Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Балтыі маюць намер разьмясьціць войскі НАТО на сваёй тэрыторыі


Прадстаўнік літоўскага войска патлумачыў гэта сытуацыяй, якая «складваецца ў рэгіёне».

Краіны Балтыі — Літва, Латвія і Эстонія — будуць дамагацца пастаяннай прысутнасьці войскаў НАТО на сваёй тэрыторыі для процідзеяньня ваеннай актыўнасьці Расеі ў паветры і на моры. Пра гэта заявіў у чацьвер прадстаўнік літоўскага войска, паведамляе Голас Амэрыкі.

Тры дзяржавы, у кожнай зь якіх пражывае расейская меншасьць, асьцерагаюцца, што могуць стаць аб’ектам ціску Крамля пасьля прамаскоўскага паўстаньня на ўсходзе Ўкраіны і леташніх заяваў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра абавязаньні па абароне расейскамоўнага насельніцтва на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюзу.

«У адказ на абстаноўку, якая складваецца ў рэгіёне, у якасьці меры стрымліваньня, камандуючыя армій краінаў Балтыі пададуць афіцыйную заяўку вярхоўнаму камандуючаму саюзьніцкімі сіламі НАТО ў Эўропе аб сталым разьмяшчэньні падразьдзяленьня НАТО памерам брыгады ў краінах Балтыі», — паведаміў прэс-сакратар літоўскага войска Міндаўгас Неймантас.

Краіны Балтыі хочуць, каб брыгада складалася з трох падразьдзяленьняў войскаў НАТО памерам з батальён у кожнай з трох дзяржаў, якія будуць праходзіць ратацыю па зацьверджаным НАТО графіку.

Колькасьць тыповай брыгады НАТО складае ад 3000 да 5000 вайскоўцаў. У брыгаду ўваходзіць некалькі батальёнаў.

XS
SM
MD
LG