Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат паведамляе пра 21,6% стратных прадпрыемстваў


Экспэрты лічаць, што сапраўдныя лічбы ў два разы большыя.

Паводле зьвестак Белстату, за I квартал 2015 году стратнымі былі 1716 прадпрыемстваў і арганізацыяў, што складае 21,6% ад іх агульнай колькасьці ў краіне.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2014 году колькасьць стратных арганізацыяў вырасла на 4,4% (347 арганізацыяў), а сума чыстай страты вырасла ў 2 разы.

Найбольш бядотнае становішча ў першым квартале 2015 году назіраецца сярод арганізацыяў рыбалоўства (60% стратных арганізацыяў), прамысловасьці (31%), гатэляў і рэстаранаў (28,1%) і будаўніцтва (25,3%).

Найлепшыя паказчыкі — сярод арганізацыяў сувязі (2.2% стратных арганізацыяў) і адукацыі (4,1%).

У цэлым назіраецца тэндэнцыя да павелічэньня колькасьці стратных прадпрыемстваў. Напрыклад, усяго за 2014 год стратнымі былі 13,5% арганізацыяў, у 2013 годзе — 10,3%.

Эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што колькасьць стратных прадпрыемстваў насамрэч у 1,5-2 разы большая, чым паведамляе Белстат.

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Ёсьць паняцьце „крытычнай рэнтабэльнасьці“, якое ўлічвае і час абароту капіталу і тэмпы інфляцыі. Калі гэта ўлічыць, то аказваецца, што паводле крытычнай рэнтабэльнасьці заўсёды значна большыя паказчыкі стратнасьці. Трэба ўлічваць, што цяпер прыкладна палова прадпрыемстваў у Беларусі маюць рэнтабэльнасьць ад 0 да 5%, што ва ўмовах высокай інфляцыі фактычна робіць іх стратнымі. Таму колькасьць стратных прадпрыемстваў значна большая», — тлумачыць ён.

Злотнікаў адзначае, што высокі ўзровень стратных прадпрыемстваў прыводзіць да разьвіцьця крызісу неплацяжоў і блякаваньня разьвіцьця эканомікі:

«Што значыць стратнае прадпрыемства? Гэта значыць, што яны ня плацяць своечасова па сваіх фінансавых абавязацельствах. І, як сьледзтва, разьвіваецца крызіс неплацяжоў. Гэта значыць, што разьлічвацца будуць бартэрам па даўгах, разьлічвацца сваёй прадукцыяй з работнікамі прадпрыемстваў. У гэтых умовах эфэктыўнасьць эканомікі падае, эканоміка пачынае працаваць яшчэ горш».

Экспэрт падкрэсьлівае, што сама па сабе наяўнасьць стратных прадпрыемстваў у эканоміцы — гэта цалкам нармальна. Аднак стратныя прадпрыемствы трэба банкрутаваць, іх рэсурсы варта перадаваць іншым суб’ектам гаспадараньня, а рабочыя павінны пераходзіць на рэнтабэльныя прадпрыемствы. Такі працэс наадварот прыводзіць да аздараўленьня эканомікі, адзначае Злотнікаў.

Паводле слоў эканаміста, у нармальных рынкавых эканоміках працэнт стратных прадпрыемстваў у шмат разоў ніжэйшы, чым у Беларусі. Такая сытуацыя складваецца менавіта таму, што стратныя прадпрыемствы ніхто не імкнецца захаваць — адразу пачынаецца працэдура банкруцтва. У Беларусі ж падобнай практыкі няма, тлумачыць Злотнікаў.

XS
SM
MD
LG