Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч атрымала прэмію імя Капусьцінскага


Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота

Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота

Беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч другі раз стала ляўрэатам міжнароднай прэміі імя Рышарда Капусьцінскага за дакумэнтальную прозу.

Цырымонія ўручэньня прэміі імя Рышарда Капусьцінскага адбылася ўвечары 14 траўня ў Палацы культуры і навукі Варшавы. Прэмія ўручаецца за лепшую рэпарцёрсую кнігу, якая закранае важныя праблемы сучаснасьці. Яе арганізатарамі зьяўляюцца мэрыя Варшавы і «Gazeta Wyborcza».

Журы пад кіраўніцтвам польскага публіцыста са Швэцыі Мацея Зарэмбы-Бяляўскага ацэньвала 84 кнігі.

У гэтым годзе прэмію атрымалі два ляўрэаты: беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч за кнігу «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека» і польскі пісьменьнік, журналіст Міхал Альшэўскі за кнігу «Лепшыя чаравікі ў сьвеце», паведаміў зь месца падзеі карэспандэнт сайта charter97.org.

Прэміі ляўрэатам уручала асабіста мэр Варшавы Ханна Гранкевіч-Вальц. Зь вітальнымі словамі выступілі галоўны рэдактар «Gazeta Wyborcza» Адам Міхнік і вядомы аўстрыйскі публіцыст Марцін Полак.

Выступаючы на цырымоніі, Сьвятлана Алексіевіч падзякавала ўладам Польшчы за падтрымку беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну з-за палітычнага перасьледу на радзіме:

«Я вельмі рада, што другі раз стаю на гэтай сцэне і атрымліваю гэтую ўзнагароду. Усё гэта вельмі для мяне важна, і я нават падумала, што я шчасьлівы чалавек. Рэдка думаеш пра сябе, што ты шчасьлівы чалавек, але я магу гэта сказаць. 40 гадоў я рабіла тое, што хацела рабіць. Мне ўдалося зрабіць тое, то я задумала яшчэ ў юнацтве.

Сваё дзяцінства я правяла ў Беларусі і Ўкраіне і памятаю бясконцы жаночы хор. Як я разумею цяпер, гэта, напэўна, была глыбокая траўма, таму я чула пастаянныя размовы пра „верхніх“ людзей, пра сьмерць, пра тых, хто сышоў. І калі я з вуліцы прыходзіла дадому і садзілася за кнігі, мне здавалася, што ўсё роўна ў гэтых кнігах няма таго, што я чую на вуліцы. Зараз я рада, што гэтыя галасы, якія ўвесь час гучалі ўва мне, у маёй сьвядомасьці, у маіх днях, начах, размовах, цяпер сталі словам, кнігай і належаць сьвету.

Камунізм ня зьнік. Ён, можа быць, цяпер сыходзіць, але сыходзіць зь вялікай крывёю. Калі я сёньня бачу ўкраінскіх уцекачоў, іх твары, асабліва твары дзяцей, мяне не пакідае адчуваньне вялікай вайны.

Асобна я хацела б сказаць словы падзякі Польшчы і асабліва Варшаве за тое, што вы падтрымліваеце беларусаў. Я толькі другі дзень тут і сустрэла ўжо дзясяткі людзей зь Беларусі, якія знайшлі тут прытулак, падтрымку, сяброўскае плячо. Дзякуй, што падтрымліваеце нас у цяжкую хвіліну. Толькі шкада, што нашы трагічныя часы ніяк не канчаюцца», — сказала пісьменьніца.

Прэмія носіць імя Рышарда Капусьцінскага (1932-2007), які нарадзіўся ў Пінску. Журналіст і пісьменьнік, аўтар шматлікіх публіцыстычных кніг, ляўрэат літаратурных прэмійяў і ўзнагародаў. У Польшчы яго называлі «каралём рэпартажу». Ён працаваў у Афрыцы, сярэднеазіяцкіх савецкіх рэспубліках, Лацінскай Амэрыцы, Блізкім Усходзе, пісаў рэпартажы зь дзясяткаў краінаў сьвету.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG