Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя самаробнай рэспублікі — фільм пра першыя месяцы «ДНР»


Кадр з фільму
Кадр з фільму

Брытанскі рэжысэр Энтані Батс зьняў фільм пра першыя два месяцы гэтак званай «Данецкай Народнай Рэспублікі» ў 2014 годзе.

У фільме паказана, што адбывалася на працягу першых двух месяцаў пасьля таго, як «апалчэнцы» занялі будынак Данецкай абласной адміністрацыі.

Адзін з галоўных герояў фільму, Рома, валодае сродкамі «на патрэбы рэвалюцыі», ён забясьпечвае аўтобусы аплачаных «дэманстрантаў» падчас штурму адміністрацыйных будынкаў Данецку, выдае «апалчэнцам» грошы на бэнзін і выпісвае чэк на куплю пісталета. Да яго трапляе і Ўладзімір Рубан, як і пасьля стаў перамоўнікам па абмене палоннымі. Пра гэтае затрыманьне ён расказаў год таму ў адным з інтэрвію Радыё Свабода.

Яшчэ адзін пэрсанаж дакумэнтальнага фільму, з пазыўным Ленін, ходзіць у вайсковай форме і пры зброі з самага пачатку здымак, як быццам любы пратэст пачынаецца з таго, што людзі набываюць сабе бронекамізэлькі.

Усе галоўныя героі кажуць, што ўвязаліся ў гэтую гісторыю ў надзеі на лепшае жыцьцё: хтосьці спадзяваўся на перадзел маёмасьці, хтосьці — на атрыманьне працы ў дэпрэсіўным рэгіёне, дзе мала магчымасьцяў зарабіць грошы. Таму яны адважыліся разыграць на сцэне жыцьця «рэвалюцыю», каб правесьці рэфэрэндум, які, паводле іх словаў дасьць легітымнае права «зайсьці сюды Расіі».

У інтэрвію карэспандэнтцы Радыё Свабода Аляксандры Вагнэр брытанскі рэжысэр Энтані Батс расказаў пра тое як рабілася гэтая стужка.

— Я вельмі хацеў зьняць фільм аб стварэньні новай краіны. Таму што любая краіна нараджаецца няпроста, і мне было цікава зразумець, якія людзі бяруцца за такую справу. Я не хацеў і сёньня не хачу меркаваць аб тым, хто гэтыя людзі і ці правільна яны дзейнічаюць, мне проста былі цікавыя працэсы і пэрсанажы.

— Адзін з герояў вашага фільму кіруе правядзеньнем мітынгаў, арганізавана зьбірае на іх людзей. Ці не складалася ў вас падчас здымак ўражаньне, што гэта не нараджэньне краіны, а штучны праект, які ствараецца некім звонку?

— Зразумела, што Расея гуляла ў гэтым ключавую ролю, яна дала надзею, што гэта будзе частка Расеі, што «ДНР» і «ЛНР» — гэта часова, што гэта адзін з крокаў па далучэньні да Расеі. Вядома, што на гэтых тэрыторыях шмат расейскай зброі, рэспублікі фінансуюцца Расеяй і ўсё гэта — умяшаньне іншай краіны ў справы Украіны. Але вельмі важна зразумець, што людзі ў Данецку мелі вялікую падтрымку мясцовага насельніцтва. Вядома, калі параўноўваць колькасьць пратэстуючых на Майдане і ў Данецку, то ў «ДНР» актыўную ролю гуляў невялікі працэнт насельніцтва. Але была вялікая пасіўная падтрымка насельніцтва.

Калі я быў на фэстывалі ў Кіеве, то зразумеў, што людзі бачаць сытуацыю праз прызму: Расея напала на Украіну. І гэта ўсё — канец гісторыі. Сапраўды, ва Украіне ёсьць расейскія войскі, але я таксама бачу вялікую падтрымку сэпаратыстаў. Данбас вядомы, я б сказаў, тым, што там ёсьць крыміналітэт, гэта экасыстэма гэтага рэгіёну. І падчас леташніх падзей мясцовыя банды зразумелі, што будзе пераварот, і ўсе хацелі заняць вышэйшую пазыцыю, вымушаныя былі ўдзельнічаць у стварэньні краіны, таму што хто мае ў гэты час уладу, той і будзе курыраваць усе гэтыя банды.

У фільме згадваюцца і 1,5 мільёна даляраў ... я адразу зразумеў, што, напэўна, гэта грошы з Расеі. Потым я людзям задаваў пытаньні, і яны пацьвердзілі гэтую «інвэстыцыю», але незразумела, адкуль былі гэтыя сродкі? Можа, з Расеі, а можа быць, ад былых палітыкаў з Партыі рэгіёнаў або мясцовага крыміналітэту. Гэтая гісторыя вельмі неадназначная, а заходнія, украінскія, расейскія СМІ вельмі любяць усе спрашчаць. Гаворка ідзе пра перапляценьне розных прычын, і гэта вельмі важна зразумець. Таму што, калі мы хочам, каб гэтая крывавая гісторыя скончылася, мы павінны зразумець, дзе вытокі таго, што адбываецца.

— Вам удалося зьняць на камэру толькі пачатак гэтых падзей, калі актыўную ролю гулялі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва. Пазьней зьявіліся грамадзяне Расеі, як, напрыклад, Барадай або Стралкоў, чаму вы не працягнулі пасьля сваю працу?

— Я лічу, што Стралкоў — асобны праект. Гэта расейскі нэаімпэрыяліст, які прыйшоў у Славянск і іншыя гарады для таго, каб пачаць грамадзянскую вайну. Стралкоў быў сам па сабе. Я ня ведаю, адкуль ён атрымліваў свае грошы і загады, шмат што тлумачыць яго інтэрвію газэце «Заўтра».

А вось людзі ў Данецку — гэта зусім іншае, іншы праект, я б сказаў. У той час, калі я рабіў здымкі, са Стралкоўскі бандай часта ўзьнікалі рознагалосьсі. Толькі потым узьніклі батальёны «Ўсход», «Руская праваслаўная армія», іншыя банды. І ўсе яны прэтэндавалі на ўладу. У АДА (Данецкая абласная дзяржаўная адміністрацыя — РС) мне далі згоду здымаць, паколькі я ведаў там многіх, але потым былі створаны новыя групы, да якіх я ня меў допуску і таму мае інсайдэрскія магчымасьці зводзіліся да нуля.

Зь іншага боку, банд было так шмат, што проста не было магчымасьці пазнаёміцца з усімі. Потым было абрабаваньне супэрмаркету «Метро», некалькі груповак з АДА ўдзельнічалі ў гэтым, таму «Аплот» і «Ўсход» прынялі рашэньне зрабіць зачыстку.

Гэта было за тры тыдні да таго, як я вырашыў скончыць здымкі. «Аплот» і некалькі іншых груповак тады заявілі: «Мы хочам стаць новай уладай». Было шмат інтрыг, і ў нейкі момант склалася сытуацыя, калі прысутнічаць там стала занадта небясьпечна. Мы былі сябрамі групы Ромы, але ў адзін цудоўны дзень яны раптам сталі ворагамі «ДНР». Так мы паволі страцілі наш інсайдэрскай допуск.

Тое, што ў мяне быў допуск да парлямэнту, было шчодрае і добрае рашэньне з боку «парлямэнту ДНР», але ў яго таксама было шмат праблем, мы вымушаны былі некалькі разоў зьяжджаць з АДА. Калі быў бой у аэрапорце, АДА была амаль пустая, бо ўсе баяліся, што ўкраінскія ўлады ўвойдуць у Данецк.

Я тады падумаў, што ў мяне шмат відэаматэрыялаў, на якіх людзі без масак, а сытуацыя была незразумелая, я падумаў, што лепш зьехаць з Данецку, пакуль усё не праясьнілася. Да таго ж, мы стаміліся, маральна было вельмі цяжка, і мы падумалі, што лепш узяць адпачынак. Калі я вярнуўся ў Англію, у Данбасе пачалася вайна, і гэта быў бы ня проста дакумэнтальны фільм, а ваенны рэпартаж.

Энтані Батс падчас здымак
Энтані Батс падчас здымак

— Акрамя Ромы, другі ваш герой — Ленін, які вырашыў далучыцца да батальёну «Ўсход». Як гэта адбывалася? Што наагул штурхае людзей на тое, каб узяць у рукі зброю?

— Я паспрабую растлумачыць, як асабіста я гэта бачу, але ня ўпэўнены ў тым, што я разумею ўсё да апошніх дэталяў. У АДА была праблема: усе хацелі дастаць «жалеза» (зброю — РС). Тыя, у каго было «жалеза», лічыліся моцнымі людзьмі, яны маглі прэтэндаваць на ўладу. Кожная група, якая мела допуск да зброі, перамагала ў гэтым дарвінаўскай конкурсе на выжываньне.

Дастаў зброю «Аплот», «Усход» — таксама знайшоў сваю крыніцу. Былі крыніцы зброі непасрэдна з Расеі. У Мазгавога (камандзіра брыгады сэпаратыстаў «Прывід» — РС) быў лягер на расійскай мяжы, празь які ён атрымліваў зброю. Ленін таксама дастаў зброю, але не сказаў адкуль. Ён хацеў зрабіць нешта сур’ёзнае, і мне здавалася, што ўнутры ён — добры чалавек. Ён абраў «Усход», лічачы іх сур’ёзнымі людзьмі, і сышоў з АДА, таму што там не знаходзіў тое, што шукаў. Да таго ж хадзілі чуткі, што хутка будзе зачыстка АДА, і, вядома, Ленін не хацеў быць ахвярай гэтай зачысткі.

— Вы здымалі абмежаваную колькасьць часу, але ўсё ж: ці вядомы вам лёс гэтых людзей? У фільме гаворыцца, што Рома зьбег у Расею, паколькі пачаліся ўнутраныя канфлікты і яго жыцьцё было ўжо ў небясьпецы. А вось што тычыцца Леніна, вам вядомы яго лёс і лёсы яго баявых таварышаў?

— Ленін — жывы-здаровы, ён быў у адным з падразьдзяленьняў апалчэньня «ДНР». Наколькі я зразумеў, ён сышоў адтуль таму, што там проста не было для яго месца. Ён цяпер не ваюе. Рома цяпер у Крыме. Фэлікс быў арыштаваны на блёкпосьце, ён цяпер сядзіць у турме — за бандытызм, дарэчы.

— Вы казалі, што ваша мэта была паказаць зьяўленьне новай краіны. Калі параўнаць тое, што адбывалася на вашых вачах, з тым, што адбылося потым, як вы думаеце, чаму наступіў крах спадзяваньняў людзей, якіх вы зьнялі ў фільме, бо большасьць зь іх альбо самі пакінулі сэпаратысцкі рух, альбо былі выгнаныя з яго сілай, як гэта стала з першым «парлямэнтам ДНР».

— Там усё было пераблытана, зьлівалася усё ў адно: грамадзянін Украіны, грамадзянін Расеі, грамадзянін «ДНР» ці «ЛНР», грамадзянін Савецкага Саюзу. Таму і гісторыя атрымалася заблытаная. Я думаю, што большасьць людзей, калі казаць увогуле, хацела б такую краіну, якая прыносіць ім выгаду: працу, грошы, менш — карупцыі, больш — шанцаў рэалізаваць сябе. Я паказваю ў фільме, што ўсе хацелі проста жыць у лепшай краіне. А пытаньні нацыянальнай прыналежнасьці, па-мойму, граюць меншую ролю, чым тое, што лепш для кожнага канкрэтнага чалавека і яго сям’і. Пытаньне нацыянальнай прыналежнасьці зьяўляецца толькі тады, калі людзі разумеюць, што ім патрэбна новая палітычная структура для рэалізацыі сябе і будучыні сваіх дзяцей.

Я добра памятаю, што да падзей у Адэсе большасьць людзей у АДА хацелі быць часткай Украіны. Таму атрымалася так, што чым больш Украіна нападала, тым менш людзі сталі бачыць зь ёй сваю будучыню. У той жа час трэба разумець, што ня ўсе ў «ДНР» ці «ЛНР» хочуць жыць у такіх самаабвешчаных утварэньнях, яны хочуць жыць у Украіне. І як раз гэтыя людзі ня вельмі гаваркія, таму што гэта — небясьпечна.

Для таго каб сытуацыя зьмянілася, мы павінны разумець адзін аднаго, гэта вельмі важна — разумець матывы, не судзіць, быць гатовымі на кампраміс. Калі ў нас быў тэрарызм з-за Паўночнай Ірляндыі, Ірляндзкай рэспубліканскай арміі, нам давялося вызваліць шмат людзей, якія забівалі дзяцей і жанчын. Гэта было вельмі несправядліва, але, калі мы палічым, колькі людзей маглі быць забітыя, калі б мы гэтага не зрабілі, гэта становіцца справядлівым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG