Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакей: Канада праверыць Беларусь на прафпрыдатнасьць


хакей зборная Беларусь чэмпіянат сьвету 2015 Чэхія Астрава
хакей зборная Беларусь чэмпіянат сьвету 2015 Чэхія Астрава

Каманда Беларусі правядзе чвэрцьфінальны матч на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Чэхіі. Супернікам — безумоўны фаварыт сёлетняга першынства зборная Канады.

Пасьля групавой стадыі беларусы пераехалі з Астравы ў Прагу, дзе згуляюць з канадцамі — гэта адзіная каманда на турніры, якая яшчэ не зазнала горычы паразаў, здабыўшы сем перамог у сямі сустрэчах.

Нават аптымісты ня маюць веры, што пасьля сёньняшняга дня беларусы затрымаюцца ў Празе — занадта вялікая розьніца ў клясе. Дый ранейшая статыстыка сустрэч беларусаў з канадцамі не дае падставаў разьлічваць на далейшую барацьбу за мэдалі — ніводнага выніку, нават блізкага да роўнай барацьбы.

Супрацьстаяньне з канадцамі цікавае і з гледзішча заакіянскай прысутнасьці ў беларускай зборнай. Галоўны трэнэр беларусаў — канадзкі спэцыяліст Дэйв Льюіс, з прыходам якога зьвязваюць відавочны прагрэс у гульні каманды. Беларускую брамку абараняе канадзец Кевін Лаланд, які небеспадстаўна лічыцца адным з самых надзейных на сёлетнім чэмпіянаце сьвету. У абодвух было няшмат шанцаў паспрабаваць сябе ў галоўнай камандзе «кляновых лістоў», і тым цікавей, як пакажуць сябе на справе «навучэнцы» адной хакейнай школы, падзеленыя чырвонай лініяй камандаў-суперніц.

Кандыдат у прэзыдэнты на апошніх выбарах Алесь Міхалевіч цяпер жыве ў Чэхіі і пільна сочыць за выступамі землякоў. Шкадуе, што ня трапіць на сёньняшні плэй-оф з удзелам беларусаў — як прызнаецца, ня надта разьлічваў, што тыя здолеюць выйсьці з групы:

«Шчыра кажучы, не чакаў, што беларусы выйдуць. Сталася гэта, скажам так, прыемнай нечаканасьцю. Зразумела, я ўяўляў узровень беларускай зборнай, уяўляў, што шмат зь якімі камандамі Беларусь будзе гуляць прынамсі на роўных, але, вядома, такія перамогі — гэта вельмі прыемна. Ну, а цяпер ужо і квіткі надзвычай дарагія ў тым ліку. Таму гляджу ў інтэрнэце, па тэлебачаньні. Зьбіраўся ехаць на адзін з групавых матчаў — на жаль, не атрымалася: усё ж Астрава надта далёка, зусім іншая частка Чэхіі адносна месца, дзе я жыву. Безумоўна, магло быць нашмат больш на трыбунах нацыянальных сьцягоў, нашмат больш людзей. Але трэба памятаць таксама, што беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, раскіданыя па розных гарадах. Прыкладам, сярод маіх знаёмых ёсьць тыя, хто жыве ці ў Празе, ці ў Брно, ці ў Плзэні. А Плзэнь — увогуле іншая частка Чэхіі. Мне цяжка наракаць, бо і сам ня быў на ніводным матчы. Аднак шмат хто з маіх сяброў рэгулярна езьдзіў, былі ў тым ліку на гістарычным матчы са зборнай ЗША, у якім беларусы перамаглі».

Хакей у Чэхіі — адзін з самых папулярных відаў спорту. Кожны год заўзятары небеспадстаўна чакаюць ад каманды максымальнага выніку, хоць на сёлетнім хатнім чэмпіянаце іхнія ўлюбёнцы надта відовішчнай гульні не дэманструюць. Ці адчуваецца сьвяточны антураж на вуліцах Прагі, куды паступова перасоўваецца эпіцэнтар хакейных баталіяў? Уражаньнямі дзеліцца Алесь Міхалевіч:

«Увогуле па ўсёй Чэхіі досыць шмат аўтамабіляў, „апранутых“ у нацыянальныя колеры — у прыватнасьці, дзяржаўныя сьцяжкі Чэхіі на бакавых люстэрках, сьцяжкі ў салёнах машынаў і г. д. Таксама вонкавае афармленьне — плякаты на вуліцах, рэкляма на тэлебачаньні, у інтэрнэце. З усяго гэтага бачна, што ў краіне адбываецца чэмпіянат сьвету. Але для чэхаў гэта рэч цалкам звычайная. Так, адчуваецца, што для Астравы як для горада гэта зьява ўнікальная, аднак у цэлым для Чэхіі нічога звышнатуральнага ў гэтым няма».

Адмыслоўцы сыходзяцца на думцы, што пры любым выніку сёньняшняга паядынку з Канадай беларуская каманда можа пакідаць усясьветнае першынства з высока ўзьнятай галавой. За выключэньнем правальнай сустрэчы з Расеяй, у астатніх матчах зборная Беларусі не саступала супернікам ні па якіх парамэтрах. Зрэшты, хакейны заўзятар Алесь Міхалевіч кажа, што вынік 7:0 у гульні з Расеяй — надзвычай «падазроны»:

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

«Таксама, як хіба і большасьці нашых заўзятараў тут у Чэхіі, мне ня верыцца, што мы маглі прайграць расейцам зь лікам 7:0. Ня ведаю, ці гэта нейкі „сымбалізм“, ці проста папярэдняя дамоўленасьць, але ўсё гэта падазрона. Вядома, вельмі хочацца верыць, што так не было, што гэта быў сапраўды сумленны матч. Але калі бачыш рэальны ўзровень беларускай каманды, зь цяжкасьцю верыцца, што не маглі забіць ніводнай шайбы. Прынамсі, падставы да такіх сумневаў узьніклі. Зрэшты, у любым выпадку прыемна, што ў выніку трапілі ў чвэрцьфінал».

Ад 1998 году, калі беларусы прабіліся ў эліту ўсясьветнага хакею, у рамках чэмпіянатаў сьвету і Алімпійскіх гульняў зафіксавана восем сустрэчаў з канадцамі. Ва ўсіх выпадках Беларусь цярпела паразу. У актыве беларусаў — 9 закінутых шайбаў, канадцы адзначаліся нашмат больш — 39 разоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG