Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы — у чвэрцьфінале чэмпіянату сьвету па хакеі


Беларускія заўзятары ў Остраве
Беларускія заўзятары ў Остраве

Нацыянальная зборная Беларусі прабілася ў чвэрцьфінальную стадыю на чэмпіянаце сьвету па хакеі, які праходзіць у Чэхіі. Гэта стала вядома пасьля таго, як сёньня беларусы зь мінімальным лікам 3:2 перамаглі супэрнікаў з Нарвэгіі і набралі 14 ачкоў у сямі матчах.

Інтрыга — хто фінішуе на чацьвёртай пазыцыі ў групе В і атрымае права выступіць у наступным раўндзе спаборніцтваў — захоўвалася да апошняга дня групавога турніру.


У выпадку, каб беларусы прайгралі нарвэсцам, а славакі перамаглі амэрыканцаў, камандзе Беларусі давялося б пакаваць чамаданы — пры роўнасьці ачкоў вырашальнай была б ранейшая перамога славакаў над беларусамі. Зрэшты, доўга варажыць ды прыкідваць варыянты не давялося: выхаванцы канадзкага трэнэра Дэйва Льюіса не без цяжкасьцяў, але разабраліся са скандынавамі.

Пры любым раскладзе, як кажа спартовы аглядальнік, экс-камэнтатар Беларускага тэлебачаньня Аляксандар Пуціла, выступ беларусаў у Чэхіі ўжо можна лічыць станоўчым. Найперш, на яго думку, абсалютна слушнымі аказаліся кадравыя ўмацаваньні ў трэнэрскім штабе:

«Ясна, што адбыліся зьмены. Найперш, павялічыўся трэнэрскі штаб. Ажно да таго, што некалькі разоў калегі задаваліся нязвыклым пытаньнем: а ці хопіць усім працы ў такім „разьдзьмутым“ штабе? Па-другое, гэта зьяўленьне Ўладзімера Бурэ — чалавека, які мае досьвед і плыўца, і трэнэра па фізпадрыхтоўцы. Хоць хлопцы стагналі, нылі пасьля ягонага „фізо“, але цяпер задаволеныя, прызнаюць, што фізычнай моцы хапае ня толькі на першую траціну, а на ўвесь матч, на ўвесь двубой.

Не сказаў бы, што зараз іншыя нацыянальныя дружыны слабейшыя, чым на Алімпійскіх гульнях ці на леташнім чэмпіянаце сьвету, але зборная Беларусі відавочна дадала і ў фізычнай моцы, і ў мэтанакіраванасьці — гуляць да канца сустрэчы. Хіба што падводзяць старыя хваробы — няўменьне рэалізоўваць большасьць, не зусім добрая згулянасьць. Усё гэта ёсьць, але важна, што да канца гульні прысутнічае фізычная дастатковасьць. І гэта дапамагае: бачыце, як учора з Фінляндыяй выратавалі сустрэчу, зарабіўшы ачко, якое сёньня апрыёры было зусім ня лішнім у матчы з Нарвэгіяй».

Такім чынам, каманда Беларусі з 14 ачкамі пасьля сямі матчаў забясьпечыла сабе месца ў васьмёрцы мацнейшых на чэмпіянаце сьвету, хоць пры цяперашнім узроўні гатовасьці можна было б замахнуцца і на большае. Адзінае, зусім не дадае аптымізму наступны супэрнік на стадыі ¼ фіналу на праскай арэне О2 — каманда Канады: «кляновыя» — адзіныя на турніры, хто ня зьведаў горыч паразаў, здабыўшы сем перамог у сямі гульнях. Спартовы камэнтатар Аляксандар Пуціла ў ацэнцы пэрспэктываў адназначны:


«Гэта канец, таму што канадцы не гублялі ачкоў, адрозна ад нашай групы, дзе і амэрыканцы, і расейцы мелі прайграныя сустрэчы. Зрэшты, усё лягічна, на большае прэтэндаваць было складана. Адзінае, застаецца засмучацца хіба тым, што наўпрост ня патрапляем на Алімпійскія гульні ў Паўднёвую Карэю — у выпадку, калі не апынемся ў выніковай васьмёрцы мацнейшых паводле рэйтынгу Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Затое займеем хатнюю кваліфікацыю, там аддадзім усе сілы.

Увогуле Алімпіяда-2018 нам цёпла і сьветла грэе, бо пры цяперашнім складзе, нават без Грабоўскага, без Дзянісава, без Кальцова, якія маглі б дапамагчы, зборная з Гаўрусам, зь Івенкам — маладымі хлопцамі, якія моцныя фізычна і маюць здаровыя амбіцыі — атрымліваецца досыць лагодны пераход ад аднаго пакаленьне да іншага. Таму пэрспэктывы добрыя. Хоць у канкрэтным выпадку, каб пераўзыйсьці канадцаў, зноў жа, патрэбен такі цуд, як у матчы са зборнай ЗША. Але паўтарыць яго будзе надзвычай цяжка. Нават з улікам таго, што пасьля дыскваліфікацыі вернецца Андрэй Касьціцын».

Беларусь на сёлетнім чэмпіянаце сьвету мае своеасаблівы антырэкорд — самую нізкую наведвальнасьць на матчах са сваім удзелам. Але ў вырашальным матчы з Нарвэгіяй заўзятары забясьпечылі досыць адчувальную падтрымку камандзе.

Як і падчас ранейшых сустрэчаў, большасьць на CEZ-арэне складалі аматары хакею ў чырвона-зялёных вопратках і зь цяперашняй афіцыйнай атрыбутыкай. Але раз-пораз камэра выхоплівала на трыбунах носьбітаў нацыянальнай сымболікі, самаробныя беларускамоўныя плякаты кшталту «Наша возьме!» і г. д. Фігураваў і гібрыдны варыянт: вышыванка пад дзяржаўным сьцягам. Невялікі беларускі дэсант у Остраву арганізаваў хакейны заўзятар, былы палітзьняволены Аляксей Шыдлоўскі, які цяпер жыве ў Празе.

Апроч таго, залю для масавасьці запоўнілі чэскімі школьнікамі, якія эмацыйна рэагавалі на падзеі, што разгортваліся на пляцоўцы. Кожны малалетні заўзятар атрымаў папяровыя сьцяжкі камандаў-супэрніц, куды з большым імпэтам віталіся атакі каманды Нарвэгіі. Як шчыра заўважыў у тэлерэпартажы камэнтатар БТ Аляксандар Цьвячкоўскі, аказваецца, падобная практыка запаўненьня лядовых палацаў культывуецца ня толькі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG