Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве прэзэнтавалі фільм пра «кібаргаў»


Кадар зь фільму "Аэрапорт"

Кадар зь фільму "Аэрапорт"

«Кібаргі вытрымалі. Ня вытрымаў бэтон», — адзін дзень з жыцьця абаронцаў Данецкага аэрапорта зафіксаваны ў дакумэнтальным фільме «Аэрапорт».

Прэм’ера дакумэнтальнай стужкі пра адзін дзень з жыцьця «кібаргаў» адбылася ўчора ў кіеўскім кінатэатры «Ўкраіна».

Ініцыятарам здымак «Аэрапорта» была адміністрацыя прэзыдэнта Ўкраіны, замоўнікам выступіла Міністэрства абароны. Паглядзець першы экранізаваны аповед пра сябе прыехалі і самі «кібаргі», а сярод іх і галоўны герой фільма — палкоўнік Аляксандар Трапак з пазыўным «Рэдут».

Абмеркаваньне фільма і прэм’ера — на 5 канале.

У цэнтры сюжэту фільма «Аэрапорт» — апавяданьні палкоўніка войскаў спэцпрызначэньня з пазыўным «Рэдут», Героя Ўкраіны Аляксандра Трапака, які ўзначаліў абарону міжнароднага аэрапорта «Данецк» імя Сяргея Пракоф’ева, і яго таварышаў — байцоў, валянтэраў, журналістаў.

Карціна паказвае адзін дзень зь іх жыцьця, а менавіта 1 кастрычніка 2014 году. Менавіта тады, паводле галоўнага героя, ён пераасэнсаваў сваё жыцьцё і зразумеў, для чаго ваюе. Акрамя «Рэдута» ў стужцы задзейнічана 17 герояў. Хранамэтраж фільма — 45 хвілінаў.

Пасьля дэманстрацыі стужкі, выступаючы са сцэны, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка запэўніў, што Данецкі аэрапорт вернецца пад украінскі кантроль і нават будзе адноўлены:

«Я не сумняваюся: мы вызвалім аэрапорт, таму што гэта — наша зямля. І мы адновім аэрапорт. І там мы зробім пад шклом рэшткі арматуры, бэтону і напішам «Слава „кібаргам!“, каб на стагодзьдзі памяць аб вашым подзьвігу жыла ў пакаленьнях украінцаў, і на вашым подзьвігу выхоўваліся пакаленьні абаронцаў Украіны».

Парашэнка вывеў на сцэну галоўнага героя фільма.

«Я ніхто і клічуць мяне ніяк без маіх хлопцаў, без маіх салдат. Першае, што я хачу зрабіць, гэта папрасіць прабачэньня ў тых, якія глядзяць на нас зьверху. Гэта 16 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія загінулі ў аэрапорце, з майго палка, зь 79-й брыгады, Крыварожскай танкавай брыгады, 93-й. Я быў там старэйшым, і гэта мая адказнасьць. Хачу папрасіць прабачэньні і ў іх бацькоў. Прыйдзе час, і я сустрэнуся з кожным зь іх і раскажу, як загінула іх дзіця», — сказаў са сцэны «Рэдут».

Абарона Данецкага аэрапорта пачалася 26 траўня 2014 году і працягвалася 242 дні. Ініцыятары фільма «Аэрапорт» запэўнілі, што гэта толькі першая частка, і наперадзе працяг экранізацыі мужнасьці ўкраінскіх абаронцаў.

XS
SM
MD
LG