Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежнікам дазволяць ваяваць ва Ўкраіне па законе


Вэтэраны Чырвонай Арміі, УПА і АТА на сьвяткаваньні Дня памяці і прымірэньня 8 траўня ў Вярхоўнай Радзе.

Вэтэраны Чырвонай Арміі, УПА і АТА на сьвяткаваньні Дня памяці і прымірэньня 8 траўня ў Вярхоўнай Радзе.

Вярхоўная Рада прыняла за аснову законапраект, які дазволіць служыць ва ўзброеных сілах Украіны замежнікам і асобам без грамадзянства.

За праект закону прагаласавалі 257 народных дэпутатаў пры 226 неабходных.

Аўтары законапраекту адзначаюць, што пасьля пачатку фармаваньня добраахвотніцкіх батальёнаў ў зону АТА пачалі самастойна прыбываць замежнікі з ваенным вопытам.

«Частка зь іх, нягледзячы на адсутнасьць на тое прававых падставаў, прымалі і прымаюць удзел у баявых дзеяньнях. Практыка ўдзелу замежнікаў у баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны супярэчыць нормам закону», — гаворыцца ў тлумачальнай нататцы да закону.

Згодна зь дзейным заканадаўствам, узброеныя сілы Ўкраіны і іншыя ваенныя фармаваньні камплектуюцца толькі шляхам прызыву грамадзянаў Украіны на ваенную службу і праз прыняцьце грамадзянаў Украіны на ваенную службу па кантракце.

Як патлумачыў аўтар законапраекту Дзьмітро Тымчук дзеяньні замежнікаў нават падпадаюць пад прыкметы артыкулу 263 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны «Незаконнае выкарыстаньне зброі, баявых прыпасаў або выбуховых рэчываў».

Таму Цімчук прапанаваў дазволіць замежнікам праходзіць службу ва ўкраінскім войску без прыняцьця грамадзянства.

«За кошт замежнікаў, якія ўвойдуць у шэрагі ўзброеных сілаў, паменшыцца патрэба ў мабілізацыі грамадзянаў Украіны і выдаткі на розныя формы выплат удзельнікам баявых дзеяньняў, інвалідам, сем’ям загіблых і гэтак далей», — адзначыў дэпутат.

Маюцца зьвесткі пра ўдзел беларускіх грамадзянаў у баявых дзеяньнях у Данбасе на баку Ўкраіны. Паведамлялася пра атрад «Пагоня» — падразьдзяленьне, сфармаванае зь беларускіх добраахвотнікаў. У чэрвені 2014 года камандзір батальёну «Данбас» Сямён Сяменчанка у інтэрвію журналістам паведаміў, што ў яго батальёне ваююць 15 беларусаў. Былы палітвязень Васіль Парфянкоў з канца леташняга году ваюе ў Данбасе ў складзе добраахвотніцкага батальёну Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў.

У сьнежні прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка паабяцаў надаць украінскае грамадзянства замежнікам, якія ваююць супраць расейскай агрэсіі ў зоне АТА.

XS
SM
MD
LG