Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна праз прыцэл Аўганістану


Новыя арнамэнты традыцыйных аўганскіх кілімоў
Новыя арнамэнты традыцыйных аўганскіх кілімоў

Карэспандэнт Украінскай службы Радыё Свабода Расьціслаў Хоцін праехаў маршрутамі савецка-аўганскай вайны.

Аўганцы, якія жывуць уздоўж стратэгічнай дарогі Саланг, да гэтага часу памятаюць, як у 1979 савецкія войскі ішлі на Кабул, а потым — праз больш як 9 гадоў — вярталіся ў СССР. Некаторыя кажуць, што, сыходзячы, савецкія войскі стралялі па вёсках — быццам у адплату, нягледзячы на дамоўленасьць аб мірным выхадзе.

Былыя аўганскія партызаны — маджахеды — і далей уважліва сочаць за ўсімі ваеннымі інтэрвэнцыямі Расеі, хоць і скардзяцца, што стаўленьне да маджахедаў сёньня рознае. Менавіта канфлікты паміж маджахедамі пасьля выхаду савецкіх войскаў з Аўганістану расчысьцілі шлях «Талібану» да ўлады ў 1996 годзе. Таму ўсе маджахеды найперш раяць зараз украінцам быць адзінымі.

Калі народ разьяднаны — жахліва

«Мая парада такай: усе людзі ва Ўкраіне павінны аб’яднацца і падняцца на барацьбу. Калі ўкраінцы будуць адзінымі, толькі тады вы зможаце перамагчы любую звышдзяржаву. Паглядзіце на Аўганістан — у нас жа нічога не было, але мы змаглі перамагчы такую сілу, як СССР. Час зьмяніўся. Расея ўжо ня зможа зрабіць ва Ўкраіне тое, што яна рабіла тут у Аўганістане», — кажа камандзір маджахедаў Махамад Асіф Азімі, які цяпер зьяўляецца дарадцам кіраўніка выканаўчай улады Аўганістану.

«Вы можаце перамагчы Пуціна толькі адзінствам. Мая галоўная парада — быць разам украінскім людзям. Не дапусьціце грамадзянскай вайны. Я ведаю, што гэта такое, калі народ разьяднаны, і гэта жахліва», — адзначае былы паўстанскі камандзір Гэкматула Гэкмат Задран.

Гэкматула Гэкмат Задран
Гэкматула Гэкмат Задран


«Калі мы ваявалі з СССР, мы былі адзіныя, і нас падтрымліваў сьвет. Амэрыка нам дапамагала грашыма і „стынгэрамі“, але ў яе былі свае інтарэсы таксама. Не давярайце Амэрыцы на 100%, таму што ў яе таксама ёсьць свае інтарэсы. А Расея думае толькі пра сябе, і гэта яе звычай — нападаць на слабых. І яшчэ мая парада — прыбярыце ад улады ўсіх, хто падтрымлівае Расею і былых камуністаў», — дадае Задран.

Партызаны, партызаны...

Маджахеды ваявалі невялікімі мабільнымі атрадамі. У сярэднім атрад маджахедаў складаўся з 300 байцоў — прыблізная колькасьць украінскага дабраахвотніцкага батальёну на Данбасе.

Час зьмяніўся. Расея ўжо ня зможа зрабіць ва Ўкраіне тое, што яна рабіла тут у Аўганістане

Сайед Касім Музафар кіраваў атрадам маджахедаў у правінцыі Парван на поўнач ад Кабулу і ў правінцыі Баміян, вядомай тым, што «Талібан» там пазьней разбурыў гіганцкія статуі Буды.

«Мы прыйшлі з атрадам у акупаваны савецкімі Баміян і не змаглі забясьпечыць дастаўку харчаваньня. Я папрасіў маджахедаў ня браць ежу ў беднага мясцовага насельніцтва, і мы вырашылі, што лепш будзем галадаваць, але ў людзей ежу адбіраць ня будзем. І мы шмат дзён елі толькі сухі хлеб», — успамінае Музафар.

А прыклад, які прывёў Гекматула Гекмат Задран, выглядае быццам з гісторыі бою УПА з НКВД на Заходняй Украіне: «Савецкія атачылі частку майго атраду, і мае байцы схаваліся ў калодзежы, у бакавых хованках, у выкапаных тунэлях. Савецкія іх закідалі гранатамі і забілі ўсіх».

«У прафэсійным сэнсе савецкія салдаты былі моцнымі, і на поле бою таксама ваявалі з намі ўпарта. Але яны ня вельмі арыентаваліся на мясцовасьці. Мы вялі вайну партызанскага тыпу, атрымлівалі інфармацыю і атакавалі зьнянацку. Мы мелі загадзя інфармацыю аб іх перасоўваньні і мініравалі масты і дарогі», — успамінае Задран.

Не давярайце Амэрыцы на 100%, таму што ў яе таксама ёсьць свае інтарэсы. А Расея думае толькі пра сябе, і гэта яе звычай — нападаць на слабых

«На іх вартавых мы часта нападалі ноччу, калі яны спалі. Мы зьмянялі тактыку: атакавалі то ўначы, то ўдзень, то ўвечары, і мы мелі высокую мабільнасьць. Савецкія ня ведалі добра тутэйшыя абшары і несьлі вялікія страты. Былі часта адплаты — пасьля нашых нападаў савецкія нападалі тады на вёскі, забівалі сялянаў, зьнішчалі быдла і нават разбуралі сады», — дадае кіраўнік маджахедаў.

Паводле яго, маджахеды мелі лягеры ў гарах, і там іх не магла дастаць нават савецкая авіяцыя. «Мы капалі норы і былі недаступныя для авіябомбаў. Седзячы ў гарах, мы таксама выстаўлялі назіральніка, які глядзеў на савецкія пазыцыі і, як толькі бачыў дым, то адразу крычаў — значыць, па нас стрэліў або танк, або гармата, і мы імгненна хаваліся ў норы. Таму сярод нас было менш ахвяраў», — прыгадвае Задран.

Ваяваць — дорага

Сярод іншых парадаў маджахедаў украінцам — «адхіліць ад улады ўсіх расейскіх шпіёнаў». І гэта можна пачуць практычна ад кожнага былога байца аўганскага супраціву.

«Лепшая тактыка супраць расейцаў — не прамая адкрытая вайна на поле бітвы, а вайна партызанскага тыпу. Інакш будуць вялікія ахвяры сярод людзей і вайскоўцаў. І яшчэ адно — не катуйце ваеннапалонных, таму што гэта не дапаможа, а палонныя, калі да іх нармальна ставіцца, будуць ведаць, што ўкраінцы — добрыя людзі», — кажа Задран.

Лепшая тактыка супраць расейцаў — не прамая адкрытая вайна на поле бітвы, а вайна партызанскага тыпу. Інакш будуць вялікія ахвяры

«Трэба таксама эканомна выкарыстоўваць кулі і зброю, таму што весьці вайну — гэта дорага. У вас, напэўна, таксама не хапае амуніцыі, бо ва Ўкраіне цяжкое эканамічнае становішча», — дадае ён.

А маджахед Азілі заўважае: «СССР хацеў зрабіць Аўганістан сваёй часткай. Але мы, маджахеды, не дазволілі ёй гэтага. Мы перамаглі звышдзяржаву, мы зрынулі камунізм. Мы заваявалі свабоду для Аўганістана. Некаторыя нас крытыкуюць — але гэта несправядліва, бо мы абаранілі нашу свабоду, таму што наша рэлігія была ў небясьпецы. Інакш наша культура і мова таксама пацярпелі б. Спадзяюся, што сытуацыя ва Ўкраіне будзе лепш, і ўсё вернецца да нармальнасьці».

Усе маджахеды — і пераважная большасьць аўганцаў, зь якімі давялося размаўляць — ведаюць пра вайну ва Ўкраіне, і ў першую чаргу адразу кажуць пра тое, што Расея адабрала ва Ўкраіны Крым, хоць ня ведаюць пра татарскае насельніцтва паўвострава.

«Украіна — не ісламская краіна, але ўкраінцы — сьмелыя людзі і любяць сваю радзіму, — кажа Задран. — Гэта адказнасьць — абараняць сваю зямлю. Вы змагаецеся за сваю краіну, і Бог вам дапаможа».

Вайна ў Аўганістане доўжылася 9 гадоў. У ёй, паводле афіцыйных зьвестак, загінула каля 15 тысячаў савецкіх вайскоўцаў. Страты сярод насельніцтва Аўганістану ацэньваюцца ў лічбах ад 650 тысячаў да 1.5 мільёна чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG