Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каны-2015: што варта паглядзець?


Арганізатары паказваюць «Залатую пальмавую галіну» перад пачаткам фэстывалю

Арганізатары паказваюць «Залатую пальмавую галіну» перад пачаткам фэстывалю

У францускіх Канах пачаўся штогадовы кінафэстываль, адкуль перадае карэспандэнтка Радыё Свабода Яўгенія Рудэнка.

Сёлета на афішы Канскага кінафоруму намаляваная Інгрыд Бэргман — зорка «Касаблянкі» і «Жаны Д’Арк», у 2015-м ёй бы споўнілася 100 гадоў. Акторцы прысьвяцілі дакумэнтальны фільм, які пакажуць публіцы кінафэстывалю.

Адна з асноўных тэм цяперашніх Канаў — гэта прызнаньне заслуг жанчын. Рэжысэр фільму, які адкрыў кінафэстываль — францужанка Эмануэль Бэрк. «Ганаровую пальмавую галіну» сёлета ўпершыню атрымае жанчына — Аньес Варда. Прэмія ўручаецца вядомым рэжысэрам, творчасьць якіх карыстаецца ва ўсім сьвеце бесьпярэчным аўтарытэтам, але якія, нягледзячы на гэта, ніколі не атрымлівалі «Залатую пальмавую галіну» фэстывалю. А афішы з выявай Інгрыд Бэргман, якія можна ўбачыць літаральна ў кожнай краме або кафэ ў Канах, яшчэ раз падкрэсьліваюць трыюмф жанчын на 68-м Канскім кінафэстывалі.

Стужкі, пра якія найбольш кажуць у Канах

Француская сацыяльная драма «З высока паднятай галавой» адкрыла сёлетні фэстываль. Акторскі склад стужкі даволі нечаканы — галоўную ролю адыгрывае непрафэсійны актор Род Парадо і француская зорка Катрын Дэнёў. Фільм расказвае пра тое, якую важную ролю граюць бацькі ў выхаваньні дзіцяці, і да чаго можа прывесьці звычайная бацькоўская халатнасьць.

Стужка конкурснай праграмы «Казка казак» — не проста фільм-фэнтэзі, а касьцюмаваная экранізацыя італьянскіх сярэднявечных казак 16-га стагодзьдзя. Фільм пераварочвае ўяўленьне пра тое, што называецца казкай, бо ў ім ёсьць і эратычныя сцэны і забойства монстраў, і нават сапраўднае паяданьне крывавага сэрца Сальмай Хаек.

Яшчэ адзін доўгачаканы фільм «Шалёны Макс: дарога лютасьці». Гэтую стужку кінаманы чакалі 30 гадоў. Культавы фільм «Шалёны Макс», які прынёс славу тады маладому Мэлу Гібсану, знайшоў свой працяг. Новая праца рэжысёра Джорджа Мілера — «інтэрквэл» паміж падзеямі першага і другога фільмаў. Галоўныя ролі ў новым «Шалёным Максе» граюць брытанскі актор Том Гардзі і амэрыканская кіназорка Шарліз Тэран.

Каны і палітыка

Ва ўкраінскім павільёне на фэстывалі пачалася акцыя па зборы подпісаў у падтрымку незаконна зьняволенага ў Расеі рэжысэра Алега Сянцова. Арганізатары разьмясьцілі плякат з яго фатаграфіяй і прасяць кіназорак і рэжысэраў выказаць падтрымку Алегу Сянцову. Затым усе гэтыя подпісы перададуць расійскім уладам з патрабаваньнем вызваліць ўкраінскага рэжысэра.

Аўтары і акторы ўкраінскіх кароткамэтражных фільмаў, якія пакажуць у Канах

Аўтары і акторы ўкраінскіх кароткамэтражных фільмаў, якія пакажуць у Канах

XS
SM
MD
LG