Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пішам РБ – чытаем ДНР


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Улада ў Беларусі лёгка зразумелая праз прызму ДНР. Гэта не капіталізм ці сацыялізм, не манархія ці дыктатура… І дарэмна яны шукаюць ідэалёгію – яна ў іх у крыві.

Гэта аўтарытарызм савецкай гадоўлі.

«Данецкая народная рэспубліка» – яшчэ адно наступства распаду СССР – краіны, дзе панятак свабоды нічога ня значыў.

У кожным народзе ёсьць тыя, што змагаюцца за свабоду і тыя, што бароняць сваё рабства. Абсалютная большасьць, вядома, ні за што не змагаецца і нічога не бароніць, але яна нічога й не вырашае. Вырашаюць тыя, каму ня ўсё роўна. І ўсе краіны падзяляюцца на дзьве катэгорыі ў залежнасьці ад таго, хто перамог, чыя ідэалёгія запанавала – свабодных ці рабоў.

Калі ў рэспубліках Балтыі перад канцом СССР паўсталі рухі за свабоду, зараз жа зьявіліся і рухі за рабства. На кожны народны фронт зьявіўся інтэрфронт. Але змагары за свабоду перамаглі.

Калі ў Кіеве сабраўся Майдан супраць алігархаў, карупцыі і засільля бюракратыі, у Данбасе паўстаў антымайдан – за тое, каб нічога не мяняць, фактычна – за алігархаў, карупцыю і бюракратыю. Рабы алігархату паўсталі на яго абарону. І няхай тлумачылі яны гэта нежаданьнем вывучаць украінскую мову і жыць паводле прынцыпаў цывілізаванага сьвету, насамрэч усё выглядае прасьцей – рабы бароняць сваё рабства.

Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расеі была нічым іншым як перамогай гэтых самых рабоў, якія захавалі за сабой сваю бяспраўнасьць, ніякі кошт жыцьця, безмаетнасьць і безгалосасьць. Няважна, што начальства ў іх зьмянілася, іх доля засталася ранейшай – яны самі яе адстаялі. Проста масай сваёй завалілі тых, хто хацеў для сябе рэальнай свабоды. Нездарма ж і леніны паўсюль стаяць, і цар Мікалай ІІ кананізаваны.

Прыход да ўлады ППРБ са таварышы – гэта тая самая ДНР пад сьцягам абароны свайго рабства. Адно што ўлада дасталася законным чынам. А так хацелася рэвалюцыі! І як Захарчанка з камандай захапілі абласную адміністрацыю ў Данецку, так і ППРБ у свой час учыніў захоп парлямэнту спэцназам, хоць, здавалася б, ніякай патрэбы ў гэтым не было. Але ў псыхалёгіі абаронцаў рабства няма месца для законнага і мірнага пераходу ўлады. Бо дзе ж адрэналін?

Мірны пераход – завялікая раскоша, і рабская (саўковая, ватная) псыхалёгія проста ня ведае, што з гэтым рабіць. Як ня ведае, што рабіць зь незалежнасьцю. Гэта як нейкая разумная дэталь, што трапіла ў рукі барбару, які без паняцьця, куды яе прыладзіць. Дваццаць гадоў ён бавіцца з гэтай цацкай, а грамадзянская супольнасьць кожны раз ухае ды ахае ад страху, каб каштоўная дэталь ня выпала зь ягоных рук і не разьбілася.

Па-сутнасьці сыстэма ўлады ў цяперашняй РБ – такая самая, што ў ДНР. З тым самым ідыятызмам у гуманітарнай сфэры, засільлем бюракратыі, са стратнай нерэфармаванай эканомікай і – вось яно, самае галоўнае – захаваным рабствам чалавека, яго бяспраўнасьцю і безгалосасьцю.

Адзінае адрозьненьне – у ДНР улада маладая, такая сабе чэгевараўская, а ў Беларусі яна – абыклая, гатовая заўтра ператварыцца ў «дряхлеющий режим». Яе ўсё больш прызнаюць на Захадзе, бо яна стала больш прадказальнай і перастала быць страшылкай. Тым ня менш, Рэспубліка Беларусь – гэта ДНР, якая ахапіла ўсю Ўкраіну. Яна па-ранейшаму ня ведае, што рабіць зь незалежнасьцю, уласнай нацыянальнай ідэнтычнасьцю і культурай, міжнародным прызнаньнем. Бо гэта ўсё для яе нічога ня значыць, і мае каштоўнасьць толькі для яе ворагаў, «пятай калёны» – тых, хто сьвядома змагаецца за свабоду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG