Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сэпаратысты ў Данбасе згодныя стаць «аўтаномнымі рэспублікамі»


Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў

Лідэры сэпаратыстаў у захопленых імі пры падтрымцы Расеі частках Данбасу заяўляюць, што могуць пагадзіцца быць у складзе Ўкраіны, але толькі на аснове найшырэйшай аўтаноміі.

Адзін зь дзеячаў так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін заявіў, што сэпаратысты арыентуюцца на «шырокую аўтаномію з асаблівым статусам і шырокімі паўнамоцтвамі, бяз шкоды для нашых інтарэсаў» у складзе Украіны ці на «поўную незалежнасьць», што будзе немагчыма без «баявых дзеяньняў».

Паводле Пушыліна, такія два магчымыя сцэнары разьвіцьця падзей: першы — пры ўмове поўнага выкананьня менскіх дамоўленасьцяў, другі — у выпадку іх зрыву.

Пушылін дадаў, што такую аўтаномію сэпаратысты маглі б атрымаць, «напэўна, ад іншага ўраду ў Кіеве».

Пры гэтым, цытуюць Пушыліна расейскія агенцтвы, і ў выпадку такой найшырэйшай аўтаноміі ў складзе Ўкраіны гэта не адменіць існаваньня Данецкай і Луганскай «народных рэспублік», як называюць сэпаратысты свае незаконныя ўзброеныя групоўкі.

Пушылін хоча, каб канстытуцыя Ўкраіны прадугледжвала «права на самавызначэньне» і іншых рэгіёнаў краіны.

Луганскія сэпаратысты таксама гатовыя абмяркоўваць магчымасьць уласнай аўтаноміі ў складзе Украіны, паведамляе Інтэрфакс. Як сказаў адзін з кіраўнікоў групоўкі «ЛНР» Генадзь Цыпкалаў, гэта будзе магчыма толькі пасьля поўнага выкананьня Кіевам менскіх дамоўленасьцяў, у прыватнасьці, правядзеньня канстытуцыйнай рэформы.

Іншы прадстаўнік луганскіх сэпаратыстаў Уладзіслаў Дайнэга заявіў, што яго групоўка згодная на аўтаномію «ў іншай Украіне».

Ён таксама выказаўся пра «аўтаномію іншых рэгіёнаў Украіны», прыводзячы ў прыклад Закарпацьце, дзе, як ён цьвердзіць, «кажуць пра неабходнасьць аўтаноміі».

Украіна, у адпаведнасьці зь менскімі дамоўленасьцямі, прадугледзела для акупаваных асобных частак Данеччыны і Луганшчыны часовы асаблівы парадак мясцовага самакіраваньня. Ён павінен уступіць у сілу пасьля правядзеньня там мясцовых выбараў па ўкраінскім заканадаўстве, пад міжнародным наглядам і пры ўдзеле ў іх таксама вымушаных перасяленцаў з тых тэрыторый. Прэзыдэнт Пётар Парашэнка заяўляў, што ні пра якую фэдэралізацыю Ўкраіны ня можа быць і гаворкі, а ў плянаванай канстытуцыйнай рэформе гаворыцца пра дэцэнтралізацыю паўнамоцтваў паміж цэнтрам і рэгіёнамі.

Пра нібыта патрабаваньне «падкарпацкіх русінаў» у Закарпацкай вобласьці прызнаць аўтаномію гэтага краю паведамлялі ў сярэдзіне сакавіка расейскія СМІ.

Старшыня Народнай рады русінаў Закарпацьця Яўген Жупан абверг гэта паведамленьне і растлумачыў, што расейскія СМІ працытавалі заяву нейкага Пятра Гецка — які «апошнія 3-5 гадоў ня быў на Закарпацьці, але цягам 2014 году актыўна фігураваў у прапагандысцкіх сюжэтах расейскіх СМІ пра забурэньні ва Ўкраіне і сэпаратызм у Закарпацьці». Гецка яшчэ з 28 красавіка мінулага году знаходзіцца ў вышуку па падазрэньні ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

XS
SM
MD
LG