Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі канфіскуюць цягачы літоўскіх кампаній


З-за рознай трактоўкі міждзяржаўных пагадненьняў літоўскія цягачы з паўпрычэпамі па-ранейшаму канфіскуюць ў Беларусі. Толькі сёлета ў Беларусі «затрымалася» ня менш за шэсьць машын, паведамляе партал Delfi.

Паводле дадзеных Delfi, усяго затрымана каля 17 транспартных сродкаў, якія належаць 7 літоўскім кампаніям. Гэта толькі тыя кампаніі, якія інфармуюць аб канфіскацыі, — сказаў прадстаўнік Літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў Linava Гінтаўтас Рамаслаўскас.

Паводле Рамаслаўскаса, у Беларусі цягачы канфіскуюць з-за супярэчнасьці паміж пагадненьнямі аб двухбаковых перавозках, якія Літва падпісала з краінамі на ўсход ад яе, і мытным кодэксам Эўразійскага саюзу (Расея, Беларусь, Казахстан, Армэнія, Кіргізстан).

«Мытны кодэкс Эўразійскага саюзу не дазваляе ажыцьцяўляць перавозкі на машынах, якія часова ўехалі ў краіны Мытнага саюзу, калі гэтыя транспартныя сродкі не зарэгістраваныя ў гэтых краінах. Аднак нашы міждзяржаўныя пагадненьні з Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам і іншымі краінамі дазваляюць гэта рабіць, калі ёсьць спэцыяльныя дазволы», — сказаў Рамаслаўскас.

Паводле яго, беларускія службоўцы правяраюць дадзеныя літоўскіх перавозчыкаў за апошнія некалькі гадоў, а калі выяўляюць забароненыя Мытным кодэксам перавозкі, затрымліваюць і канфіскуюць на мяжы любую фуру гэтай кампаніі.

«На нашу думку, міждзяржаўнае пагадненьне — таксама міждзяржаўны дакумэнт, падпісаны ўрадамі краінаў, яго трэба выконваць», — сказаў прадстаўнік Linava, дадаўшы, што такая практыка ўжываецца толькі Беларусьсю — таксама пакутуюць перавозчыкі Латвіі, Эстоніі, Польшчы і іншых краінаў.

Па словах прадстаўніка Linava, выхад шукаюць як у шматбаковых, так і ў двухбаковых фарматах. Летась гэтае пытаньне ўздымалася на ўзроўні міністэрстваў Літвы і Беларусі, аднак выніку пакуль не дасягнулі. Прадстаўнікі Расеі і Беларусі ўжо больш за год абяцаюць зьмяніць нязручны для перавозчыкаў 344 артыкул. Папраўкі павінны былі ўступіць у сілу са студзеня 2015 году, цяпер кажуць пра студзень 2016 году.​

XS
SM
MD
LG