Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пастаўлена на карту ў Рызе?


Наталі Сабанадзе

Наталі Сабанадзе

Наталі Сабанадзе

Няёмкае маўчаньне або моцнае пасланьне? Дылема, што прынясе саміт Усходняга партнэрства ў Рызе, далёка не трывіяльная.

Саміт пройдзе на фоне вайны ў Украіне і шэрагу іншых агрэсіўных актаў, якімі Расія парушыла прынцыпы недатыкальнасьці межаў і мірных адносін з суседзямі. Для Эўразьвязу будзе выклікам адказаць на гэты крызіс такім чынам, каб а) не прывесьці да эскаляцыі напружанасьці; б) не паставіць пад пагрозу міжнародныя нормы і прынцыпы; і в) не паказаць, што ты заахвочваеш зьдзекі са сваіх інтарэсаў у рэгіёне. Выканаць усе тры мэты адначасова вельмі складана, амаль немагчыма.

Паколькі палітыка — мастацтва магчымага, Эўразьвяз і яго партнэры спрабуюць знайсьці кампраміс. Для Грузіі, невялікай дзяржавы, якая ўжо была ахвярай ваеннай агрэсіі і пастаянна знаходзіцца пад ціскам Расеі, важна, што асноўныя нормы і прынцыпы не скампрамэтаваныя. Праэўрапейскі выбар і імкненьні нашай краіны прызнаюцца.

Даволі часта гаворыцца, што краіны Ўсходняга партнэрства былі пастаўленыя перад патрэбай выбраць паміж Расеяй і Эўропай, прытым іх сталыя гістарычныя, эмацыйныя і эканамічныя сувязі з Расеяй ігнараваліся. Для таго, каб выправіць гэтую «памылку», — гучыць прапанова — мы павінны стварыць усёабдымную сыстэму, якая б запабегла штучнага выбару і лініяў падзелу.

Гэтая аргумэнтацыя заснаваная на шэрагу непраўдзівых сьцьвярджэньняў. У першую чаргу, яны не ўлічваюць той фундамэнтальны факт, што некаторыя зь дзяржаў Усходняга партнэрства, у тым ліку Грузія, вельмі сьвядома і добраахвотна зрабілі свой выбар у пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі. Гэта быў усьвядомлены выбар грамадзянаў наконт таго, якую дзяржаву яны хочуць пабудаваць, які шлях разьвіцьця яны выбіраюць для перайманьня. Гэты выбар ні ў чым ня штучны, ён нікому не пагражае і ня ўносіць рознагалосьсі. Наадварот, гэта выбар для прасоўваньня дэмакратыі і ўзаемавыгаднай залежнасьці, што можа быць асновай для міру і бясьпекі ў Эўропе, ад чаго выйграюць усе, у тым ліку Расея.

Па-другое, існаваньне старых сувязяў ня можа быць асновай для прыняцьця палітычных рашэньняў сёньня, гэта б перабольшвала іх мінулае значэньне для сучаснасьці. Напрыклад, дыпляматычных адносін паміж Грузіяй і Расеяй няма ад 2006 году і адсечаныя тады эканамічныя сувязі толькі цяпер паступовага аднаўляюцца.

Варта таксама прызнаць, што нашы гістарычныя і эмацыйныя сувязі далёка ня простыя. У нас агульнае цяжкое савецкае мінулае, якое Грузія імкнецца пакінуць ззаду. Цяпер час рухацца далей і будаваць новыя асновы для нашых абноўленых адносін, калі яны маюць быць сапраўднымі і ўзаемавыгаднымі.

У Рызе Эўразьвяз павінен зноў адстойваць права сувэрэнных дзяржаў самім вырашаць свой лёс, і тое, што ніякі іншы бок ня можа аспрэчваць гэты законныя выбар. Калі Рыскі саміт будзе няздольны гэта сьцьвердзіць, гэта будзе азначаць маўклівае прызнаньне ’’сфэр ўплыву’’ і прывядзе да зьяўленьня тых самых ліній падзелу, якіх ЭЗ так моцна хоча пазьбегнуць.

Эўрапейскі шлях інтэграцыі Грузіі замацаваны ў пагадненьнях аб асацыяцыі і аб глыбокім і ўсёабдымным свабодным гандлі, што былі падпісаныя нядаўна (гэтаксама як Малдовай і Украінай). Гэтыя інструмэнты, якія мы рэалізуем, могуць мець пераўтваральны і мадэрнізуючы ўплыў на эканомікі нашых краін. Свабоднае перамяшчэньне людзей будзе ключавым, каб павялічыць гэтае ўзьдзеяньне. Пры рэалізацыі ўсіх тэхнічных патрабаваньняў мы спадзяемся, што ў найбліжэйшы час грамадзяне Грузіі змогуць падарожнічаць у краіны Эўропы бязь віз.

Для звычайнага грамадзяніна бязьвізавы рэжым будзе ўяўляць сабой матэрыяльную і каштоўнасную выгаду ад інтэграцыі з Эўразьвязам. Гэта будзе азначаць больш турызму, больш абмену студэнтаў і спэцыялістаў, больш кантактаў грамадзянскай супольнасьці, больш магчымасьцяў для бізнэсу. Але гэта яшчэ не ўсё. Гэта асабісты досьвед ад рэаліяў Эўразьвязу — яго каштоўнасьцяў, яго сыстэмы кіраваньня, і яго спосабаў вядзеньня бізнэсу і палітыкі. Гэта дапаможа пабудаваць сувязі паміж Грузіяй і ЭЗ ня толькі на дыпляматычных і элітных узроўнях, але і на ўзроўні прыватнага грамадзяніна. Ня варта недаацэньваць важнасьць гэтых сувязяў: калі грамадзяне ўмацоўваюць свае высокія чаканьні дэмакратыі, добрага кіраваньня і вяршэнства права, гэта пераўтвараецца ў палітычныя рычагі.

Наталі Сабанадзе — пасол Грузіі ў Эўразьвязе. Погляды, выказаныя ў гэтым камэнтары, выяўляюць пазыцыю аўтара і не абавязкова адлюстроўваюць пункт гледжаньня Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG