Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі прадставіць Беларусь на форуме «Ўсходняга партнэрства»


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

20–21 траўня ў Рызе пройдзе Канфэрэнцыя грамадзянскай супольнасьці, якая ладзіцца ў межах саміту «Ўсходняга партнэрства» Эўрапейскага Зьвязу. У канфэрэнцыі возьмуць удзел некалькі сотняў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і экспэртаў зь дзяржаў-сябраў ЭЗ і краін «Усходняга партнэрства». Выступяць палітыкі высокага ўзроўню і добра вядомыя спэцыялісты з Латвіі і іншых дзяржаў-сябраў ЭЗ.

Як паведамляе Міністэрства замежных спраў Латвіі, канфэрэнцыю адкрые Лаймдота Страўюма, прэм’ер-міністар Латвійскай Рэспублікі. Сярод іншых дакладчыкаў — міністар замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарс Рынкевічс, эўрапейскі камісар у пытаньнях палітыкі Эўрапейскага суседзтва і перамоваў аб пашырэньні Ёганэс Ган, міністар замежных спраў Грузіі Тамара Беручашвілі, эўрапарлямэнтар Сандра Калніеце, былы віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Алег Рыбачук, дырэктар па зьнешняй палітыцы Цэнтру эўрапейскіх рэформаў Ян Бонд.

Беларусь на Канфэрэнцыі грамадзянскай супольнасьці прадставіць старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які мае выступіць з дакладам.

Мэта канфэрэнцыі — умацаваньне грамадзянскай супольнасьці і далучэньне яе да плянаваньня і рэалізацыі палітыкі «Ўсходняга партнэрства».

«Канфэрэнцыя грамадзянскай супольнасьці, нароўні з самітам „Усходняга партнэрства“, забясьпечвае магчымасьць палепшыць палітыку суседзтва ЭЗ, зьмяншаючы яе бюракратычны характар. Арганізуючы гэтую канфэрэнцыю, Латвія падкрэсьлівае вялікае значэньне грамадзянскай супольнасьці ў рэалізацыі прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закону і належнага кіраваньня ў краінах „Усходняга партнэрства“. Дасягненьні Латвіі ў стварэньні грамадзянскай супольнасьці заслугоўваюць увагі, і яны будуць карысныя шасьці краінам „Усходняга партнэрства“ для абмену досьведам», — сказаў Андыс Кударс, выканаўчы дырэктар Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх палітычных дасьледаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG