Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульні ў салдацікаў


Удзельнікі параду "дзіцячага войска" ў Растове-на-Доне

Удзельнікі параду "дзіцячага войска" ў Растове-на-Доне

Парад «дзіцячых войскаў» прайшоў у Растове-на-Доне. Арганізатары называюць гэта выхаваньнем патрыятызму.

У Растове-на-Доне 14 траўня прайшоў парад «дзіцячых войскаў». Гэта назва шэсьця, у якім калёны, акрамя падлеткаў-кадэтаў, складаюць дзеці, апранутыя ў спэцыяльна пашытую вайсковую форму розных родаў войскаў і нават эпох. Дзеці не толькі маршыруюць, але і праяжджаюць на дзіцячых «вайсковых» аўтамабілях, трымаюць строй на роварах і самакатах, ладзяць паказальныя рукапашныя баі.

"Тэхніка" на парадзе "дзіцячых войскаў" у Растове-на-Доне

"Тэхніка" на парадзе "дзіцячых войскаў" у Растове-на-Доне

Дарослыя арганізатары, сярод якіх і кіраўніцтва Паўднёвай вайсковай акругі, горда нагадваюць, што парад «дзіцячых войскаў» праходзіць ужо шосты раз, называюць гэта выхаваньнем патрыятызму і прапануюць распаўсюдзіць такі вопыт на іншыя рэгіёны Расеі, Беларусь і нават Украіну. У Растове-на-Доне патрыятычнае выхаваньне ў форме параду «дзіцячых войскаў» выклікала неадназначную рэакцыю. А мяркуючы па водгуках сацыяльных сетак, пазычаць ідэю «дзіцячага» параду і ў іншых рэгіёнах не сьпяшаюцца.

Удзельнікі "дзіцячага" параду ў Растове-на-Доне дэманструюць фізычную падрыхтоўку

Удзельнікі "дзіцячага" параду ў Растове-на-Доне дэманструюць фізычную падрыхтоўку

Загадчыца дзіцячага садочка «Веселинка» з Растова-на-Доне Аляксандра Савосьціна, чые выхаванцы былі ў ліку 500 удзельнікаў шэсьця, называе «дзіцячы» парад «мадэльлю» дарослага, якую арганізатары «ўзнавілі разам з татамі». Арганізатары — гэта Цэнтар славянскай культуры «Русь исконная», аб’яднаньне вэтэранаў Афганістану, дабрачынны фонд «Счастливая семья — процветающее Отечество». Прэс-служба Паўднёвай вайсковай акругі напісала, што «дзіцячы» парад патрануе асабіста камандуючы войскамі генэрал-палкоўнік Аляксандр Галкін, а камандуе змадэляваным парадам сапраўдны афіцэр з упраўленьня ПВА падпалкоўнік Вадзім Марця. Загадчыца дзіцячым садочкам Аляксандра Савосьціна запісала відэазапрашэньне на парад «дзіцячых войскаў», выкарыстаньне дзяцей у ролі «мадэляў-салдацікаў» яна падае як акт патрыятычнага выхаваньня, «правільную» гульню для дарослых і дзяцей:

Загадчыца дзіцячым садочкам Аляксандра Савосьціна была б рада, калі б «мадэлі парадаў» сталі традыцыяй, як мінімум, у Расеі. Але нават у яе Растове-на-Доне гэтае мерапрыемства да юбілейнага 70-годзьдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне не было прыкметным, паколькі праходзіць на плошчы каля гарнізоннага Дома культуры — гэта далёка ад цэнтру гораду, у раёне пражываньня сем’яў вайскоўцаў, прыпісаных да тутэйшага гарнізону.

На "дзіцячым" парадзе ў Растове-на-Доне маршыравалі "салдацікі" ва ўзросце ад 4 да 10 гадоў

На "дзіцячым" парадзе ў Растове-на-Доне маршыравалі "салдацікі" ва ўзросце ад 4 да 10 гадоў

Спроба надаць такім забавам афіцэрскіх сем’яў зь дзецьмі шырокую агалоску і больш высокі выхаваўчы і патрыятычны статус удалася напалову: вядомасьць «дзіцячага» параду забясьпечана, а вось адабрэньне, мяркуючы па рэакцыі сацыяльных сетак, — не аднадушнае. Парад «дзіцячых войскаў» у Растове-на-Доне справакаваў чарговы віток даўняй дыскусіі аб тым, дзе ж адбываецца расейскае патрыятычнае выхаваньне: у сям’і, у школе і дзіцячым садочку, у тэлевізары або на парадзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG