Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газету Слонімскую» 9 гадоў ня ўносяць у каталёгі «Белпошты» і «Белсаюздруку»


Віктар Валадашчук

Віктар Валадашчук

Чыноўнікі не называюць прычын дыскрымінацыі незалежнай газэты, толькі кажуць, што гэта «немэтазгодна».

Рэдакцыя «Газеты Слонімскай», адзінай незалежнай газэты на Гарадзеншчыне, атрымала ад рэспубліканскага прадпрыемства «Белпошта» чарговую адмову ўнесьці выданьне ў падпісны каталёг.

Такая сытуацыя працягваецца 9 гадоў. Увесь гэты час «Газету Слонімскую» адмаўляюцца распаўсюджваць і праз кіёскі «Белсаюздруку». У абодвух выпадках коратка тлумачаць — немэтазгодна.

Галоўны рэдактар і заснавальнік «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук кажа, што іншых адказаў ад кіраўніцтва «Белпошты» і «Белсаюздруку» чакаць не выпадае. І ўсё ж ён ня можа зразумець той немэтазгоднасьці, на якую спасылаюцца кіраўнікі манапольных прадпрыемстваў, калі адмаўляюць яму ў супрацы.

Віктар Валадашчук

Віктар Валадашчук

Паводле Валадашчука, у беларускія каталёгі занесена нават расейскае выданьне пра мэталюргаў, а вось на газэту, якая выдаецца ў Слоніме, аказваецца немэтазгодна чытачам падпісвацца на пошце і набываць яе ў шапіках «Белсаюздруку».

Рэдактар кажа, што быў асабіста на прыёме ў кіраўнікоў манапольных прадпрыемстваў. Чытачы сабралі 500 подпісаў, накіраваўшы іх і туды, і ў адміністрацыю прэзыдэнта. Але ўсё роўна атрымлівалі толькі адзін адказ — немэтазгодна. На працягу 9 гадоў у рэдакцыі існуе ўласная служба падпіскі і штат распаўсюднікаў. Паводле рэдактара, гэта значныя дадатковыя выдаткі, якія кладуцца на плечы ўсяе рэдакцыі, але іншага выйсьця няма.

Валадашчук нават ня лічыць сваю газэту перашкодай для мясцовай дзяржаўнай раёнкі, бо раней абедзьве газэты 8 гадоў існавалі ў горадзе адначасова і ў роўных умовах.

«Нехта чытае „СБ“, а нехта „Народную Волю“, у кожнага свой густ. Так было і ў нас, працавалі і нічога не здаралася. І я ня ведаю, у чым тут нават прычына. Цяпер нават у крамах нам забараняюць прадаваць газэты. Я зьвяртаюся да загадчыкаў крамаў і чую той самы адказ — немэтазгодна. Але чаму немэтазгодна, калі на прылаўку ляжыць раённая газэта, „Гродзенская праўда“, а пакласьці побач нашу газэту — немэтазгодна. Чаму так?»

Валадашчук распавядае, што з пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў краіне папяровы варыянт газэты выдаваць цяжэй. Давялося апошнім часам скараціць наклад на 500 асобнікаў — да чатырох з паловай тысяч. Але, паводле рэдактара, чытачы не перастаюць ісьці ў рэдакцыю са сваімі праблемамі, скардзяцца на ЖКГ, малыя заробкі, беспрацоўе, і гэта прымушае кожны раз брацца за новы нумар.

«Першыя, хто нам прыносіць інфармацыю пра наш эканамічны стан, — нашы распаўсюджвальнікі, бабулькі, якія прадаюць газэту. Вось яны і распавядаюць, што нехта са сталых чытачоў газэты сёньня не купіў сьвежы нумар — маўляў, няма грошай. Хоць грошы і невялікія — 5 тысяч рублёў. Цяпер і хлеб даражэй каштуе, і пляшка піва. Раней такога не было. І гэта ж не таму, што ўсе заходзяць у інтэрнэт і чытаюць газэту, а проста таму, што ў людзей насамрэч няма грошай».

Ганна Валадашчук

Ганна Валадашчук

Журналістка «Газеты Слонімскай» Ганна Валадашчук распавядае, што апошнім часам у іхняй працы ёсьць і станоўчыя зьмены. Пасьля таго як у Слоніме зьявіўся новы старшыня райвыканкаму, іх пачалі запрашаць на брыфінгі і прэс-канфэрэнцыі. Праўда, усіх праблемаў з атрыманьнем інфармацыі гэта ня вырашыла.

Спадарыня Ганна кажа, што ўсё роўна даволі часта сутыкаецца з праблемамі чытачоў, якія не вырашаюцца на ўзроўні ні раённай, ні абласной, ні цэнтральнай улады. І людзі прыходзяць у рэдакцыю як у апошнюю інстанцыю. Паводле спадарыні Ганны, журналісту даводзіцца прыкладаць шмат намаганьняў, каб данесьці да грамадзтва аб’ектыўную нфармацыю пра людзкія праблемы, але праз гэта і атрымліваеш сатысфакцыю ад працы.

У рэдакцыі «Газеты Слонімскай»

У рэдакцыі «Газеты Слонімскай»

А вось тое, што рэдакцыі адмаўляюць у супрацы «Белпошта» і «Белсаюздрук», паводле спадарыні Ганны, ва ўсіх выклікае крыўду:

«Вельмі крыўдна, што нас надалей дзеляць на „сваіх“ і „чужых“: адны маюць магчымасьць прадавацца ў шапіках і крамах горада, рабіць падпіску на пошце, а „Газеце Слонімскай“ пастаянна адказваюць — немэтазгодна. Яны ж, напэўна, разумеюць, што закранаюць ня толькі інтарэсы рэдакцыі, але і нашых чытачоў, якіх у рэгіёне ня так ужо і мала».

У рэдакцыі «Газеты Слонімскай»

У рэдакцыі «Газеты Слонімскай»

Спадар Аляксандар — чытач «Газеты Слонімскай» ад першага нумару. Ён ганарыцца газэтай, кажа, што зьбіраў подпісы, якія дасылалі кіраўніцтву «Белпошты» і «Белсаюздруку» з патрабаваньнем заключыць дамову аб супрацы. Неаднойчы ў складзе дэлегацыяў чытачоў газэты быў на прыёме ў раённага начальства. У яго свой погляд на тое, чаму з газэтай так абыходзяцца:

«Улады лічаць „ГС“ апазыцыйнай газэтай, і тое, што там пішуць праўду, ім не падабаецца. Бо ім трэба, каб пісалі, што ўсё добра, а там пішуць і пазытыў, і нэгатыў. А яшчэ ў горадзе ёсьць і праўладная газэта. На яе прымушаюць на прадпрыемствах падпісвацца, а „ГС“ людзі самі купляюць. І такім чынам улады яшчэ бароняць сваю газэту».

«Газету Слонімскую» яшчэ ў 1928 годзе пачалі выдаваць вядомы беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн і ягоная жонка Людміла. На пачатку 1939 году ў сувязі з арыштам рэдактара газэта спыніла сваё існаваньне, і толькі з 1997 году выданьне аднавіў слонімскі журналіст Віктар Валадашчук.

Распаўсюдніца «Газеты Слонімскай»

Распаўсюдніца «Газеты Слонімскай»

Віктар Валадашчук згадвае, што раней наклады газэты сягалі больш як 12 тысяч асобнікаў. Цяпер «Газета Слонімская» выходзіць на 40 старонках разам з рэклямнай газэтай «Отдушина» накладам 4500 асобнікаў. Фармат — А4, друк часткова каляровы. Газэта мае сталых рэклямадаўцаў і добра разыходзіцца сярод чытачоў. За кошт гэтага і выжывае.

XS
SM
MD
LG