Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністэрства інфармацыі шукае заснавальніка сайта «Свабодны рэгіён»


Сайт «Свабодны рэгіён»

Сайт «Свабодны рэгіён»

У лісьце за подпісам міністра інфармацыі Ліліі Ананіч паведамляецца, што ўладальніку сайта вынесена папярэджаньне, бо на гэтым рэсурсе «выяўленыя факты парушэньня заканадаўства аб СМІ».

Ліст зь міністэрства быў дасланы на электронны адрас, пазначаны на сайце для кантакту. У допісе прапанавана «ў тэрмін да 15 траўня 2015 году падаць на адрас Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь зьвесткі, датычныя ўладальніка гэтага інфармацыйнага рэсурсу» — назву юрыдычнай асобы або прозьвішча, імя, імя па бацьку фізычнай асобы, а таксама юрыдычны адрас ці месца жыхарства.

Міністэрства паведамляе, што «ў адпаведнасьці з падпунктам 1.2 пункту 1 артыкулу 49 Закону Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі“ ўладальніку інфармацыйнага рэсурсу выносіцца пісьмовае папярэджаньне за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа прычыніць шкоду дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам».

Сайт freefegion. info існуе ўжо некалькі гадоў. Напачатку рэсурс асьвятляў падзеі Полаччыны і прэзэнтаваў сябе як інфармацыйную прастору аднайменнай суполкі «Свабодны рэгіён», якая аб’яднала «ўсе здаровыя сілы Полацкага рэгіёну».

Але зь цягам часу тэматыка матэрыялаў пашырылася — тут друкаваліся крытычныя артыкулы пра палітычную сытуацыю ў Беларусі і пра вострыя праблемы ўсёй Віцебшчыны. Прычым крытыка гучала на адрас ня толькі прадстаўнікоў уладаў, але й вядомых апазыцыйных дзеячаў. Рэсурс займеў калёнку блогаў, якія вялі сталыя аўтары: віцебскі журналіст Уладзімер Жыгулоў, грамадзкі актывіст зь Віцебску Пётар Іваноў, вядомы лекар-праўдаруб Ігар Пасноў, старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу ААТ «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў, аршанскі актывіст і журналіст Алесь Шутаў.

Некалькі год таму адзін з аўтараў рэсурсу, журналіст і прыхільнік стварэньня грамадзкага аб’яднаньня «Свабодны рэгіён» Яўген Парчынскі распавядаў «Свабодзе» пра ціск з боку міліцыі і «людзей у цывільным». Што да ўладальніка сайту, то пра яго на старонцы freefegion.info няма ніякіх канкрэтных зьвестак. Заснавальнікам рэсурсу называе сябе Вадзім Драздоў, колішні жыхар Наваполацку, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Швайцарыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG