Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь далучылася да Балёнскага працэсу: чыноўнікі — у выйгрышы, студэнты — наўрад


http://www.svaboda.org/media/photogallery/27010057.html

http://www.svaboda.org/media/photogallery/27010057.html

З чарговай спробы Беларусь прынялі ў так званы Балёнскі працэс. Паўсотні краінаў, якія ўваходзяць у Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, на форуме ў Армэніі выказалі авансавыя чаканьні адносна пераўтварэньняў у адукацыйнай сфэры новага сябра арганізацыі. Праўда, зьмест «дарожнай карты» для афіцыйнага Менску не агучаны.

Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая больш як за два дзесяцігодзьдзі незалежнасьці не рэалізавала ідэю нацыянальнага ўнівэрсытэту, дзе б выкладаньне вялося на роднай мове. Наадварот, за часы кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі беларуская мова мэтанакіравана выціскаецца з сыстэмы адукацыі — пачынаючы ад садкоў і школаў і заканчваючы ВНУ.

Разам з мовай перасьледуецца іншадумства. Зьліквідаваная адна з галоўных перадунівэрсытэцкіх пляцовак — Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Падаўся ў эміграцыю Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, згорнутыя шматлікія адукацыйныя праекты, якія фундаваліся з замежных фондаў. За палітычную актыўнасьць па ўсёй краіне сотнямі адлічвалі студэнтаў, якіх, зноў жа, ратавалі эўрапейскія ўстановы.

Дык адкуль раптам узьнік давер да беларускай сыстэмы адукацыі з боку эўрапейскай супольнасьці? Пэдагог зь вялікім стажам выкладаньня, адзін з заснавальнікаў Коласаўскага ліцэю Лявон Баршчэўскі не сумняецца ў палітычным падтэксьце прынятага рашэньня:

«Як я разумею, нічога, па вялікім рахунку, не зьмянілася. Што, рэктараў сталі абіраць? Што, нейкае самакіраваньне рэальнае зьявілася сярод студэнтаў? Нічога ж гэтага не адбылося! Што тычыцца стандартаў адукацыйных, то таксама не было ніякай праграмы, каб іх распрацоўваць у рэчышчы таго, што існуе ў эўрапейскай вышэйшай школе — прынамсі што тычыцца гуманітарных спэцыяльнасьцяў і кірункаў. Таму, вядома, рашэньне збольшага палітычнае, і я ня думаю, што яно нейкім чынам дапаможа вырашыць тыя праблемы, якія існуюць у сфэры вышэйшай адукацыі ў нас. Мала таго, перакананы, што адразу ж будзе пахаваная ідэя таго, каб рэктара выбіраць ва ўнівэрсытэце ці ўдзельнічаць у міжнародных праграмах абмену на раўнапраўных асновах. Таму, як мне здаецца, гэтае рашэньне няўдалае, і ў прынцыпе яно нічым не дапаможа беларускай адукацыі. Затое адначасна дыскрэдытуе само паняцьце падыходу да разнастайнасьцяў адукацыйных праграмаў у сьвеце».

Прыклад іншага стаўленьня да навучальнага працэсу — Армэнія, у сталіцы якой учора і сёньня працуюць міністры Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Нягледзячы на фармальна прарасейскую арыентацыю палітычнага кіраўніцтва краіны, ідэалягічная залежнасьць ад «вялікага брата» зьведзеная да мінімуму. Яшчэ на пачатку 1990-х тут адмовіліся ад прыкметаў савецкай спадчыны ў помніках і назвах вуліцаў, а базавыя прынцыпы адукацыі былі перабудаваныя на аснове свабоды выбару. З гэтай прычыны ў Ерэване працуюць установы, якія немагчыма ўявіць у Менску: Амэрыканскі ўнівэрсытэт Армэніі, Францускі інжынэрны інстытут, Эўрапейская рэгіянальная адукацыйная акадэмія ды іншыя. Пра шырокія магчымасьці ў адукацыі — выкладчыца Славянскага ўнівэрсытэту ў Ерэване Ніна Меграбян:

«Што тычыцца Армэніі, то ёй да Эўропы, як кажуць, дзень аленямі, два сабакамі. Нібыта складана інтэгравацца туды нават з геаграфічнага гледзішча. Тым ня меней, Армэнія таксама імкнецца ў Эўропу, і ў нас шмат было запачаткавана заходніх праграмаў. Зрэшты, яны ёсьць і цяпер. Прыкладам, дзейнічае Амэрыканскі ўнівэрсытэт, у якім выкладаньне вядзецца на ангельскай мове і выдаецца дыплём адпаведнага ўзору. Ёсьць Францускі інстытут, Эўрапейская акадэмія, Расейска-Армянскі (Славянскі) ўнівэрсытэт ды іншыя навучальныя ўстановы. Увогуле, тут шмат эўрапейскіх праграмаў, праграмаў па лініі ААН, якія пасьпяхова рэалізуюцца. Таму па сваёй сутнасьці Армэнія заўсёды была праэўрапейская. Але пры гэтым зразумела, што і Расея яшчэ ад царскіх часоў мае свой уплыў на Армэнію».

Падобным наборам альтэрнатыўнай адукацыі могуць пахваліцца практычна ўсе іншыя краіны, якія паўсталі пасьля распаду СССР. Бадай, толькі Расея ідзе беларускім шляхам, у адказ на заходнія санкцыі масава зачыняючы «гнёзды замежнай прапаганды». Пры тым, што прынцыпы Балёнскага працэсу грунтуюцца якраз на даступнасьці розных адукацыйных праграмаў.

Як кажа выкладчык Лявон Баршчэўскі, новы статус для Беларусі, ухвалены ў Армэніі, для асобных катэгорыяў сапраўды мае рэальную выгаду. Але ў меншай ступені гэта тычыцца ўласна студэнтаў ці нават прафэсуры:

«Галоўнае для Мінадукацыі палягае ў тым, што Беларусь нарэшце туды ўключылі, бо выключыць — нашмат больш складана, чым не прыняць. Адпаведна, будуць зь Менску нейкія рапарты накіроўвацца, будуць імітаваць кіпучую дзейнасьць на профільных пасяджэньнях. Таму хто рэальна ў выніку выйграў, дык гэта, безумоўна, чыноўнікі ад адукацыі. Цяпер яны часьцей будуць выяжджаць за мяжу, будуць рабіць нейкія даклады, трымаць справаздачы. Яны, бясспрэчна, у выйгрышы. А вось ці выйгралі нешта студэнты і тым больш унівэрсытэцкая прафэсура — я ў гэтым вельмі сумняюся».

Тры гады таму пытаньне ўключэньня Беларусі ў Балёнскі працэс было зьнятае з парадку дня на падставе рэкамэндацыяў працоўнай групы. Экспэрты заявілі пра негатовасьць Менску далучыцца да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў сувязі зь невыкананьнем базавых прынцыпаў — недастатковай аўтаноміі ВНУ, адсутнасьці акадэмічнай свабоды, немагчымасьці ўдзелу студэнтаў у кіраваньні адукацыйнымі працэсамі. Гэта быў першы выпадак, калі заяўку краіны адхілілі з-за неадпаведнасьці нацыянальнай сыстэмы адукацыі агульнапрынятым эўрапейскім крытэрам.

XS
SM
MD
LG