Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША ўхваліў законапраект аб дамове з Іранам


Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла 14 траўня законапраект, які абавязвае Белы дом накіраваць на разгляд Кангрэсу канчатковае пагадненьне па ядзернай праграме Ірану.

За законапраект прагаласавалі 400 сябраў Палаты прадстаўнікоў, супраць — 25. Раней гэты дакумэнт быў ухвалены Сэнатам ЗША. Паводле працэдуры, цяпер закон павінен падпісаць або вэтаваць прэзыдэнт Абама.

Пагадненьне паміж Іранам і шасьцю сусьветнымі дзяржавамі, сярод якіх і ЗША, павінна быць падпісана да 30 чэрвеня. Іран павінен абмежаваць сваю ядзерную дзейнасьць у абмен на адмену ўведзеных заходнімі краінамі эканамічных санкцыяў.

Многія сябры Кангрэсу лічаць, што давяраць Тэгерану нельга. Гэтае пытаньне стала прадметам спрэчак паміж заканадаўцамі і адміністрацыяй прэзыдэнта Абамы.

Прыняты ў чацьвер законапраект прадугледжвае, што прэзыдэнт ЗША павінен накіраваць канчатковы тэкст дамовы з Іранам на разгляд абедзьвюх палат Кангрэсу, якія цягам 30 дзён павінныя ўхваліць або не прыняць пагадненьне. Белы дом заяўляе, што ў тым выпадку, калі Кангрэс ня прыме гэтую дамову, прэзыдэнт Абама накладзе вэта на рашэньне заканадаўцаў.

XS
SM
MD
LG