Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Лукашэнка пагрозамі хавае трывогу, бо бачыць, што ягоная мадэль банкрутуе», — Раманчук


Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Мы будзем захоўваць працоўныя калектывы, але падтрымліваць будзем толькі тых, хто хоча працаваць. Наперадзе яшчэ мацнейшая канкурэнцыя. Таму разгільдзяям, дармаедам, алькаголікам і прайдзісьветам у працоўных калектывах рабіць няма чаго», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з працоўным калектывам МТЗ.

Чаму гэтыя пагрозы адрасаваныя менавіта трактарабудаўнікам? Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што насамрэч гэтых словаў заслугоўвае кіроўны апарат Лукашэнкі.

— Калі жартам адказаць, дык хутка ўвесь ваенна-прамысловы комплекс будзе працаваць над прыборам, які вызначае, нармальна працуе той ці іншы чалавек або цэлае прадпрыемства — ці ненармальна. Бо звычайныя паказчыкі, як прыбытак, цана акцыяў, доля на рынку, — іх Лукашэнка чамусьці ігнаруе. І таму ня можа прызнацца, што больш дармаедаў, прайдзісьветаў і лайдакоў, чым у ягонай сыстэме кіраваньня, няма нідзе. Не МТЗ такі дрэнны, а сыстэма кіраваньня, сыстэма ўзаемаадносін паміж тымі, хто кіруе і хто працуе, зусім заганная. Мяркую, стану МТЗ пагражае ня столькі канкурэнцыя, колькі гэтая намэнклятура, якая 20 гадоў вадзіла дзяржаўную прамысловасьць па пустэльні і прывяла да таго пункту, адкуль Лукашэнка яе браў. Калі трэба зноў ісьці на выбары зь лёзунгам «Запусьцім заводы!».

— Ці ўдасца людзей запалохаць гэтымі словамі?

— Хутчэй за ўсё, ніхто з трактарабудаўнікоў не запалохаўся, яны бачылі і ня тое. Тым больш, гэтыя пагрозы яўна на публіку, што ён нібыта такі грозны. Насамрэч, як кажуць, — Юпіцер, калі ты злуеш, значыць, ня маеш рацыі. Ён хоча, каб людзі думалі, што гэта ня ён з сваім урадам вінаваты ў крытычным стане прамысловасьці і росьце беспрацоўя, а гэта яны такія, лянуюцца ды зашмат спажываюць алькаголю. Тыповая сытуацыя пошуку вінаватых вакол, замест таго каб зьмяніць сыстэму кіраваньня і даць прафэсіяналам кіраваць гэтым прадпрыемствам.

— Хіба на МТЗ шмат алькаголікаў?

— На гэтым прадпрыемстве — ня больш як дзе. А пасьля дэкрэту № 5, калі далі права звальняць, то даўно маглі ад усіх пазбавіцца. Ня ў гэтым справа. Проста ён хоча выглядаць грозным, а на самой справе хавае трывогу, бо бачыць, што ягоная мадэль банкрутуе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG