14 друкарняў адмовіліся друкаваць даклад Барыса Нямцова «Пуцін. Вайна» аб прысутнасьці расейскіх войскаў ва Ўкраіне. Пагадзілася толькі адна друкарня, і тое на ўмовах ананімнасьці. Адмову тлумачылі зьместам дакладу і сытуацыяй у краіне.
Як распавёў Усевалад Чагаеў, які займаўся публікацыяй дакладу, сярод тых друкарняў, што адмовіліся, былі тыя, якія раней друкавалі іншыя даклады Нямцова і выконвалі заказы Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага. Паводле мэнэджара адной зь іх, пасьля публікацыі папярэдняга дакладу апазыцыйнага палітыка, друкарню правярала падатковая служба і абшуквала паліцыя.
Даклад «Пуцін. Вайна» быў надрукаваны мінімальным накладам (3000 асобнікаў) за некалькі дзён да яго прэзэнтацыі друкарняй, якая пагадзілася зрабіць гэта без дамовы і на ўмовах ананімнасьці.
Паплечнікі Барыса Нямцова не выключаюць, што ўлады і далей будуць перашкаджаць распаўсюджваньню дакладу. У аўторак, пасьля яго публікацыі на сайце putin-itogi.ru, сайт быў падвергнуты хакерскаму нападу. Аднак, нягледзячы на ціск уладаў, ужо заплянаваныя прэзэнтацыі дакладу ў расейскіх рэгіёнах і пачаты збор сродкаў на яго выданьне празь сыстэму «Яндэкс-кашалёк».
Барыс Нямцоў не пасьпеў скончыць даклад «Пуцін. Вайна» аб удзеле расейскіх вайскоўцаў у канфлікце на ўсходзе Украіны. Пасьля яго забойства працу над дакумэнтам завяршылі яго паплечнікі. Сярод вэрсій матываў для забойства калегі і сябры Нямцова называюць працу над гэтым дасьледаваньнем. 12 траўня ў Маскве ў офісе партыі РПР-ПАРНАС адбылася прэзэнтацыя дакладу.
Адмову тлумачылі зьместам дакладу і сытуацыяй у краіне. Даклад «Пуцін. Вайна» быў выдадзены мінімальным накладам (3000 асобнікаў) адной друкарняй на ўмовах ананімнасьці.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1