Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крэдыты з Кітаю складуць 3,5 мільярда даляраў


Міністэрства фінансаў Беларусі ўдакладніла, што падчас візыту старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Менск дасягнутыя крэдытныя дамоўленасьці агулам амаль на 3,5 млрд даляраў ЗША.

Пагадненьні ў крэдытна-інвэстыцыйнай сфэры плянуецца рэалізаваць цягам 15 гадоў.

Мінфін Беларусі падпісаў з Экспартна-імпартным банкам Кітаю два крэдытныя пагадненьні аб наданьні кітайскім банкам ільготных крэдытаў на 12–15 гадоў у суме каля 330 млн даляраў ЗША. Яны пойдуць на інвэстпраекты «Будаўніцтва інжынэрнай і транспартнай інфраструктуры стартавай зоны паўночнай пляцоўкі тэрыторыі першачарговага асваеньня кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „пад ключ“» і «Арганізацыя вытворчасьці па зборцы легкавых аўтамабіляў на 2012–2030 гг.» (СЗАТ «БелДжы»).

Акрамя таго, на будоўлю заводу па зборцы легкавых аўтамабіляў паміж СЗАТ «БелДжы» і Экспартна-імпартным банкам Кітаю заключана крэдытнае пагадненьне аб наданьні СЗАТ «БелДжы» 10-гадовага крэдыту амаль на 88 млн даляраў ЗША пад гарантыю кітайскай карпарацыі «Джылі», паведамляе прэс-служба Міністэрства фінансаў Беларусі.

Пад гарантыі беларускага ўраду Дзяржаўны банк разьвіцьця Кітаю падпісаў з ААТ «АСБ Беларусбанк» і ААТ «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» дзьве 15-гадовыя крэдытныя лініі для праектаў у транспартнай сфэры, энэргетыцы, прамысловасьці, інфраструктуры, а таксама сэктары малога і сярэдняга бізнэсу Беларусі агулам на 1 млрд даляраў ЗША.

Таксама пад гарантыі ўраду Беларусі дзяржаўнае аб’яднаньне «Беларуская чыгунка» падпісала з Экспартна-імпартным банкам Кітаю тры 12—15-гадовыя крэдытныя пагадненьні для комплекснага разьвіцьця Беларускай чыгункі агулам больш як на 175 млн даляраў ЗША з мэтай фінансаваньня шэрагу праектаў. Яны дапамогуць абнавіць рухомы склад Беларускай чыгункі і набыць 18 электравозаў, а таксама электрыфікаваць чыгунку Маладэчна — Гудагай — дзяржаўная мяжа.

Дзеля рэалізацыі канцэпцыі «Эканамічны пояс Шаўковага шляху» дзяржаўнае аб’яднаньне «Беларуская чыгунка» і Экспартна-імпартны банк Кітаю падпісалі рамачнае пагадненьне аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве ў разьвіцьці інфраструктуры беларускай чыгункі. На гэта пойдуць крэдыты амаль на 500 млн даляраў ЗША пад гарантыі беларускага ўраду.

Міністэрства фінансаў Беларусі, Дзяржаўны банк разьвіцьця Кітаю, «АСБ Беларусбанк» і «Слаўкалій» падпісалі мэмарандум, які прадугледжвае выдзяленьне «АСБ Беларусбанку» гарантаванага беларускім урадам крэдыту да 1,4 млрд даляраў ЗША. Ён пойдзе на будоўлю ў Беларусі новага горна-ўзбагачальнага комплексу на сыравіннай базе Нежынскага ўчастку Старобінскага радовішча калійных соляў.

Таксама Міністэрства фінансаў Беларусі і незалежнае кітайскае рэйтынгавае агенцтва «Дагун» падпісалі мэмарандум, які прадугледжвае супрацоўніцтва дзеля фармаваньня ў Беларусі нацыянальнай рэйтынгавай індустрыі, прадстаўленьня незалежнай аб’ектыўнай ацэнкі крэдытаздольнасьці беларускіх арганізацыяў і сумесных беларуска-кітайскіх праектаў, а таксама выхаду Беларусі на фінансавыя рынкі кантынэнтальнага Кітаю і адмысловага адміністрацыйнага раёну Ганконгу.

Раней БелТА паведаміла, што Кітай выдзеліць Беларусі больш за 7 мільярдаў даляраў крэдытаў.

XS
SM
MD
LG