Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямцоў ловіць Пуціна на хлусьні


Барыс Нямцоў на антываенным маршы пратэсту ў Маскве. 15 сакавіка 2014

Барыс Нямцоў на антываенным маршы пратэсту ў Маскве. 15 сакавіка 2014

У штаб-кватэра партыі РПР-ПАРНАС прэзэнтавалі даклад Барыса Нямцова «Пуцін. Вайна» пра прысутнасьць расейскіх войскаў ва Ўкраіне.

«Для Пуціна заўсёды вельмі непрыемна быць злоўленым на хлусьні. Даклад зробіць моцны эфэкт у расейскім грамадзтве»,— лічыць суаўтар Ільля Яшын.

Група апазыцыйных актывістаў і журналістаў на чале з Ільлём Яшыным завяршыла працу над дакладам аб удзеле расейскіх вайскоўцаў у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны, што не пасьпеў скончыць Барыс Нямцоў, які загінуў у ноч на 28 лютага ў цэнтры Масквы. Даклад называецца «Пуцін. Вайна».

За некалькі дзён да забойства, 25 лютага, Нямцоў зьвярнуўся да Яшына з просьбай дапамагчы ў зборы інфармацыі. Адразу пасьля гібелі Нямцова, Яшын сказаў у інтэрвію Радыё Свабода, што лічыць сваім абавязкам завяршыць пачатую яго сябрам справу.

Напярэдадні прэзэнтацыі дакладу Яшын паведаміў, што многія друкарні адмовіліся друкаваць даклад пад ціскам уладаў. Зрэшты, палітык выказаў упэўненасьць у тым, што гэтую праблему ўдасца пераадолець, як ня раз атрымоўвалася пераадольваць у мінулым.​

Ільля Яшын з асобнікам выдадзенага дакладу Барыса Нямцова "Пуцін. Вайна"

Ільля Яшын з асобнікам выдадзенага дакладу Барыса Нямцова "Пуцін. Вайна"

Барыс Нямцоў займаўся зборам доказаў таго, што на баку сэпаратыстаў ва Ўкраіне ваююць расейскія воінскія падразьдзяленьні. Ён таксама браў інтэрвію ў сваякоў салдат, якія загінулі на ўсходзе Ўкраіны. Пасьля забойства Нямцова паліцыя правяла ператрусы ў яго кватэры, канфіскаваўшы кампутары і іншыя носьбіты інфармацыі. Пры гэтым, як кажа Яшын, зьнікла частка сабранага Нямцовым архіва. Першы тыдзень пасьля гібелі Нямцова група на чале зь Яшыным аднаўляла згубленыя дакумэнты. Вядома таксама пра цыдулку, напісаную почыркам Нямцова і перададзеную яго памочніцы Вользе Шорынай. У ёй гаворыцца: «Са мной зьвязаліся дэсантнікі з Іванава. 17 забітых. Дэсантнікам ня плацяць грошы, але зараз яны баяцца гаварыць». Мяркуючы па ўсім, Нямцоў напісаў яе, баючыся, што за ім вядзецца назіраньне, а размовы праслухоўваюцца.

«Сьцяна страху, відаць, была самай вялікай нашай праблемай», — лічыць Яшын.

Паводле словаў Яшына, яго камандзе ўдалося зьвязацца з тымі, хто меў зносіны зь Нямцовым, аднак гэтыя людзі катэгарычна адмовіліся публічна пацьвердзіць паведамленую імі інфармацыю, якая, як падкрэсьлівае апазыцыйны палітык, была «вельмі важнай і спэцыфічнай». Яшын дадае, што забойства Нямцова прымусіла тых, з кім ён меў зносіны, быць яшчэ больш асьцярожнымі. «Сьцяна страху, відаць, была самай вялікай нашай праблемай», — лічыць Яшын, які шматкроць спрабаваў пераканаць сваіх суразмоўцаў у тым, што, выступіўшы публічна, яны хутчэй абароняць сябе, чым пагоршаць сваё становішча.

Месца прэзэнтацыі дакладу «Пуцін. Вайна» — штаб-кватэра партыі РПР-ПАРНАС, сустаршынём якой быў Барыс Нямцоў. Большая частка інфармацыі ў гэтым дакумэнце сабрана з адкрытых крыніц, таксама як і ў васьмі папярэдніх дакладах Нямцова — пра карупцыю ва ўладзе і пра падрыхтоўку Алімпійскіх гульняў у Сочы. У падрыхтоўцы дакладу ўдзельнічалі вядомы журналіст, карэспандэнт газэты «Коммерсант» Ільля Барабанаў, аўтар шматлікіх рэпартажаў з зоны ўкраінскага канфлікту, а таксама старшыня пскоўскага аддзяленьня партыі «Яблык» Леў Шлосбэрг, які быў жорстка зьбіты пасьля публікацыі ім інфармацыі пра сакрэтныя пахаваньні дэсантнікаў, якія загінулі ва Ўкраіне.

Паводле словаў Яшына, першы наклад дакладу — 3000 асобнікаў. Даклад таксама будзе разьмешчаны ў інтэрнэце. Яшын плянуе пачаць збор сродкаў на публікацыю дадатковага накладу, хоць практыка паказвае, што распаўсюджваньне такіх матэрыялаў сутыкаецца зь вельмі сур’ёзнымі цяжкасьцямі. Так, у 2010 годзе паліцыя затрымала грузавік, у якім знаходзіліся 100 тысяч копіяў дакладу пра карупцыю на працягу першых 10 гадоў знаходжаньня Ўладзімера Пуціна ва ўладзе, суаўтарам якога быў Барыс Нямцоў. Сайт, дзе быў разьмешчаны даклад, падвергнуўся кібэратакам.

«Мы разумеем, што б’ем па балючым месцы, — кажа палітык. — Наша мэта — выкрыць хлусьню. (...) Для Пуціна заўсёды вельмі непрыемна быць злоўленым на хлусьні».

Нягледзячы на тое, што апытаньні паказваюць падтрымку палітыкі Пуціна ва Ўкраіне з боку большасьці расейскага насельніцтва, Яшын упэўнены, што даклад «Пуцін. Вайна» зробіць моцны эфэкт. «Мы разумеем, што б’ем па балючым месцы, — кажа палітык. — Наша мэта — выкрыць хлусьню. Яны кажуць, што ва Ўкраіне няма расейскіх войскаў. Мы кажам, што ёсьць. Для Пуціна заўсёды вельмі непрыемна быць злоўленым на хлусьні».

Пра тое, што расейскія рэгулярныя войскі не знаходзяцца ва Ўкраіне, сам Пуцін казаў падчас прамой лініі ў красавіку. Раней ён таксама сьцьвярджаў, што расейскіх войскаў няма ў Крыме, аднак пазьней фактычна прызнаў, што схлусіў, публічна пацьвердзіўшы, што так званыя «зялёныя ветлівыя чалавечкі», якія зьявіліся на паўвостраве ў лютым 2014 году, былі менавіта расейскімі салдатамі. Масква сьцьвярджае, што любыя расейскія вайскоўцы, якія ваююць ва Ўкраіне, — гэта «добраахвотнікі, якія дапамагаюць сэпаратыстам па сваім асабістым жаданьні».

XS
SM
MD
LG