Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапанова Эўракамісіі разьмеркаваць уцекачоў з Афрыкі і Блізкага ўсходу ў асобныя дзяржавы ЭЗ не сустракае усеагульнай згоды.

Брусэль прапанаваў, каб дзяржавы ў залежнасьці ад колькасьці свайго насельніцтва, узроўню эканомікі, беспрацоўя і іншых парамэтраў прынялі і разьмясьцілі ў сябе пэўны працэнт ад 20 тысяч асобаў, якія маюць патрэбу ў міжнароднай ахове. Напрыклад, для Чэхіі, якая параўнальная зь Беларусьсю колькасьцю насельніцтва, квота ўцекачоў склала б 525 чалавек. Прага ўжо заявіла, што будзе прымаць уцекачоў паводле сваіх меркаваньняў, а не паводле пляну ЭЗ. «Трагічнай памылкай» назваў плян былы чэскі прэзыдэнт Вацлаў Клаўс.

Бурную рэакцыю рашэньне Эўракамісіі выклікала напрыклад у Брытаніі. Брытанскі міністар унутраных спраў Тэрэза Мэй напісала ў газэце The Times, што ўцекачоў, вылаўленых у моры, трэба вяртаць назад і супраць іх волі. «Мы ня можам рабіць тыя крокі, якія б заахвочвалі яшчэ больш людзей кідацца ў тое небясьпечнае падарожжа, або даць бандам яшчэ больш шанцаў зарабляць на пакутах гэтых людзей», — напісала Мэй. Яе пазыцыю адразу раскрытыкавалі вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу Фэдэрыка Магерыні і намесьнік старшыні Эўракамісіі Франц Тымэрманс. Магерыні спаслалася на правілы, выпрацаваныя пасьля Другой Сусьветнай вайны і на іх ключавы прынцып non-refoulement, г. зн. забарону сілай вяртаць уцекачоў у краіны, дзе ім бы пагражала парушэньне іх чалавечых правоў па прычынах расавых, рэлігійных ці палітычных.

Італія па зразумелых прычынах крокі Эўракамісіі вітала. Менавіта яе тэрыторыя — астравы Лямпэдуза і Сіцылія — сталі найбольш простай і жаданай мэтай для патокаў уцекачоў, у першую чаргу зь Лібіі. Італьянскі міністар унутраных спраў Анджэліна Альфана назваў рашэньне Эўракамісіі «знакам салідарнасьці з Італіяй». «За» міграцыйныя квоты выказваюцца Нямеччыны і Францыя. Брытанія, Ірляндыя і Данія раней дамовіліся пра выключэньне для сябе, але ўцекачы могуць ім прыдзяляцца з разьлікам на добраахвотную гасьціннасьць. Плян Эўракамісіі патрабуе падтрымкі кваліфікаванай большасьці краін-удзельніц.

Беларускія ўлады падкрэсьліваюць свае заслугі ў ахове межаў з Эўропай з сухапутнага шляху, ужываючы тэрмін «апошні бар’ер». Як кажа прадстаўнік МУС палкоўнік Анатоль Ланін, краіны Эўразьвязу разумеюць, калі Беларусь адкрые межы, сытуацыя зь мігрантамі ў Эўропе абвострыцца яшчэ больш. Кожны год зь Беларусі дэпартуюць прыблізна 2 тысячы мігрантаў (2012г. — 2186 чалавек, 2013 г.— 2462.)

XS
SM
MD
LG