Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

28-гадовая мянчанка нарадзілася хлопцам, а цяпер рыхтуецца зьмяніць пол


ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА
Eugenio Marongiu, Shutterstock.com

ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА Eugenio Marongiu, Shutterstock.com

«Бацькі сказалі, што нарадзілі сына і больш нікога ня ведаюць». Гісторыя беларускага транссэксуала.

Д. зьехала з бацькоўскай кватэры і перастала камунікаваць са старэйшым братам, у якога свая сям’я і дзеці. Давялося значна зьмяніць асяродьдзе, а грошы зарабляць у інтэрнэце. Д. кажа, што знайсьці офісную працу транссэксуалу амаль не магчыма, бо ў Беларусі мала хто хоча нават камунікаваць з тымі, хто выглядае нязвыкла. Распавядае, што яе знаёмыя транссэксуалы падзарабляюць прастытуцыяй і пакутуюць ад адзіноты.

Ведае, колькі грошай ёй спатрэбіцца, каб стаць жанчынай і рыхтуецца да таго, што будзе жыць у самоце.

Д. выглядае чалавекам, які дакладна пралічыў сваю будучыню. Ведае, колькі грошай ёй спатрэбіцца, каб стаць жанчынай і рыхтуецца да таго, што будзе жыць у самоце. Яна марыла б зьехаць у краіну, дзе стаўленьне да транссэксуалаў іншае, але застаецца ў Беларусі. Тут апэрацыі і мэдычнае абслугоўваньне для транссэксуалаў бясплатныя.

Трансэксуалізм — мэдычны тэрмін, якім называюць стан, калі біялагічны пол чалавека не адпавядае яго псыхалягічнай полавай ідэнтыфікаціі.
За апошнія 12 год каля сямі дзясяткаў беларусаў атрымалі дазвол на апэрацыю па зьмене полу. Першая была зроблена ў 1992 годзе.

17 траўня адзначаецца сусьветны дзень барацьбы супраць гамафобіі і трансфобіі.

Мой першы запыт у Інтэрнэце быў «як стаць дзяўчынкай». Мне было, напэўна, 14 год. Да гэтага я не разумела, чаму мне гэтага хочацца. Бацькі клапаціліся пра мяне, але не заўважалі ці не жадалі, што мяне цікавіць жаночая вопратка і што я паводжуся неяк «ня так». Я вельмі баялася, што яны даведаюцца, не хацела рабіць ім балюча і спрабавала прыціснуць у сабе, тое, што адчуваю. Разумела, што бацькі гэта ня прымуць.

Але я заўсёды марыла, што аднойчы буду такой, якая я ў душы. Не памятаю ў жыцьці моманту, калі б думала інакш.

Я зь дзяцінства вывучаю, што такое транссэксуальнасьць і ведаю пра гэта ўсё. Калі проста: чалавек біялягічна мае адзін пол, а псыхалягічна адчувае сябе зусім інакш. Гэта праяўляецца ў тым, як ён думае, як ён сябе паводзіць. Можа і зьнешне праяўляцца, але гэта індывідальнае і залежыць ад узроўню гармонаў.

Жах — гэта стасункі з бацькамі. Я сказала ім паўтара году таму. Давялося ад іх зьехаць, бо яны літаральна выносілі мне мозг. Яны лічаць, што я бясполая істота і ў мяне няма аніякай будучыні. Тата трохі лепш ставіцца, ён мякчэйшы, а мама ўвогуле далей пайшла: бесы, д’ябал, сатана, трэба выганяць.

Фінансава я спакойна без бацькоў пражыву. Але бязь іх складана, бо ў пераходны перыяд патрэбная падтрымка. Вядома, зараз лягчэй было прызнацца, чым дзесяць год таму, таму што ёсць пачуцьцё ўпэўненасьці, што я здолею самастойна пражыць і рабіць усё, што я хачу, бязь іх дапамогі. Тым больш, што ў нас усё мэдычнае абслугоўваньне бясплатнае, і апэрацыя таксама.

У мяне ніколі не было сэксу. Хаця мне ніхто ня верыць. Платанічныя стасункі былі і з хлопцамі, і зь дзяўчынамі. Сэксу я не хачу, бо вельмі саромеюся свайго мужчынскага цела.

Мама кажа, што нарадзіла сына і больш нікога не ведае. Бацькі сказалі: ты можаш усё, што хочаш, рабіць, мяняцца як хочаш, але мы ўсё роўна будзем цябе называць так, як мы цябе назвалі. Ёсьць сябры, якія нармальна успрымаюць і называюць мяне жаночым імём, як я хачу. Але лепшая сяброўка кажа: «Я буду нармальна да цябе ставіцца, калі ты зробіш апэрацыю. Але калі ты выглядаеш як хлопец, у мяне язык не паварочваецца цябе жаночым імем называць».

Трэба рыхтавацца да самай складанай будучыні, каб потым не шкадаваць. Я кажу пра адзіноту. Можа, будуць нейкія стасункі. Але спадзявацца на нешта сур’ёзнае складана. На жаль, вельмі мала людзей разумеюць гэта. Нават тыя, хто даўно зьмяніў пол, ва ўсіх стасункі — праблемны момант. Паўгоду-год можна ад хлопца хаваць, але калі даведваецца, то ў 99,9% выпадкаў гэта можа скончыцца кепска.

У мяне знаёмая, якая зьмяніла пол шэсьць год таму, сустракалася з хлопцам. І варта было толькі сказаць — хлопца цяпер ужо не знайсці. А да таго ўсё было выдатна, ніякіх праблем.

Зараз транссэксуалы ўсё часьцей утвараюць паміж сабой пары. Гэта самы рэальны варыянт, таму што людзі на сто адсоткаў адно аднаго.

Беларусь — унікальныя краіна ў сэнсе трансгендэраў. У нас дзьве траціны людзей, якія памянялі пол, гэта дзяўчыны, якія хацелі стаць мужчынамі. А па ўсім сьвеце — наадварот. Магчыма, у нас думаюць, што хлопцам лягчэй жыць.

Вельмі часта бываюць памылкі. Людзі ня могуць знайсьці працу, стасункі, і думаюць, што праблема ў іх поле. Мяняюць пол, а пасьля разумеюць, што праблема ў іншым. Трэба спрабаваць спачатку прыняць сябе такім, якім ты ёсьць, а пасьля ісьці на скрайнія захады. Думаю, што 5-10 год трэба спрабаваць сацыялізавацца ў сваім поле.

Вар’ятня — гэта першае месца, куды цябе накіруюць, калі ты заявіш, што хочаш памяняць пол. На два тыдні чалавек едзе ў Навінкі. Стаўленьне нармальнае, робяць тэсты розныя, аналізы. Гэта звычайнае аддзяленьне, але іншыя пацыенты ня ведаюць, чаму ты тут і лепш нікому не казаць.

У нас ёсьць адзін тэст, СМІЛ, там пяцьсот дваццаць шэсьць пытаньняў на ўсе выпадкі жыцьця. Мне яго давалі запаўняць ужо чатыры разы. Якія інтарэсы, ці ходзіце ў кіно, якой прафэсіяй хацелі б займацца... Гэта для таго, каб вызначыць, што чалавек псыхічна здаровы і можа прымаць адэкватныя рашэньні. А то я ведаю аднога з Навінак, якому паставілі дыягназ — паранаідальная шызафрэнія. Цяпер ён ходзіць па Менску, такі барадаты мужчына, і даказвае ўсім, што ён жанчына.

Потым трэба прайсьці ўсіх лекараў, якія у нас ёсьць: эндакрынолягі, псыхолягі, псыхатэрапэўт, уроляг, генэтычныя абсьледаваньні, шмат розных аналізаў. Зьдзіўляе, што ўсё бясплатна, і чалавечнае стаўленьне, зараз гэта вельмі рэдка бывае. Я вельмі за гэта ўдзячная.

Я зрабіла лязэрную эпіляцыю на твары і целе і адрасьціла доўгія валасы. Каб прайсці поўны курс эпіляцыі на твары і шыі — трэба тысяча даляраў. Валасы ў мяне ўжо не растуць. Толькі на нагах і на руках, бо эпіляцыя там надта дарагая. Але гармоны дадуць дадатковы эфэкт, і яны ўжо ніколі ня вырастуць.

Я прыходжу да плястычнага хірурга і кажу: «Мне патрэбны жаночы нос». Шчыра пытаюся: якія яшчэ мне патрэбныя апэрацыі, каб больш па-жаноцку выглядаць? Ён мне адразу ўсё расьпісаў. Адэкватныя кошты, якія ніжэй, чым недзе яшчэ. Я ў шоку: плястычная хірургія, лязэрная эпіляцыя, нідзе ніякіх лішніх пытаньняў мне не задалі і ставіліся нармальна.

5 тысяч даляраў — гэта мінімум, які мне трэба на плястычныя апэрацыі. Зьмяніць форму падбародзьдзя каштуе менш за тысячу даляраў, рынаплястыка — дзьве тысячы даляраў, кадык прыбраць — васямсот даляраў. Але ўсё ж гэта не фантастычныя грошы. Таксама не маленькія для нашай краіны, але рэальныя.

Мне пасуе ўвесь жаночы абутак 41-га памеру, хаця ў мяне мужчынскі 44-ы. Я не жартую. І з вопраткай неяк так складана. Я ўсё ж ростам ня два нуль пяць, а сто восемдзесят восем.

Са старых сяброў і знаёмых пакуль у меня засталося каля паловы. Я кажу пакуль, таму што я яшчэ не зрабіла канчатковай зьмены. Шмат хто, хто, падавалася, не зразумее мяне, яны нармальна паставіліся, і мы камунікуем. А хто падаваўся добрым сябрам — цалкам сышлі з майго жыцьця. Кажуць рознае: нам агідна, гэта жахліва, нам гэта не зразумела і лепш нам не кантактаваць. Вельмі крыўдна.

Афіцыйна ты можаш пачаць прымаць гармоны, толькі калі памяняеш пашпарт. Каб даць дазвол на замену дакумэнтаў, трэба рашэньне камісіі. Пасьля ты ўжываеш гармоны. На іх трэба даляраў 15 у месяц, на старце можа трыццаць-сорак. Але гармоны трэба піць усё жыцьцё. Калі прайшло два-тры гады, дзесяць даляраў у месяц на гармоны трэба стабільна. Проста як вітаміны п’еш.

Праз паўгоду-год гармонаў трэба яшчэ адна камісія, якая дае дазвол на апэрацыю. Зьмена мужчынскага полу на жаночы — гэта геніталіі, грудзі. Усё бясплатна.

Галоўнае — нікуды не хадзіць ноччу, тады ўсё добра будзе. Хаця звычайна ўсё абмяжоўваецца злымі поглядамі. Агрэсіі, на жаль, больш, але ёсьць людзі, якім усё роўна. Асабліва цяжка ў пераходны пэрыяд — калі ты ані мужчына, ані жанчына. Тады да цябе ўвесь час ўвага.

Прасьцей за ўсё — зьехаць туды, дзе цябе ніхто ня ведае. Дзевяноста адсоткаў пераяжджаюць нават у сваім горадзе, толькі ў іншы раён, калі горад вялікі. Жыць там, дзе ты пражыў усё жыцьцё, проста немагчыма. Ідэальна — ўвогуле ў іншае месца, у іншы горад. Я падумваю пра Польшчу. У іх транссэксуал у парлямэнце. Гея абралі прэзыдэнтам вялікага горада. Вельмі лібэральнае стаўленьне, бо там глядзяць на людзей, а не на нейкія сэксуальныя ўпадабаньні. Улічваючы, што касьцёл мае моцныя пазыцыі — гэта зьдзіўляе.

Я сама пазбаўляю сябе магчымасьці мець дзяцей. Гэта вельмі складанае пытаньне, часта пра гэта думаю. Адна справа, калі хтосьці зараз дзяцей ня хоча, але потым яны будуць. А разумець, што цяпер я магу мець дзяцей, а потым іх ня будзе, гэта зусім іншае. Але мы жывем у дваццаць першым стагодзьдзі, таму розных магчымасьцяў маса.

Мая спэрма ляжыць у банку. У Беларусі два цэнтры ЭКО, якія прымаюць на захаваньне. Вядома, транссэксуалізм — гэта не прычына, каб здаць біяматэрыял. Можна здаць, напрыклад, калі ты працуеш, напрыклад, на шкоднай працы. Захоўваньне каштуе каля двух мільёнаў у год. А ў Расеі — каля двухсот даляраў.

Я так зрабіла. Пакуль у мяне як у мужчыны ёсьць такія магчымасьці, лепш усе іх выкарыстаць, таму што потым будзе позна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG