Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Цзіньпін зацьвердзілі плян індустрыяльнага парку пад Смалявічамі


Аляксандар Лукашэнка (справа) абменьваецца дакумэнтамі з кітайскім калегам Сі Цзіньпінам падчас цырымоніі падпісаньня ў Менску, 10 траўня 2015

Аляксандар Лукашэнка (справа) абменьваецца дакумэнтамі з кітайскім калегам Сі Цзіньпінам падчас цырымоніі падпісаньня ў Менску, 10 траўня 2015

Перад адлётам зь Беларусі кітайскі лідэр Сі Цзіньпін наведаў сумесна з Аляксандрам Лукашэнкам месца першага этапу будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне.

Паводле прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнікам краін прэзэнтавалі праект парку і кароткія апісаньні інвэстыцыйных праектаў першых рэзыдэнтаў. Лукашэнка і Сі Цзіньпін пакінулі свае подпісы на пляне разьвіцьця парку. Пазьней у іх прысутнасьці былі ўручаныя пасьведчаньні аб рэгістрацыі першым сямі рэзыдэнтам індустрыяльнага парку. Кіраўніцтва індустрыяльнага парку таксама абмянялася дамовамі аб намерах стаць рэзыдэнтамі парку з прадстаўнікамі 14 кампаніяў.

На гэты момант будаўнічая пляцоўка стартавай зоны парку перададзеная генэральнаму падрадчыку, пачаты будаўнічыя працы. Да канца 2016 году чакаецца стварэньне дарог, сетак электразабесьпячэньня, водазабесьпячэньня, каналізацыі, газазабесьпячэньня, сувязі, інжынэрных збудаваньняў, трансфарматарнай падстанцыі. Плянуецца, што ў пачатку 2017 году будзе гатовая нерухомасьць для здачы ў арэнду патэнцыйным інвэстарам — адміністрацыйна-дзелавы цэнтар, офісныя плошчы, тыпавыя вытворчыя плошчы.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк — тэрытарыяльнае ўтварэньне ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці ў 25 км ад Менску плошчай каля 80 кв. км з асаблівым прававым рэжымам.

Аб’ём інвэстыцыяў у рамках праекту на першым этапе ацэньваецца прыкладна ў $ 5 600 000 000. Сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасьці — разьвіцьцё тонкай хіміі, біямэдыцыны, электроннай прамысловасьці, машынабудаваньня. На тэрыторыі парку плянуецца разьмясьціць вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавы і навукова-дасьледчы цэнтры.

Кітайская карпарацыя China CAMC Engineering Co. выступае сузаснавальнікам кампаніі па разьвіцьці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

Рэпартаж Свабоды з Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, зроблены незадоўга да візыту Сі Цзіньпіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG