Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка страціў інтуіцыю — інакш бы не падпісаў дэкрэт пра дармаедаў, — Заіка


Леанід Заіка

Леанід Заіка

Падатковая інспэкцыя пачала выкананьне дэкрэту аб дармаедах — сьпісы пададуць да 1 ліпеня 2016 году.

Сталічная падатковая служба пачала выконваць дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

Як паведамляе інфармацыйны гарадзкі партал «Минск-новости», у поле зроку падатковых органаў сталіцы за чатыры месяцы 2015 году трапілі паўтары тысячы менчукоў, якім выстаўленыя патрабаваньні запоўніць дэклярацыю пра даходы і маёмасьць.

На каго зьвярнулі ўвагу? Як паведаміла на прэс-канфэрэнцыі намесьнік начальніка інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Менску Галіна Гурыновіч, ёсьць чатыры асноўныя катэгорыі грамадзянаў, за якімі пільна назіраюць падаткоўцы.

Першая катэгорыя — грамадзяне, якія сыстэматычна езьдзяць за мяжу.

Другая — беспрацоўныя грамадзяне, а таксама грамадзяне зь нязначнымі даходамі, якія зрабілі дарагія пакупкі.

Трэцяя — асобы, якія атрымалі даходы ў выглядзе пазык і крэдытаў і дэкляруюць іх у якасьці крыніц сваіх выдаткаў.

Чацьвёртая — грамадзяне, якія набываюць кватэры і дамы павышанай камфортнасьці, дарагія зямельныя ўчасткі і транспартныя сродкі.

«У гэтым годзе мы зацікавіліся фізычнымі асобамі, якія маюць ва ўласнасьці ў Менску нежылыя памяшканьні, — такіх грамадзянаў каля 500, а таксама тымі, хто мае ва ўласнасьці больш за 4 кватэры. Выяўлена 26 такіх менчукоў», — сказала Галіна Гурыновіч.

Акрамя таго, падатковую службу цікавіць інфармацыя пра грамадзянаў, якія выплацілі 100% за кватэры, разьмешчаныя ў жылых комплексах падвышанай камфортнасьці — «Аквамарын», «Парк-сіці», «Ізумрудны», «Вівальдзі», «Вівальдзі-2», «Чайкоўскі», «Ветразь», — а таксама набылі нерухомасьць коштам звыш 1 мільярда рублёў і аўтамабілі коштам звыш 500 мільёнаў рублёў.

Мяркуецца, што сьпісы дармаедаў будуць падрыхтаваныя падатковымі органамі да 1 ліпеня 2016 году.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што падпісаньне Лукашэнкам дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» — няўдалы крок: асаблівага ўліваньня грошай у бюджэт ён ня дасьць, але значна аслабіць падтрымку ўлады:

«Я лічу, што Лукашэнка страціў інтуіцыю. Увогуле ён вельмі інтуітыўны чалавек, але тут ён пракалоўся. Дэкрэт пра дармаедаў — гэта вельмі эфэктыўны крок напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў якраз не на карысьць таго, хто цяпер трымае ўладу. Прыдумаць лепшай антылукашэнкаўскай кампаніі немагчыма. Калі гэты дэкрэт пачне дзейнічаць, то ён спрацуе на мабілізацыю беларусаў супраць цяперашняй улады. Гэты дакумэнт закранае каля мільёна беларусаў — найперш тых, хто едзе працаваць за мяжу. Гэта кваліфікаваныя, актыўныя работнікі, якія зарабляюць там, а трацяць грошы тут, у Беларусі. А прэзыдэнт абвяшчае нейкае паляваньне на вядзьмарак».

Грамадзяне, якія ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў у 2015 годзе, згодна з дэкрэтам абавязаныя да 15 лістапада 2016 году ўнесьці ў даход бюджэту 3,6 мільёна рублёў. Для асобаў, якія зробяць выплаты загадзя, прадугледжаны бонус — сума будзе зьніжана на 10%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG