Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнта Эгіпту Мухамада Мурсі асудзілі на сьмерць


Крымінальны суд Эгіпту сёньня прысудзіў адхіленага ад улады прэзыдэнта-ісламіста Мухамада Мурсі і яшчэ больш за сто чалавек да сьмяротнага пакараньня па абвінавачваньні ў дачыненьні да масавых уцёкаў з турмаў ў 2011 годзе. Сярод асуджаных — лідэры ўзначаленага Мурсі руху «Браты-мусульмане».

Яшчэ 16 чалавек прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня па справе аб змове з замежнымі арганізацыямі.

У адпаведнасьці з эгіпэцкімі законамі, гэтыя рашэньні суду перададзены на зацьвярджэньне вярхоўнага муфтыя краіны. Канчатковы прысуд па абодвух справах будзе абвешчаны 2 чэрвеня.

Абвінавачваньні па гэтых справах зьвязаныя з уцёкамі з эгіпэцкіх турмаў некалькіх тысяч асуджаных, у тым ліку палітвязьняў, падчас масавых народных выступаў у пачатку 2011 года, якія прывялі да адстаўкі шматгадовага прэзыдэнта Хосьні Мубарака.

У красавіку Мухамад Мурсі быў асуджаны да 20 гадоў турмы па абвінавачваньнях, зьвязаных зь пераследам удзельнікаў масавых антыўрадавых выступаў у 2012 годзе.

Мухамад Мурсі быў адхілены ад улады летам 2013 пасьля масавых акцый пратэсту ў краіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG