Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як асядлаць кітайскага дракона?


Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

У камэнтарах з нагоды візыту ў Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна асноўная ўвага надавалася эканамічнаму складніку двухбаковага супрацоўніцтва. Меншую цікавасьць выклікаў палітычны аспэкт узаемадзеяньня Менску і Пэкіну. Што і зразумела: эканамічныя адносіны — гэта жывыя грошы. Ну, можа не зусім жывыя: зьвязаныя крэдыты — гэта не зусім тое, пра што марыцца, але гэта, мабыць, лепш, чым адсутнасьць грошай.

Тым не менш супрацоўніцтва і ў палітычнай сфэры не пазбаўлена цікавасьці. Праўда, варта дакладна вызначыць, у чым яно можа палягаць.

Досыць папулярныя развагі пра азіяцкую прыроду Расеі. Аднак гэтыя развагі — у асноўным ад неразуменьня, што такое сапраўдны Ўсход, сапраўдная Азія. І ў прыватнасьці Кітай, які і ў Азіі стаіць асобна. У параўнаньні зь ім і Расея, і Беларусь, і Амэрыка — Эўропа. І ня ў тым сэнсе, што названыя краіны адпавядаюць нейкім выдатным эўрапейскім стандартам. Не, проста яны думаюць, адчуваюць, паводзяць сябе, бачаць сьвет прыкладна аднолькава. Праўда, гэтая падабенства праяўляецца толькі ў параўнаньні з Кітаем.

Як адзначаў глыбокі знаўца Кітаю, былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр, нават любімыя гульні ў эўрапейцаў і кітайцаў розныя, Эўропа (і Амэрыка) гуляюць у шахматы, кітайцы — у го. У шахматах мэта — мат каралю суперніка, у го — ўзяцьце пад свой кантроль большай прасторы, чым праціўнік. Гэта — адлюстраваньне палітычнай і жыцьцёвай філязофіі цывілізацый. Эўрапейцы стагоддзямі лілі кроў адзін аднаго з мэтай грубага захопу тэрыторый. Сымбаль кітайскага бачаньня палітыкі — Вялікая сьцяна, бачная нават з космасу, прызначэньне якой — адгарадзіцца ад барбараў, ад чужынцаў. У адрозьненьне, скажам, хоць ад Расеі, хоць ад ЗША, хоць ад Вялікабрытаніі з Францыяй для Кітая ў яго гісторыі, якая налічвае 5 тысячагодзьдзяў, тэрытарыяльная экспансія не была характэрная. Навошта да Чжунго, «сярэдзіннага царства», цэнтру сьвету далучаць дзікуноў, няздольных зразумець кітайскую культуру?

Зрэшты, гэта не сынонім поўнай траваеднасьці і міралюбнасьці.

Тэрытарыяльнай экспансіі — не, кантролю — так. Пэкіну і цяпер нават у сваім рэгіёне не патрэбныя яго генэрал-губэрнатары, скажам, у Ханоі, Сэуле або Рангуне. Аднак трэба, каб ва ўсіх важных пытаньнях, якія тычацца жыцьця краінаў рэгіёну, апошняе слова заставалася за Пэкінам. І каб гэтыя краіны самі гэта разумелі.

Эўрапейцы, амэрыканцы і расейцы стагодзьдзямі ўступалі ў ваенна-палітычныя саюзы з пэўнымі абавязаньнямі. Амэрыканцы да ХХ стагодзьдзя ставіліся да такога без асаблівага энтузіязму, але нікуды не падзеліся. Кітай ніколі не браў на сябе ніякіх абавязаньняў, якія ўступаюць у сілу аўтаматычна.

З улікам усяго сказанага палітычнае супрацоўніцтва з Кітаем на першы погляд мала што абяцае Менску, ён — шахматная пешка на дошцы для го, у якую Пэкін гуляе ўжо тысячы гадоў.

Спроба выкарыстоўваць КНР у якасьці другой, запасной або дадатковай Расеі не ўвянчаецца посьпехам па той прычыне, што Кітай — не Расея. Не, прагаласаваць у Радзе ААН па правах чалавека супраць асуджэньня Беларусі — гэта калі ласка, прагаласаваць за кандыдатуру Беларусі нясталым чальцом Рады бясьпекі ААН — гэта таксама магчыма. Але ніякія гарантыі бясьпекі ад Кітая Беларусі ў агляднай пэрспэктыве ня сьвецяць ў прынцыпе. І шчодрыя падарункі накшталт нямераных расейскіх крэдытаў і зьніжак на пастаўкі рэсурсаў — таксама наўрад ці. Кітай можа практыкаваць нешта падобнае ў дачыненьні да КНДР. І не па прычыне роднаснага характару рэжымаў, а з меркаваньняў бясьпекі. Паўночная Карэя — гэта занадта блізка, гэта пытаньне выжываньня самога Кітаю. Беларусь занадта далёка.

Прынамсі пакуль. У вельмі далёкай пэрспэктыве, калі праект новага «Шаўковага шляху» стане рэальнасьцю, калі жыцьцёвыя інтарэсы Кітаю распаўсюдзяцца так далёка, тады можа быць. Але гэта — справа дзесяцігодзьдзяў.

Дарэчы, гэта яшчэ адно адрозьненьне Эўропы ў самым шырокім яе разуменьні — ад Вашынгтону да Масквы — і Кітая. Яно — у розных гарызонтах палітычнага плянаваньня. Кітай, пры ўсім яго цяперашнім дынамізме, стратэгічна нікуды не сьпяшаецца. Сто гадоў сюды, сто гадоў туды — што гэта для цывілізацыі, для культуры, аднагодкі Эгіпту фараонаў?

Аднак для Беларусі, калі Кітай немагчыма выкарыстаць у якасьці другой Расеі, гэта не значыць, што кантакты зь ім ніяк нельга выкарыстаць у палітычнай сфэры. Можна, напрыклад, выкарыстаць яго як... Эўропу. У сэнсе — падобным чынам. Я ўжо пісаў аб тым, што афіцыйнаму Менску ня вельмі патрэбная Эўропа як такая, ня вельмі трэба супрацоўніцтва з ёй само па сабе. Але яна вельмі карысная як геапалітычная альтэрнатыва, адмову ад якой можна вельмі выгадна прадаць Маскве. А чым у гэтай якасьці горш Кітай?

Вядома, пры рацыянальных развагах для Беларусі ў яе цяперашніх палітычных парамэтрах што эўрапейская, што кітайская альтэрнатыва Расеі выглядаюць вельмі цьмяна. Але расейская палітычная эліта жыве трошкі ў сваім сьвеце. У свой час старшыня думскай камісіі па міжнародных справах Аляксей Пушкоў вывеў з некалькіх прыязных словаў, сказаных на адрас Беларусі чыноўніцай дзярждэпартамэнту ЗША Вікторыяй Нуланд, жудасную пэрспэктыву саюзу Менску і Вашынгтону і папярэдзіў Аляксандра Лукашэнку аб згубнасьці такога саюза. Цяпер той жа Пушкоў, мабыць, пад уражаньнем ад прыезду Сі Цзіньпіна на парад на 9 траўня ў Маскве вывеў магчымасьць саюза РФ і КНР. Тое, што Кітай не ўступаў і не ўступае ў саюзы наогул ні з кім, расейскага геапалітычнага «шахматыста» ніяк не зьбянтэжыла. Праўда, яго прозьвішча не Пуцін, але ў Маскве ён чалавек далёка не апошні і ў пэўнай ступені яго заявы адлюстроўваюць тамтэйшыя ўяўленьні пра сьвет.

Варта згадаць і невялікі канфлікт, калі некалькі гадоў таму амбасадар РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў выказаў раздражненьне Масквы з нагоды праекту будаўніцтва ў Беларусі завода па зборцы кітайскіх аўтамабіляў Geely, які, на думку пасла, супярэчыў расейскім дзяржаўным інтарэсам. Дарэчы, падчас цяперашняга візыту старшыні КНР менавіта гэты праект прэзыдэнт Лукашэнка згадаў у якасьці аднаго з самых значных прыкладаў беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

Іншымі словамі, пэўная рэўнасьць ў адносінах да кантактаў Беларусі з Кітаем з боку Масквы прысутнічае. І пэўная неадэкватнасьць ацэнак становішча ў сьвеце таксама. Дык чаму б іх не выкарыстаць? Калі ёсьць рэўнасьць, то вернасьць падвышаецца ў цане.

Расейскіх аматараў геапалітыкі можна прыстрашыць любімымі імі дугамі, восямі, геапалітычным акружэньнем, жудасным вобразам кітайскага мяча, прыстаўленага да горла Расеі з боку гіпатэтычнага беларускага сатэліта Паднябеснай.

Прычым кітайцы ж ня будуць нічога ні пацьвярджаць, ні абвяргаць, будуць толькі ветліва ўсьміхацца. З-за чаго «кітайская пагроза» з боку сінявокай будзе выглядаць яшчэ больш злавесна. А прадухіленьне гэтых геапалітычных «кляшчоў» будзе ж каштаваць Маскве ўсяго нічога — пару мільярдаў даляраў. І яно варта таго, пагадзіцеся.

Хто сказаў, што ў го ўмеюць гуляць толькі кітайцы?


Перадрук з парталу TUT. BY

XS
SM
MD
LG