Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарбачоў прызнаў памылкі антыалькагольнай кампаніі 1985


Экс-прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў прызнаў, што антыалькагольная кампанія 1985 праводзілася няправільна. Трэба было дзейнічаць не «сякерай па галаве», а паступова і плянамерна, сказаў Гарбачоў у інтэрвію «Камсамольскай праўдзе» напярэдадні 30-годзьдзя кампаніі.

Антыалькагольная кампанія ў СССР пачалася праз два месяцы пасьля прыходу Гарбачова да ўлады. Абмяжоўваўся час продажу сьпіртнога, расьлі цэны на алькаголь, былі ўведзеныя карткі на цукар, неабходны для самагонаварэньня. Па водле былога савецкага лідэра, ацьверазеньне грамадзтва нельга праводзіць наскокам. Гэта павінна быць не кампанія, а плянамерная доўгатэрміновая барацьба з алькагалізмам.

У 2014 годзе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя назвала Беларусь першай краінай у сьвеце па ўзроўні ўжываньня алькаголю. У сярэднім беларус 15-гадовага ўзросту і старэйшы спажывае 17,5 літра чыстага сьпірту за год. Мужчыны п’юць больш — 27,5 літра, жанчыны — 9,1 літра ў год.

Паводле дасьледаваньня, праведзенага ў 2012 годзе ў Беларусі навукова-практычным цэнтрам псыхічнага здароўя, больш за траціну беларусаў злоўжываюць сьпіртнымі напоямі. Для кожнага пятага мужчыны ў Беларусі характэрнае «сыстэматычнае п’янства».

Эканамічныя страты ад спажываньня алькаголю ў Беларусі ацэньваюцца ў 7% ВУП (у краінах Эўразьвязу — 2–4%).

Паводле дадзеных МУС, кожнае пятае злачынства ў Беларусі зьдзяйсьняецца ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG