Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ісламская дзяржава» вядзе баі ў гістарычным горадзе Пальміра (+ФОТА)


У Сырыі паведамляюць пра жорсткія баі ўрадавых войскаў зь ісламісцкай групоўкай «Ісламская дзяржава» ў гістарычным горадзе Пальміра, руіны якога зьяўляецца помнікам сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Па дадзеных крыніц сырыйскіх праваабаронцаў, якія базуюцца ў Лёндане, па стане на суботу, 16 траўня, ісламісты захапілі значную тэрыторыю на поўначы горада, баі працягваюцца і ў яго заходняй частцы.

Раней праваабаронцы паведамлялі, што ісламісты пакаралі сьмерцю на захопленых тэрыторыях у Пальміры 23 чалавекі, зь іх 9 непаўналетніх і 5 жанчын. Гэта было ўжо другое паведамленьне аб масавым пакараньні з боку ісламістаў з часу пачатку іх наступу ў гэты рэгіён на гэтым тыдні.

Руіны старажытнага горада Тадмора, вядомага на Захадзе як Пальміра, аднаго з самых багатых гарадоў-дзяржаваў позьняй антычнасьці, ужо зазналі пэўную шкоду падчас чатырохгадовай грамадзянскай вайны ў Сырыі.

Ісламісты з групоўкі «Ісламская дзяржава», якія захапілі значныя тэрыторыі ў Сырыі і суседнім Іраку, раней ужо зьнішчылі некалькі старажытных археалягічных аб’ектаў у Іраку.

Наступ «Ісламскай дзяржавы» у гэтай мясцовасці яшчэ пагаршае становішча ўрадавых сілаў Сырыі, якія ў апошнія тыдні таксама зазналі шэраг паразаў ад неісламісцкіх паўстанцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG