Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цукербэрг украінцам: зьмены палітыкі Фэйсбуку ня будзе


Кіраўнік кампаніі Facebook Марк Цукербэрг у карэктнай форме адмовіў украінскім карыстальнікам гэтай сацыяльнай сеткі ў просьбе адносна зьмены палітыкі блякіроўкі старонак і паведамленьняў.

Падчас сэсіі адказаў 14 траўня мадэратар агучыў пытаньне, падтрыманае 45 тысячамі карыстальнікаў. Ізраільцянін па імені Грыгорый паскардзіўся на несправядлівасьць блякаваньня старонак і паведамленьняў з боку Facebook, лічачы, што ўкраінскі сэгмэнт сеткі мадэруюць расіяне.

Марк Цукербэрг прызнаў, што было некалькі паведамленьняў, якія ў Facebook вырашылі выдаліць. На яго думку, гэта было зьвязанае з парушэньнем правілаў, якія забараняюць выкарыстаньне «мовы нянавісьці» супраць іншай нацыянальнасьці.

«Людзі паскардзіліся, і мы, прагледзеўшы гэтыя паведамленьні, вызначылі, што некаторыя з гэтых паведамленьняў утрымлівалі абразьлівую лексыку ў дачыненьні да некаторых расейцаў, таму мы іх зьнялі», — сказаў Цукербэрг.

Ён таксама запэўніў, што не існуе «расейскага офісу» сеткі, якая б адказвала за ўкраінскі сэгмэнт. Паводле яго словаў, мадэрацыю ажыцьцяўляюць работнікі прадстаўніцтва кампаніі ў Дубліне, і яны валодаюць мовай, на якой было зроблена паведамленьне.

Сацыяльная сетка Facebook на працягу апошніх гадоў стала адным з франтоў інфармацыйнай вайны Расеі супраць Украіны. Усё часьцей здараюцца выпадкі, калі шараговыя карыстальнікі сацыяльнай сеткі і вядучыя ўкраінскія блогеры фіксуюць блякіроўку сваіх асобных паведамленьняў або і цэлай старонкі.

Украінскія карыстальнікі Facebook зьвярнуліся да заснавальніка сацсеткт Марка Цукербэрга з просьбай вырашыць гэтыя супярэчнасьці.

Украінцы патрабуюць стварыць асобны офіс для ўкраінскага Фэйсбука.

Скаргамі на галізну ў сацсетцы былі блякіраваныя карыстальнікі за абмен фатаграфіяй маленькай дзяўчынкі, якая атрымала мэдаль за свайго забітага бацьку, байца АТО.​

XS
SM
MD
LG