Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 17 траўня: дзень памяці музыкі Зьмітра Сідаровіча


Вёска Дубнікі, Любанскі р-н. Фота: Натальля Сарагавец

Вёска Дубнікі, Любанскі р-н. Фота: Натальля Сарагавец

Падзеі гэтага дня ў Беларусі і сьвеце&

Фота дня:

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

17 траўня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень супраць гамафобіі. У 1990 годзе гомасэксуальнасьць была афіцыйна выключаная зь Міжнароднай клясыфікацыі хвароб.

У Менску ў прасторы «ЦЭХ» (бар «Хуліган») пройдзе першы ў Беларусі мота-кастом фэстываль Recast Moto Fest. Пачатак а 12-й гадзіне.

У менскім Джаз-клюбе Яўгена Уладзімірава (Палац Рэспублікі, клуб «Цэнтар») адбудзецца канцэрт-трыб’ют «Трыюмф Блюзу — Легендарны Джэймс Котан». Пачатак а 19-й гадзіне.

Менск. У сувязі з асфальтаваньнем праспэкта Газэты «Звязда» на ўчастку ад вул. Голубева да праспэкта Любімава будзе абмежаваны рух аўтатранспарту. З гэтай прычыне ўносяцца зьмены ў маршруты гарадзкога пасажырскага транспарту. Менск, працягваецца 8-ы міжнародны зьлёт рэтра- і клясычных аўтамабіляў «Рэтра-Менск — 2015». На тэрыторыі музэя авіяцыйнай тэхнікі адбудуцца аглядныя палёты на верталётах і спартовых самалётах з выкананьнем фігур вышэйшага пілятажу, а таксама аўтабаі на выжываньне.

Гэты дзень у гісторыі:

1788 — у Стакгольме адкрыўся Каралеўскі драматычны тэатар.

1792 — заснавана Нью-Ёркская фондавая біржа.

1814 — у Нарвэгіі прынятая першая Канстытуцыя.

1954 — Вярхоўны суд ЗША абвясьціў незаконнай расавую сэгрэгацыю ў школах.

1985 — у СССР прынята пастанова «Аб мерах па пераадоленьні п’янства і алькагалізму і выкараненьні самагонаварэньня».

Гэты дзень у памяці:

1510 — памёр Сандра Батычэлі, італьянскі мастак. 1904 — нарадзіўся францускі актор Жан Габэн.

1931 — памёр мітрапаліт Менскі і Беларускі Мэльхісэдэк. У 1922 годзе, калі беларуская праваслаўная царква ў БССР абвясьціла сваю аўтаномію ад Масквы, мітрапаліт Мэльхісэдэк узначаліў гэты працэс аддзяленьня. Як прапаведнік, ён быў вядомы сваёй прыхільнасьцю да беларускага нацыянальнага адраджэньня і падпаў за гэта пад перасьлед бальшавіцкіх спэцслужбаў.

1934 — памёр Алесь Салагуб, беларускі паэт, публіцыст. У міжваеннай Заходняй Беларусі браў удзел у дзейнасьці Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Таварыства беларускай школы. Сядзеў у польскіх турмах. У 1928-м перайшоў у БССР, дзе празь пяць гадоў падпаў пад рэпрэсіі і быў расстраляны.

1934 — памёр Міхаіл Кахановіч, палітычны дзяяч, пэдагог, рэдактар, публіцыст. У 1919-1922 гадах першы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі ў «Беларускай крыніцы», «Беларускім жыцьці», «Беларускіх ведамасьцях» і іншых. У лістападзе 1922 году абраны дэпутатам ў Сойм Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клюбу. У 1925 годзе пераехаў у БССР. Арыштаваны 11 жніўня 1933 году па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9 студзеня 1934 году прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў НКВД Менску. Рэабілітаваны 16 жніўня 1956.

1950 — нарадзілася Валерыя Навадворская, расейская палітычная дзяячка, дысыдэнтка, журналістка, заснавальніца лібэральнай партыі «Дэмакратычны саюз». Нарадзілася яна ў Беларусі, у Баранавічах.

1952 — нарадзіўся Анатоль Красоўскі, беларускі бізнэсовец. 16 верасьня 1999 году разам з палітыкам Віктарам Ганчаром быў выкрадзены ў Менску пры нявысьветленых абставінах.

2014 — памёр Зьміцер Сідаровіч — беларускі музыка, дудар, былы лідэр гурту «Камэлот», аўтар і выканаўца песень, зьбіральнік фальклёру.

Цытата:

«Украіна — гэта тая Русь, якая засталася дома».

Валерыя Навадворская

XS
SM
MD
LG