Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не прыедзе ў Рыгу, — Страўюма


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не прыедзе ў Рыгу на саміт «Усходняга партнэрства», які пройдзе 21–22 траўня.

Пра гэта заявіла журналістам прэм’ер-міністарка Латвіі Лаймдота Страўюма. Яна адзначыла, што да гэтага часу незразумела, хто будзе прадстаўляць Беларусь на гэтым мерапрыемстве, паведамляе Delfi.

«Прадстаўніцтва Беларусі незразумелае, але Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не прыедзе», — сказала яна.

Замест Лукашэнкі Беларусь на саміце маглі б прадстаўляць прэм’ер-міністар ці міністар замежных спраў, цытуе Інтэрфакс Лаймдоту Страўюма.

Удзел у саміце пацьвердзілі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў, прэзыдэнт Малдовы Мікалай Цімафці і прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Гарыбашвілі.

У саміце возьмуць удзел па адным прадстаўніку кожнай краіны-ўдзельніцы ЭЗ — прэзыдэнт ці прэм’ер-міністар, акрамя прэм’ер-міністра Ірляндыі, які ня зможа прыехаць у Рыгу з-за рэфэрэндуму, які праходзіць у краіне, і прэм’ер-міністра Люксэмбургу, якога ня будзе ў Рызе з асабістых прычын, паведаміла Страўюма.

Супрацоўніцтва з краінамі «Ўсходняга партнэрства» — Армэніяй, Азэрбайджанам, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай — адзін з прыярытэтаў старшынства Латвіі ў Радзе ЭЗ.

Як раней паведамляла Міністэрства замежных спраў Беларусі, «рашэньне адносна ўзроўню ўдзелу Беларусі ў саміце будзе прынята кіраўніком дзяржавы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG