяртацца ў Вярхоўны суд Беларусі, у міжнародныя суды».

21-гадовы Ігар Пцічкін памёр на «Валадарцы» ў жніўні 2013 году. Паводле афіцыйных дакумэнтаў, сьмерць адбылася з-за болевага шоку і сардэчнай недастатковасьці. Сьледчы камітэт, які вёў крымінальную справу, прыйшоў да высновы, што Ігар Пцічкін ужываў наркотыкі, а таксама быў датычны да іх распаўсюджваньня. Сваякі Ігара Пцічкіна мяркуюць, што ён памёр ад зьбіцьця ў СІЗА і неаказаньня яму мэдычнай дапамогі, і спасылаюцца на шматлікія сьляды зьбіцьця на яго целе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG