Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю на Белсаце пакажуць «Жыве Беларусь!» ВІДЭА


Фільм будзе паказаны на тэлеканале «Белсат» упершыню.

Раней фільм дэманстраваўся на міжнародных кінафэстывалях, у кінатэатрах Польшчы і на тэлеканалах шэрагу краінаў.

Паказ фільму адбудзецца ў нядзелю 17 траўня ў 21:35 у праграме «Кінаклюб» на тэлеканале Белсат, якую вядзе Вячаслаў Ракіцкі.

Госьцем перад сэансам будзе рэжысэр Кшыштаф Лукашэвіч. А пасьля фільму можна будзе паглядзець рэпартаж «Жыве Беларусь! За кадрам».

Фільм «Жыве Беларусь!» (2013) апавядае пра сучасную Беларусь. Маладога рок-музыку Мірона Захарку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя сьпісы. У войску ён пачынае весьці дзёньнік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзёньнік перарастае ў адкрытае супрацьстаяньне з рэжымам. Фільм здымаўся ў лістападзе-сьнежні 2011 году ў Польшчы. Аднак Амбасада Беларусі ў Польшчы рэзка асудзіла фільм і заклікала не паказваць у кінатэатрах. Музыку да фільму напісаў Лявон Вольскі. Актору Анатолю Кату за ўдзел у фільму скасавалі кантракт на дзяржаўнай кінастудыі «Беларусьфільм».

«Жыве Беларусь!» дэманстраваўся ў кінатэатрах і на фэстывалях больш чым 25 краінаў сьвету, і атрымаў 8 перамог на міжнародных кінафэстывалях. У кінатэатрах і на кінафэстывалях у Беларусі фільм не паказваўся, а дзяржаўныя мэдыі яго існаваньне праігнаравалі.

Мапа краінаў, дзе паказвалі «Жыве Беларусь!»

Фільм паказвалі на кінафэстывалях у Канах, Бэрліне, польскім Цешыне (Польшча), Леўвардэне (Нідэрлянды), Кіеве (Украіна), Быдгашчы (Польшча),Торуні (Польшча), Сэтубале (Партугалія), Чыкага (ЗША), Таронта (Канада), Празе (Чэхіі), Вільні (Літва), Насау (Багамы), Гоа (Індыя) і інш. Фільм уганараваны гран-пры на кінафэстывалях у Вене (Аўстрыя), Варшаве (Польшча), Стамбуле (Турэччына), прызам глядацкіх сымпатыяў — у Гдыні (Польшча), за найлепшы сцэнар — у Брусэлі (Бэльгія), за найлепшую музыку — у Трускаўцы (Украіна).

Рэпартаж «За кадрам»

XS
SM
MD
LG