Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: Прэзыдэнцкія выбары — 15 лістапада. Іншая дата не разглядаецца


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, праўдападобна, адбудуцца ў нядзелю 15 лістапада 2015 году.

Іншая магчымая дата іх правядзеньня не разглядаецца. Пра гэта сёньня паведаміла журналістам старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына пасьля паседжаньня ЦВК. Яна таксама сказала, што ніякіх зьменаў у выбарчае заканадаўства да сёлетніх выбараў уносіцца ня будзе. Паводле Ярмошынай, на першы тур прэзыдэнцкіх выбараў зь бюджэту будзе выдзелена 180 мільярдаў рублёў.

Чакалася, што на сёлетніх выбарах упершыню ў Беларусі ўсе скрынкі для бюлетэняў будуць з празрыстага матэрыялу. Такія спадзяваньні прагучалі ў Цэнтравыбаркаме пару тыдняў таму. Аднак сёньняшнія паведамленьні прадстаўнікоў аблвыканкамаў і сталічнага гарвыканкаму паказалі, што гэта малаверагодна. Напрыклад, прадстаўнік Менскай вобласьці заявіў: мы можам паставіць празрыстыя скрынкі толькі дзесьці на 7–10% выбарчых участкаў. На большае не хапае грошай. Дзяржава іх не дае, і таму трэба альбо скарыстоўваць унутраныя рэзэрвы, альбо шукаць спонсараў. А кошт адной такой скрыні — ад 1 200 000 рублёў да 1 500 000.

Чым больш будзе празрыстых скрыняў, тым большая будзе і цікавасьць да выбараў, — лічыць экспэрт у выбарчай галіне Сяргей Альфер:

«Усё ж такі трошкі цікавей будзе. Бачна будзе, колькі прыкладна кінулі выбарцы бюлетэняў. Але з пункту гледжаньня свабодных і справядлівых выбараў гэта ўсё ж такі абсалютная фармальнасьць. Таму што галоўнае — гэта падлік галасоў. Можна глядзець на празрыстую скрыню, як у яе кідаюць бюлетэні, а пасьля падлічыць іх абсалютна не ў суадносінах з рэальным волевыяўленьнем грамадзян.

Вядома, улады будуць казаць, што мы ідзем насустрач міжнароднай супольнасьці, па магчымасьці замяняем урны на празрыстыя, карацей, робім выбары больш празрыстымі. Але больш празрыстымі нашы выбары могуць стаць толькі тады, калі ўсе іх суб’екты, у тым ліку і апазыцыя, маюць роўныя правы на падлік галасоў. Калі гэтага няма, калі толькі адзін суб’ект — дзейная ўлада — падлічвае галасы, то ці ёсьць празрыстая скрыня, ці яе няма, гэта нічога не вырашае».

Ці можна чакаць зьменаў у Выбарчым кодэксе да пачатку прэзыдэнцкай кампаніі? — запытаўся карэспандэнт Свабоды ў Лідзіі Ярмошынай.

Старшыня ЦВК адказала, што ніякіх зьменаў да заканчэньня прэзыдэнцкай кампаніі ў выбарчае заканадаўства ўносіцца ня будзе:

«Ёсьць адпаведныя рэкамэндацыі і АБСЭ, і Вэнэцыянскай камісіі пра тое, што ўсе зьмяненьні ў заканадаўства павінны ўносіцца ў выбарчае заканадаўства за дастаткова вялікі прамежак часу да выбараў. Існуе рэкамэндацыя раней чым за год да выбараў закон не мяняць.

Таму заканадаўства мяняцца ня будзе. І ўсе нашы дакумэнты створаныя пад тое заканадаўства, якое ўжо дзейнічае».

На пачатку сакавіка некалькі суб’ектаў дэмакратычнай апазыцыі перадалі ў ЦВК свае прапановы пра зьмяненьне выбарчага заканадаўства. «Сярод іх і наша партыя», — кажа Свабодзе сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Я хацеў бы нагадаць спадарыні Ярмошынай, што і Вэнэцыянская камісія, і АБСЭ неаднаразова ўказвалі ўладам Беларусі на парушэньні выбарчага заканадаўства і на існуючую ў нашай краіне выбарчую сыстэму, якая не спрыяе правядзеньню свабодных і справядлівых выбараў, робіць іх неадпаведнымі стандартам і духу АБСЭ.

І ніколі ня позна вярнуцца на шлях дэмакратызацыі. Тым больш што тыя прапановы, якія мы паслалі ў ЦВК, яны фактычна паўтараюць тыя патрабаваньні, якія мы вылучалі яшчэ падчас папярэдніх кампаніяў — і прэзыдэнцкай, і парлямэнцкай. Яны датычныя пераважна падліку галасоў, уключэньня прадстаўнікоў дэмакратычных кандыдатаў у выбарчыя камісіі і г. д».

XS
SM
MD
LG